
4 чэрвеня ў Лёндане зьбіраецца сустрэча парлямэнтароў эўрапейскіх краін, якія ўваходзяць у дэпутацкія групы «За дэмакратычную Беларусь».
Гэта ўжо чацьвёрты іх форум з часу ўтварэньня Альянсу ў 2023 годзе. Раней дэпутаты нацыянальных парлямэнтаў, якія дапамагаюць дэмакратычнай Беларусі, зьбіраліся ў Бэрліне, Рыме і Парыжы. У Лёндане сябры альянсу «За дэмакратычную Беларусь» сустракаюцца ў будынку брытанскага парлямэнту ў гістарычным раёне Ўэстмінстэр.
«Стратэгічная мэта Альянсу — спрыяць дэмакратызацыі Беларусі, тактычная мэта — рабіць максымум, каб Беларусь заставалася ў міжнародным парадку дня», — зазначыў напярэдадні падзеі ў размове з Свабодай дарадца беларускай дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе і парлямэнцкай супрацы Анатоль Лябедзька.
Альянс ужо аб’ядноўвае больш за 300 дэпутаў, у яго ўваходзяць групы падтрымкі дэмакратычных зьменаў у Беларусі з 24 нацыянальных парлямэнтаў і міжнародных парлямэнцкіх арганізацыяў. Лябедзька чакае, што на сустрэчу ў Лёндане зьбяруцца 45 дэпутатаў з 10 парлямэнтаў і парлямэнцкіх арганізацый. Гэта крыху менш, чым было летась у Парыжы і Рыме.
«Чэрвень — ня вельмі ўдалы месяц для такіх сустрэч, але адкладаць няма магчымасьці, а абмеркаваць ёсьць што. Сустрэча будзе мабільнай і ўкладзецца ў адзін дзень, таму парадак дня будзе шчыльным. Некаторыя дэпутаты да нас раніцай прылятуць і ў той жа дзень ужо адлятуць, бо такія ў іх графікі працы», — расказаў Свабодзе Анатоль Лябедзька.
«Пазытыўная альтэрнатыва»
Анатоль Лябедзька вызначыў фармат сустрэчы як «парлямэнцкі стратэгічны дыялёг аб Беларусі» і патлумачыў, як пройдзе дыскусія.
«Традыцыйна будзе дзьве часткі: напачатку абмяркуем, што адбылося ў нашай працы ад часу папярэдняй сустрэчы, а пасьля пачнуцца асобныя панэльныя дыскусіі. Гэтым разам асноўная тэма дыскусіі — „Пазытыўная альтэрнатыва“. Абмяркуем, якой мусіць стаць Беларусь у постлукашэнкаўскі пэрыяд. Самі брытанцы прапанавалі гэтую тэму, што для нас таксама вельмі важна. Гэта мае паказаць, што мы не жывем толькі сёньняшнім днём, а рыхтуемся да магчымых пераменаў. У рамках дыскусіі абмяркуем, якія мэты ставім, якая ў нас актуальная задача, як будзем рэалізаваць праекты, якія ў нас распрацаваныя, у тым ліку праект новай Канстытуцыі. Будуць прэзэнтаваныя праект эканамічнай рэформы, праект закону аб люстрацыі ды іншыя. Усяго ўжо падрыхтаваныя 14 такіх праектаў законаў, накіраваных на дэмакратычую рэформу краіны», — сказаў Анатоль Лябедзька.
Паводле беларускага палітыка, заключная частка форуму будзе прысьвечана плянам на будучыню.
Хто запрасіў і прымае альянс «За дэмакратычную Беларусь» у Ўэстмінстэры?
Паводле Анатоля Лябедзькі, прымаюць сустрэчу дзьве інстытуцыі брытанскага парлямэнту: яго ўласная парлямэнцкая група «За дэмакратычную Беларусь» і дэлегацыя парлямэнту Брытаніі ў Міжпарлямэнцкім зьвязе.
«Яны і ўзялі на сябе фінансавыя выдаткі, каб у Лёндан даехалі прадстаўнікі беларускага боку. Дэлегацыя выступае і суарганізатарам сустрэчы разам з офісам Сьвятланы Ціханоўскай. Мадэратарамі дыскусіяў будуць брытанскія парлямэнтары, а сярод сьпікераў назаву былога старшыню Канстытуцыйнага суду Літвы Дайніюса Жалімаса, дэпутата Вярхоўнай Рады Ўкраіны Аляксея Ганчарэнку, кіраўніка юрыдычнай службы Офісу Ціханоўскай Леаніда Марозава, праект эканамічнай рэформы прэзэнтуе Аліса Рыжычэнка з Аб’яднанага пераходнага кабінэту», — паведаміў Анатоль Лябедзька.
Вызваленьне палітвязьняў застаецца ў прыярытэце
Асноўнай тэмай папярэдніх сустрэчаў у Парыжы і Рыме было вызваленьне беларускіх палітвязьняў. Паводле Анатоля Лябедзькі, гэтая тэма не адыйдзе ў бок і на сустрэчы ў Лёндане.
«Калі пойдзе гаворка пры вынікі году, можна будзе згадаць апошні прыклад з Украіны. Дзякуючы групе, якая зьявілася у Вярхоўнай Радзе, ва Ўкраіне распачалася праца дзеля лябіяваньні інтарэсаў беларусаў, якія там знаходзяцца з пратэрмінаванымі пашпартамі. Мэта — каб такія пашпарты працягвалі дзейнічаць, бо замяніць іх на радзіме ў нашых суайчыньнікаў магчымасьці няма. Дэпутаты з групы „За дэмакратычную Беларусь“ зрабілі адмысловы зварот ва ўрад краіны і будуць лябіяваць разьвязаньне гэтага няпростага пытаньня», — запэўніў Лябедзька.
Таксама, паводле зьвестак палітыка, ва Ўкраіне зьявяцца сымбалічныя хросныя палітвязьняў, якія сядзяць у беларускіх турмах за падтрымку Ўкраіны.
«Раней гэтага не было. То бок дзякуючы групам, якія складаюць Альянс, мы спрабуем разьвязваць пэўныя пытаньні, у тым ліку салідарнасьці і падтрымкі палітвязьняў. Гэта заўсёды застаецца. Фактычна ўсе дэпутаты — сябры групаў Альянсу адначасова сымбалічныя хросныя беларускіх палітвязьняў: пішуць ім лісты, наколькі мага кантактуюць з сваякамі, удзельнічаюць у акцыях падтрымкі, складаюць звароты ў міжнародныя структуры, што таксама вельмі важна», — зазначае Анатоль Лябедзька.
Пэрспэктыва пашырэньня альянсу
Паводле Анатоля Лябедзькі, Альянс групаў «За дэмакратычную Беларусь» з 350 дэпутатаў нацыянальных парлямэнтаў, якія уваходзяць ў групы падтрымкі Беларусі, працягвае расьці.
«Усе працуюць добраахвотна і бясплатна. Гэта вялікі патэнцыял», — кажа Анатоль Лябедзька. Паводле яго, сёлета пачалася праца дзеля стварэньня групы «За дэмакратычную Беларусь» у Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.
«Там Альянс пакуль не прадстаўлены, затое ёсьць прадстаўнікі фэйкавага лукашэнкаўскага парлямэнту. Таму мы распачалі там працу, якую, мяркую, завершым у ліпені стварэньнем групы „За дэмакратычную Беларусь“ ПА АБСЭ. Разьлічваем, што плюс-мінус 30 дэпутатаў увойдуць у такую групу».
На сустрэчы ў Рыме, якая адбылася год таму, заяўлялі аб плянах стварыць групу «За дэмакратычную Беларусь» у парлямэнце Альбаніі, але пакуль гэтага не ўдалося.
«У Альбаніі здарыўся парлямэнцкі крызіс, новыя выбары зьмянілі сытуацыю. Але мы працягваем камунікацыі і не адмовіліся ад плянаў. Альбанія ў групе краін, з якімі ёсьць кантакты і працягваецца праца, — такіх яшчэ дастаткова. Цяпер актыўна вывучаем сытуацыю ў Вугоршчыне, бо там пасьля выбараў сытуацыя зьмянілася і шанцы на стварэньне групы вялікія», — паведаміў Анатоль Лябедзька.
Паводле палітыка, наступная сустрэча парлямэнтароў заплянаваная на студзень 2027 году ў Нарвэгіі, дзе Альянс «За дэмакратычную Беларусь» будзе госьцем Стортынгу — парлямэнту гэтай скандынаўскай краіны.
