Віншуем Лілію Плыгаўку!

9 траўня юбілей адзначае доктар філалагічных навук Лілія Плыгаўка!

Унёсак шаноўнай спадарыні Ліліі ў тое, што сёння беларускую мову можна так часта пачуць у Літве, прычым не толькі ад беларусаў, каласальны.

Усё сваё жыццё яна прысвяціла даследаванню, выкладанню і папулярызацыі беларускай мовы. Узначальвала кафедру беларускай мовы і літаратуры ў тады яшчэ Віленскім педагагічным універсітэце (сёння – Акадэмія асветы ўніверсітэта Вітаўта Вялікага) і больш за 25 гадоў кіравала Цэнтрам беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры. Узначальвала Літоўскую асацыяцыю беларусістаў. Была сябрам Вялікай Рады Згуртавання беларусаў свету „Бацькаўшчына“.

Менавіта дзякуючы працы Ліліі Плыгаўкі і яе калег у Вільні паўстала беларуская гімназія імя Францыска Скарыны.

У 2024 годзе спадарыня Лілія была ўганаравана срэбным медалём пашаны «За заслугі» ад Дэпартамента нацыянальных меншасцяў Літвы.

Сёння спадарыня Лілія нястомна працягвае ладзіць дыстанцыйныя і асабістыя курсы, кансультуе беларускія адукацыйныя ініцыятывы, працягвае даследванні, удзельнічае ў навуковых канферэнцыях і беларускіх мерапрыемствах.

Ад усяго сэрца віншуем дарагую юбілярку са святам! Зычым ёй моцнага здароўя, натхнення і плёну ў такой важнай для ўсіх нас працы!

ЗБС „Бацькаўшчына“