
Падчас афіцыйнай прэс-канферэнцыі Выбарчай камісіі Каардынацыйнай Рады была пацверджана стабільная праца платформы электроннага галасавання. Нягледзячы на працяглыя кібератакі і перагрузкі інфраструктуры, сістэма была запушчана і працягвае прымаць галасы выбаршчыкаў.
Старшыня Выбарчай камісіі КР Алена Прыходзька адзначыла, што запуск адбыўся пасля шэрагу тэхнічных праверак і ўзмацнення абароны:
– Шчыра віншую вас са стартам. Ён быў няпростым і цікавым. Але ён адбыўся. Людзі ўжо галасуюць. Платформа працуе, сайт працуе.
Пра адказнасць самой камісіі ва ўсёй сітуацыі кажа сябра Выбарчай камісіі КР Алена Жываглод:
– Мы разумеем зараз, што гэта адказнасць выбарчай камісіі, цалкам усяго складу выбарчай камісіі, адносна парушэння тэрміну галасавання. Гэта таксама адказнасць камісіі данесці інфрмацыю пра змены, як працуе зараз платформа, каб гэта было зразумела і для грамадскасці.
Выбарчая камісія плануе бліжэйшым часам рэкамендаваць Каардынацыйнай Радзе падоўжыць тэрміны галасавання, каб забяспечыць роўны доступ для ўсіх выбаршчыкаў. Таксама абвешчана, што апублікавана падрабязная інструкцыя па галасаванні праз мабільную аплікацыю.
Для зваротаў, скаргаў і паведамленняў пра праблемы на выбарах у КР працуе кантактная пошта: office@radavoting.com
