З нагоды 105-й гадавіны ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі вырашылі ўзгадаць у нашай падборцы некалькі спеваў-сучаснікаў гэтай гістарычнай падзеі, песні на словы тых, хто непасрэдна ўдзельнічаў у працэсе атрымання дзяржаўнасці беларусамі не на апошніх ролях, і некалькі трэкаў сучасных беларускіх музыкаў, напісаных з нагоды 25 сакавіка як даніну памяці і павагі.
1. «Не загаснуць зоркі ў небе» — на словы Янкі Купалы, музыка Міколы Янчука
Песня рэвалюцыйна настроенай беларускай моладзі на верш Янкі Купалы, напісаны ў 1911 годзе да пятай гадавіны выдання «Наша Ніва». Выконвалася як гімн беларускіх патрыётаў яшчэ да зацвярджэння гімнам БНР «Ваяцкага маршу». Музыку напісаў Мікола Янчук, паводле некаторых звестак, разам з Міколам Равенскім, якога мы яшчэ сёння ўзгадаем.
2. «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» — словы Макар Краўцоў, музыка Уладзімер Тэраўскі
Ужо пасля абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў 20-х гадах шырока распаўсюдзіўся гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» паводле верша паэта, настаўніка, журналіста, сябра рады БНР Макара Краўцова «Ваяцкі марш», апублікаванага ў 1919 годзе, які на музыку паклаў Уладзімір Тэраўскі. «Ваяцкі марш» быў зацверджаны як гімн Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1920 годзе, ён выкарыстоўваўся падчас Слуцкага збройнага чыну, непасрэдным удзельнікам якога быў і Макар Краўцоў. Музыка Уладзіміра Тэраўскага вядомая кожнаму беларусу з песні «Купалінка», але не яе, а менавіта «Ваяцкі марш» ён лічыў сваёй візітоўкай: у сваім «Беларускім спеўніку», выдадзеным у 1921 годзе, ён змясціў яго першым. Вядома, што абодва аўтары гімна БНР былі закатаваныя падчас сталінскіх рэпрэсіў канца 1930-х. Але песня гучала, і ў міжваенны час, і падчас Другой сусветнай вайны стала гімнам Саюза беларускай моладзі, і зараз гучыць па ўсім свеце, дзе жывуць беларусы, якія памятаюць свае карані.
3. «Магутны Божа» — словы Наталлі Арсенневай, музыка Міколы Равенскага
З часоў Другой сусветнай вайны побач з гімнам БНР гучыць і беларускі духоўны гімн — песня «Магутны Божа» на знакаміты верш Наталлі Арсенневай «Малітва» і музыку Міколы Равенскага. Верш быў напісаны ў 1943 годзе, а Мікола Равенскі паклаў яго на музыку ў 1947-м. Паваенная эміграцыя спявала гэты гімн ва ўсіх беларускіх установах па ўсім свеце не толькі рэлігійных, але і пасля кожнага нацыянальна-культурніцкага мерапрыемства, дзе выконваўся і «Ваяцкі марш» як гімн БНР. Так дайшлі побач і да нашых дзён два гімны: дзяржаўны і духоўны, якія варта ўзгадаць сёння з нагоды гістарычнай даты.
4. «Ты, мой брат, каго зваць Беларусам» — Вальжына Цярэшчанка (на словы Алеся Гаруна)
Далей прапануем узгадаць некалькі песняў, напісаных на словы сучаснікаў і непасрэдных удзельнікаў падзеяў 1918 года. Адным з іх з’яўляецца Аляксандр Прушынскі, ён жа Алесь Гарун, сябра Беларускай вайсковай камісіі, кіраўнік Часовага беларускага нацыянальнага камітэта, які ўключаў і чальцоў Рады БНР. Апроч сваёй актыўнай грамадскай дзейнасці, Алесь Гарун быў выбітным паэтам і ў сваіх творах таксама закранаў найбольш значную на той час праблематыку самавызначэння народа, вяртання і адраджэння колішняй велічы тутэйшай зямлі. Акурат у 1918-м выйшаў ягоны зборнік «Матчын дар», найбольш характэрны верш з якога «Беларусам у чатырохлецце Нашай Нівы» праспявала Вальжына Цярэшчанка на сваім альбоме «Хтось крануўся крылаў», выдадзеным у 2003 годзе.
5. «Жыць для Беларусі. Мелёдыка паэзіі» — песні беларускіх музыкаў на словы Ларысы Геніюш
Варта сёння ўзгадаць і выдатную складанку-прысвячэнне, выдадзеную ў 2005 годзе, дзе беларускія музыкі спяваюць на словы Ларысы Геніюш. Чаму сёння? А таму што Ларыса Геніюш апроч таго, што з’яўлялася выбітнай паэткай з непахіснай грамадзянскай пазіцыяй, у 1943 годзе паводле апошняга распараджэння прэзідэнта БНР Васіля Захаркі была прызначана Генеральным сакратаром Урада Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнанні. Яна захавала і ўпарадкавала архіў БНР, апекавалася беларускімі эмігрантамі, палітычнымі ўцекачамі і ваеннапалоннымі. Найбольш каштоўную частку архіву яна пераправіла ў недасягальнае для савецкіх карных органаў месца, праз што прайшла ціск, допыты, катаванні, але звестак пра архіў так і не выдала.
6. «Сынкі мае!» — Андрэй Мельнікаў (словы Алесь Змагар)
Далей узгадаем песню Андрэя Мельнікава на словы ўдзельніка Слуцкага паўстання, у 1949 годзе выконваючага абавязкі першага сакратара Рады БНР у выгнанні, выбітнага беларускага паэта і нацыянальнага дзеяча Аляксандра Яцэвіча, які больш вядомы пад псеўданімам Алесь Змагар. Верш прысвечаны таксама падзеям, якія адбываліся ў час утварэння БНР, і актыўнаму іх ўдзельніку Станіславу Булак-Балаховічу, які пэўны час узначальваў асобны атрад войска БНР. Верш напісаны ў лістападзе 1920 года, акурат у час, калі пачалося антыбальшавіцкае паўстанне на Случчыне.
7. «Станіслаў Булак-Балаховіч» — Алесь Дзянісаў (на словы Алеся Чобата)
Песня з сольнага альбома Алеся Дзянісава «Кароткая гісторыя Беларусі», запісанага ў 2017 годзе на словы паэта са Скідзеля Алеся Чобата. Альбом праводзіць слухача праз усю гісторыю Беларусі, згаданая песня, як і папярэдняя, таксама прысвечана Станіславу Булак-Балаховічу, хоць і неадназначнай постаці ў беларускай гісторыі, але вельмі важнай і для прызнання БНР паўнавартаснай дзяржавай з уласным войскам, да стварэння якога Булак-Балаховіч, гісторыкам яшчэ спрачацца з якіх прычынаў, але ж спрычыніўся.
8. «БНР (Незалежна Беларусь)» — Piarevaracien
Далей пяройдзем да песняў-прысвячэнняў і больш святочнай часткі. Аматарам фолк-металу даспадобы прыйдзецца трэк «БНР» гурта Piarevaracien з альбома 2008 года «Торны шлях», словы якога адсылаюць да шанавання тых, хто здабываў незалежнасць нашай краіне, да іх каштоўнасцяў ды веры. Паводле сваёй музычнай часткі трэк — трушны фолк-метал для аматараў олдскульнага гучання, са сваёй арыгінальнай атмасферай, задуменны, таямнічым, лірычным уступам і драйвовай кодай. Гурт сумясціў гучанне акустычных інструментаў і цяжкіх гітараў, народных матываў і класічнага металу.
9. «Героі не паміраюць» — Лявон Вольскі
Цягам апошніх некалькі год, бадай на кожны Дзень Волі, Лявон Вольскі робіць падарунак сваім слухачам у якасці новага трэку, відэа ці канцэрту. Так і пяць год таму да стагоддзя БНР, якое маштабна святкавалася па ўсёй краіне, Лявон Вольскі запісаў лірычную песню «Героі не паміраюць», прысвечаную ўсім тым, хто змагаўся, будаваў, набліжаў, верыў, спадзяваўся і любіў. «Усім тым, хто быў задоўга да нас, тым, хто ішоў поруч з намі, і тым, хто пойдзе па гэтым шляху пасьля нас», — выказаўся музыка з нагоды тагачаснага рэлізу.
10. «25 сакавіка» — Зміцер Вайцюшкевіч
У 2020 годзе з нагоды 102-й гадавіны са дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі і Зміцер Вайцюшкевіч прэзентаваў свой драйвовы трэк, прысвечаны значнай даце. Словамі для песні музыка абраў верш Уладзіміра Някляева, калабарацыі з якім у спевака атрымліваюцца выключна ўдала. Яшчэ з нагоды свята таксама раім узгадаць і ранейшы, больш лірычны трэк Змітра Вайцюшкевіча, прысвечаны Дню Волі — «Беларусь Жыве!» — таксама на верш Уладзіміра Пракопавіча, напісаны дзесяць год таму.
Святкуйма разам і слухайма беларускую музыку!