«Паступаюць пагрозы проста на месцы». Студэнт ЕГУ пра ператрусы, незадаволенасць рэакцыяй ВНУ і парады для тых, хто ў Беларусі

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільні, Літва. Фота: ehuniversity.lt

Чарада рэйдаў сілавікоў па «справе ЕГУ» пракацілася па Беларусі на мінулым тыдні, прычым прыходзілі і да выпускнікоў, распавёў «Белсату» студэнт факультэту права 3 курсу, валанцёр «Вясны» Артур Баран. І, хоць хваля спала, вобшукі і выклікі «на размову» не скончыліся. Малады чалавек паведаміў, што вядома пра самі ператрусы ў Беларусі, чым не задаволеныя студэнты ў камунікацыі з кіраўніцтвам ВНУ і як сябе абараніць.

Сілавікі спрабуюць знайсці сувязь з ЕГУ

Артур Баран распавядае, што, хоць сілавікі прыходзілі да ягоных сяброў, самога яго гэта не закранула. Пры гэтым пад рызыкай – усе людзі, якія зараз ці раней былі звязаныя з ЕГУ. Асабліва – цяперашнія студэнты, якія яшчэ некалькі гадоў таму, падчас актыўнай фазы пратэстаў ці ў пачатку поўнамаштабнай вайны ўвогуле былі падлеткамі і ні ў чым не ўдзельнічалі.

«Што зараз адбылося: людзям, якім у 2020-м было 13-14 гадоў, раптам заявілі: калі вы вучыцеся ў ЕГУ, вы экстрэмісты і тэрарысты, вас можна судзіць па крымінальных артыкулах.

Пры гэтым людзі малаінфармаваныя, і адчуваецца, што не заўсёды разумеюць, што адбываецца. Напрыклад, калі нехта піша яўку з павіннай, не думае, што фактычна можа сам змяніць свой статус са сведкі на падазраванага», – кажа суразмоўца.

Падчас вобшукаў сілавікі шукаюць дакументы, пацвярджаючыя сувязь з ЕГУ, квітанцыі аб аплаце навучання. Гэта праблема, бо людзі не заўсёды памятаюць, якія старыя дакументы могуць быць у іх удома. Некаторыя нават не ўяўляюць, што забытая раней падчас паездкі дамоў квітанцыя можа прывесці да кепскіх наступстваў.

«Таму, так, перыядычна знаходзяць нейкія чэкі, бывае, у паведамленнях мэсэнджараў паміж бацькамі і дзецьмі – дамовы з ВНУ. Далей кажуць пра нейкае фінансаванне [экстрэмісцкай арганізацыі], высвятляюць, ці было яно. Запытваюць, як аплачвалася навучанне, і нават былі выпадкі, калі сілавікі самі выдумлялі нейкія аплаты – маўляў, з карты іншаземнага банку была праведзеная трансакцыя, мы пра яе ведаем, распавядзіце падрабязней. І бывае, што бацькі ўвогуле не ведаюць пра існаванне такога банку. Вядома, КДБ спрабуе зрабіць так, каб чалавек агаварыў сябе».

Прыходзяць нават да выпускнікоў

Па тых кейсах, што адбыліся і вядомыя праваабаронцам, Артур адзначае, што ў выпадках, калі студэнт за мяжой і вобшук праходзіць у ягоных бацькоў, у большасці выпадкаў «усё праходзіць лепей», чымся, напрыклад, калі гэта завочнік, які сутыкаецца з сілавікамі сам.

«У сваякоў ператрус праходзіць дастаткова мірна. У саміх студэнтаў часцей усё больш жорстка: паступаюць пагрозы проста на месцы і чаго толькі няма. Яшчэ ў гэтых справах сілавікі часта звоняць з тэлефонаў бацькоў іхным дзецям, правакуюць, пачынаюць перамовы», – кажа суразмоўца.

Паводле яго, КДБ шукае і тых, хто ўжо адлічыўся з установы, – у былых студэнтаў запытваюць даведку аб адлічэнніі, часта яшчэ і клічуць прыехаць у Беларусь. Таксама прыходзяць нават да тых, хто раней выпусціўся з установы.

«На мой погляд, выпускнікі – адна з самых уразлівых груп: яны не свецяцца на радарах, пра іх цяжка пачуць інфармацыю. Мы ведаем, што ў іх патрабуюць дыплом».

Студэнты не задаволеныя рэакцыяй і падтрымкай адміністрацыі

Як агулам адчуваюць сябе студэнты цягам гэтых месяцаў? Нехта ўпадае ў ступар і не ведае, што рабіць, распавядае Артур. Нехта спрабуе перавесціся ў іншую ўстанову, хаця гэта, як адзначае суразмоўца, «не вызваляе ад «адказнасці». Хтосьці спрабуе абстрагавацца ад сітуацыі і пераключыцца. Сам хлопец заўважае, што некаторыя навучэнцы не задаволеныя паводзінамі адміністрацыі ВНУ.

«Некаторыя лічаць, што патрэбная адстаўка вышэйшага кіраўніцтва. Агулам сярод студэнтаў такая раздробленасць, і ўсё пагаршаецца тым, што няма цэнтралізаваных інструкцый менавіта ад адміністрацыі, а не ад валанцёрскай службы, – тлумачыць ён.

– Гэта адчуваецца асабліва ў першыя, крызісныя 72 гадзіны, калі ў чалавека тунэльны зрок, ён спрабуе захаваць сябе ці дапамагчы родным, не разумеючы, што можа зрабіць толькі горш. І ў гэты час студэнты дапамагаюць іншым студэнтам, валанцёры службы «Вясны» актыўна працуюць… Але на першай пасля прызнання ЕГУ экстрэмісцкай арганізацыяй сустрэчы рэктар увогуле на маю прапанову, што мы гатовыя супрацоўнічаць у сферы юрыдычных кансультацый, кібербяспекі і хочам абгаварыць пытанні легалізацыі, адказаў, што супрацоўнічаць не будзе. Таксама студэнты не атрымалі адказы на свае пытанні». Канешне, калі такое адбываецца і няма цэнтралізаванага антыкрызіснага менеджменту, сітуацыя пагаршаецца».

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. Фота: ehuniversity.lt

Паводле студэнта і валанцёра-праваабаронцы, ва ўніверсітэце ёсць служба падтрымкі, але яна неэфектыўная. Хлопец лічыць, што рэктарат меўся наладзіць супрацу з МЗС і міграцыйнай службай, каб абараніць моладзь і калектыў, і што на гэта быў час.

«Пазоў падалі ў верасні, а рашэнне суд вынес у сакавіку – як можна было не распрацаваць антыкрызісны план за гэты час? Есць нейкі хотлайн, але я пакуль чуў толькі адмоўныя водгукі, і немагчыма сотні студэнтаў пракансультаваць індывідуальна. Агульныя інструкцыі – нешта накшталт «захоўвайце правілы лічбавай гігіены». Як захоўваць? Не сказана. Як весці сябе пры вобшуку? – таксама.

Гэта правал менеджменту, таму што на сувязь з праваабаронцамі і іншымі профільнымі НДА і распрацоўку інструкцый было мінімум паўгады. А, калі казаць пра першыя пагрозы, то яны былі яшчэ пры маім паступленні, у 2023 годзе, – тады гэта больш 4 гадоў».

Моладзь арганізоўвае дапамогу адзін аднаму і дае парады на выпадак ціску

Што сапраўды дапамагло б? Тыя, да каго яшчэ не прыходзілі, могуць падрыхтавацца да магчымых вобшукаў – пераглядзець рэчы ў кватэры і ўпэўніцца, што няма дакументаў, чэкаў, звязаных з ЕГУ. Праверыць тэлефоны, перапіску, у якой могуць быць адпаведныя файлы ці фота.

«Яны могуць вешаць «экстрэмізм», таму лепш такія паперы знішчыць, каб немагчыма было ўстанавіць факт сувязі з універсітэтам. Сілавікі вельмі ціснуць на «фінансаванне», нагадаю – нават трансакцыю выдумляюць. Таму факт фінансавання трэба адмаўляць.

Калі ў вас нешта знайшлі, сітуацыя пагаршаецца, але я б раіў нават тады ўсё ж маўчаць, таму што далей пастаноўка пытанняў аператыўнікамі будзе заўсёды ўводзіць ў тупік, у становішча, дзе вы нагаворыце на сябе», – кажа валанцёр «Вясны».

Асобная інструкцыя – для тых беларусаў, у якіх ёсць рахункі ў замежных банках і з іх праходзілі плацяжы за вучобу ў ЕГУ.

«Тады трэба змяніць мэйл, нумары-прывязкі да рахунку на кантакты чалавека, які знаходзіцца за мяжой. Напрыклад, калі вы бацька – перабіце цалкам на сына ці дачку, каб сілавікі не маглі з вашых рук гэтыя дадзеныя аднавіць. Вядома, трэба выйсці з акаўнту, выдаліць дадатак і – важны момант – скінуць тэлефон да завадскіх наладак, таму што сілавікі могуць па гісторыі прыладаў зразумець, што ў вас такі банкінг быў».

Што тычыцца саміх студэнтаў, ім пачынаючы праваабаронца раіць не ісці на правакацыі сілавікоў, калі яны спрабуюць выйсці на кантакт.

«Калі тэлефануе нехта з невядомага нумару, альбо калі тэлефануюць сілавікі з акаўнтаў бацькоў ці самі бацькі гавораць не так, як звычайна, – кідаць слухаўку. Вас будуць правакаваць на эмоцыі.

Уступаць у размову вельмі небяспечна, бо можна прыняць кучу неабдуманых рашэнняў. Далей – чакаем, як скончыцца візіт да бацькоў, але памятаем самае галоўнае: не ехаць у Беларусь. Таму што, калі вы едзеце, яшчэ і прыносіце даведку, што вучыліся ў ЕГУ, – вось, ваша сувязь з ім даказана».

Нават, калі чалавека не прызнаюць падазраваным, добрых навінаў тут няма. Як заўважае Арцём Баран, вядомыя выпадкі, калі ахвяру спачатку падманваюць статусам сведкі, а пасля на допытах ідуць на хітрасць.

«Чалавеку даюць пастанову аб прыцягненні ў якасці сведкі, праводзяць апытанне, падчас якога сведка дае падпіску, што паінфармаваны аб дачы ілжывых паказанняў. Ідуць маніпуляцыі кшталту «раскажыце пра вашую ролю ў арганізацыі, пра іншых удзельнікаў». Чалавек думае: я ж сведка, баяцца няма чаго. Пачынае распавядаць, але тут яго пераводзяць на падазраванага, пачынаюць дапытваць, і пачынаецца: вось пратакол допыту вас як сведкі, чаму вы там адно казалі, а зараз іншае?

Таму нельга весціся на гэтыя хітрыкі. Увогуле я б вывеў базавае правіла не верыць ментам. У вас з імі зусім розныя мэты, і яны нешта вам кажуць для таго, каб дасягнуць сваёй, якая вам шкодзіць. Калі вас просяць выслаць даведку – бунтуйце, хоць сварыцеся з бацькамі, але не высылайце.

Вырашаць, канешне, вам, але лепей не перадаваць дакументы, якія дакажуць вашую сувязь з ЕГУ. Што тычыцца родных – калі на іх націснулі і яны спрабуюць угаварыць сына ці дачку вярнуцца, «бо нас усіх пасадзяць«», можна нават на нейкі час спыніць стасункі, каб прайшоў час, можна было паглядзець на сітуацыю больш здрава і не нарабіць памылак», – кажа Арцём.

Аляксандра Чырвоная, belsat.eu