
Былы банкір, прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта і былы палітвязень Віктар Бабарыка зараз шукае працу. Як зазначае палітык, ён абсалютна ўпэўнены ў тым, што каб працаваць на палітычным полі, трэба мець нейкі заробак. І толькі тады можна працаваць без уласнай карысці на гэтым полі.
Кажа Віктар Бабарыка:
– Я шукаю і спадзяюся, што знайду. Было вельмі цікава, што тыя ідэі, якія былі ў нас да 20-га года, зараз яны актуальныя. І я спадзяюся, што можа ў траўні ці ў наступным месяцы гэтае пытанне вырашыцца.
Як зазначыў Віктар Бабырыка, у яго была ідэя стварыць банк для эмігрантаў, але пасля размовы са знаёмымі фінансістамі, ён вырашыў ад яе адмовіцца:
– Аказалася, што смыслу няма. Лозунг, які быў сказаны Белдзяржпрабанкам ў канцы 10-х гадоў: мы заб’ём усе банкі і застрэлімся апошнімі, ён, аказваецца, правільны. Таму ствараць банк, які трэба адразу застрэліць, сэнсу няма ніякага.
Паводле Віктара Бабарыкі, зараз абмяркоўваецца іншая сістэма прынцыпаў фармавання фінансавага інстытута і рашэння праблем у рамках фінансавых інстытутаў па-за межамі традыцыйнага банкаўскага бізнесу. Таму ідэя банка для эмігрантаў не мае перспектывы, а вось касу ўзаемадапамогі магчыма стварыць.
