На ўсход да граніцы, на захад ад дому

Уражанні беларуса ад падарожжа па Падляшшы.

Супрасль. Манастыр з царквой абарончага тыпу, як у Сынкавічах ці Маламажэйкаве

Дзесці ў беларускім пабліку быў прачытаў, што эмігрантам, якія сумавалі за домам, раілі наведаць Падляшша, бо яно шмат у чым нагадае родны край. І асабіста ў гэтым пераканаўся, здзейсніўшы невялікае падарожжа па рэгіёну.

Напачатку красавіка сяброўка з Беластоку прапанавала на некалькі гадзін уцячы з горада. Паехалі, перад усім, у Супрасль. Людзі прыяжджаюць сюды паглядзець манастыр з царквой абарончага тыпу, як у Сынкавічах ці Маламажэйкаве, а таксама шыкоўны музей праваслаўных ікон, сабраных з розных рэгіёнаў краіны. Ёсць сярод іх як напісаныя згодна з візантыйска-рускім канонам, так і прывезеныя з паўднёвых рэгіёнаў Польшчы, падобных да ікон, што можна спаткаць у былых уніяцкіх храмах у Беларусі. 

Мястэчка Супрасль выглядае так, як шэраг беларускіх мястэчкаў такога ж памеру – з праваслаўнымі і каталіцкімі святынямі, драўлянай і цаглянай забудовай ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. Але тыя апошнія маглі б пазайздросціць Супраслю яго добрых ходнікаў, крамаў і рэстаранам. З’еўшы абед у адным з іх рухаемся далей у бок Крынак. Па дарозе праяжджаем будаўнічую тэхніку. Сяброўка кажа, што будуць пракладваць новую сцежку для раварыстаў, і адначасова расказвае, што Падляшша папулярна сярод турыстаў з заходняй Еўропы, якіх вабіць сюды прыгожая прырода і магчымасць адпачыць „на краю цывілізацыі”. Аглядаючы з вакна аўтамабіля мясцовыя краявіды, узараныя палі, лясы, хаткі ў вёсках, жураўлёў у полі пад Востравам, мімаволі думаеш, што едзеш па адной з перыферыйных дарог недзе на Гарадзеншчыне.

У Крынках, што ляжаць зусім побач з граніцай, затрымліваемся ненадоўга. Тут таксама не пакідае адчуванне, што знаходзішся недзе ў малым гарадку на радзіме. Бо такая ж сонная цішыня, такія ж старыя камяніцы ў цэнтры, у якіх, відавочна, да сусветнай вайны жылі яўрэі. Захаваўся таксама будынак сінагогі, які нядаўна адрэстаўравалі, падобны нечым да сінагог у Валожыне ці ў Пінску.

Падчас шпацыру па гораду сяброўка паказвае хату, у якой жыў „пеўца Крынак” – Сакрат Яновіч – мясцовы пісьменнік і перакладчык, які публікаваўся па-беларуску, а на польскую мову перакладаў, між іншым, творы Янкі Брыля. Далей пешшу ідзем пабачыць крынкаўскую царкву і вяртаемся да аўтамабіля. Напрыканцы шпацыру хочам зазірнуць у невялічкую краму, але яна зачынена – і зноў тут надыходзяць успаміны – бо вельмі часта крамы ў падобных мястэчках на ўсход ад мяжы маюць свой местачковы графік працы, вядомы толькі тутэйшым.

Пасля Крынак накіроўваемся ў Крушыняны. Па дарозе бачу стары драўляны млын і не магу ўтрымацца, каб не паглядзець яго бліжэй і прашу спыніцца на пару хвілін. У Беларусі таксама не бракуе яшчэ старых вадзяных млыноў, але каб з дрэва, то захаваліся напэўна адзінкі, або толькі мураваныя падмуркі. А гэты, хаця і не ў найлепшым стане, але стаіць. Маю надзею, дачакаецца аднаўлення.

Вось, уяжджаем у Крушыняны, даўнюю татарскую вёску. Дзень пахмурны, ідзе халодны дождж і людзей амаль не відаць. Але сяброўка кажа, што вёска жывая і нават татары з Заходняй Еўропы набываюць тут хаты і адбудоўваюць іх. На галоўнай вуліцы мяняюць дарожнае пакрыццё, дзякуючы чаму пад знятым старым асфальтам можна пабачыць брукаванку. Такія брукаванкі шмат яшчэ дзе захаваліся ў вёсках Гарадзеншчыны. Шмат хто з раварыстаў і кіроўцаў наракаюць на іх, але як па мне, то брукаванка надае вёсцы асаблівы каларыт. Галоўная адметнасць Крушынянаў гэта мячэць, стоячы каля якой, адчуваеш сябе быццам бы ў Навагрудку ці Іўі. Брукаванка вядзе ад мячэці да мізару – татарскіх могілах – традыцыйна размешчанага ў лесе. Яшчэ ў гэтай вёсцы можна пабачыць музей татарскай культуры і нават купіць сувеніры ў краме – у беларускіх вёсках гэта рэдка дзе сустрэнеш.

Крушыняны. Стоячы каля мячэці, адчуваеш сябе быццам бы ў Навагрудку ці Іўі

Апошнім пунктам падарожжа стаў Грудак. Па беларусіх мерках гэта вельмі вялікая вёска, тут пражывае каля трох тысячаў жыхароў. У Грудку мяне зацікавіла, перад усім, мясцовая царква Раства Багародзіцы. І нават не сам будынак, але дата пачатку будаўніцтва – 1946 год. Бо ў Беларусі ў тыя часы людзі сваіх дзяцей хрысцілі патаемна, часта ноччу, а пра тое, каб збудаваць новы храм, не было нават мовы. А тут, у Польшчы, аказваецца, можна было, нават у камуністычныя часы. Пра гісторыю царквы ў Грудку можна даведацца з інфармацыйнай табліцы на польскай і беларускіх мовах. Такія можна спаткаць хіба толькі на Падляшшы. Насупраць царквы знаходзіцца рэстаранчык са стравамі мясцовай кухні, таксама, дарэчы, з шыльдай на двух мовах.

Гарадок. Царква пабудаваная ў 1966 г. У Беларусі ў тыя часы, каб збудаваць новы храм, не было нават мовы

Час ляціць хутка, з Грудка трэба вяртацца ў Беласток. Па дарозе думаю, што няблага было б потым паглядзець іншыя падляшскія вёскі і мястэчкі, і перажываю супярэчлівые эмоцыі, бо тут адчуваеш сабе амаль як на сваёй малой радзіме і адначасова далёка.

Сяргей Александровіч, czasopis.pl