Рэйтынг склала аўтарытэтная грамадзкая арганізацыя Twentieth Century Society, якая ўваходзіць у лік шасьці грамадзкіх арганізацый, упаўнаважаных касультаваць брытанскую дзяржаву ў пытаньнях архітэктурнай спадчыны. Сярод такіх структураў Twentieth Century Society адказвае за будынкі, пабудаваныя пасьля 1914 года.

Сьпіс 100 выбітных будынкаў XXI стагодзьдзя апублікаваны асобную кнігай.
Беларуская царква апынулася ў адным шэрагу з такімі знакавымі збудаваньнямі, як музэй Tate Modern, 30 St Mary Axe (хмарачос-“гурок” у лёнданскім City), стадыён Wembley і будынкі парлямэнтаў Шатляндыі і Валіі.

Царква Сьвятога Кірылы Тураўскага і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу была пабудаваная ў 2016–2017 гг. на замову Ватыкана для беларускай дыяспары ў Вялікай Брытаніі з нагоды 30-х угодкаў Чарнобыльскай катастрофы.
Беларуская царква разьмешчаная ў паўночным Лёндане побач з іншымі знакавымі для Беларусі будынкамі – хрысьціянскім грамадзкім цэнтрам Marian House і Бібліятэкай імя Францішка Скарыны. Яна стала першай драўлянай царквой, пабудаванай у Лёндане пасьля Вялікага пажару 1666 г. і першай беларускай царквой у замежжы, пабудаванай адмыслова для беларускіх вернікаў. У 2023 годзе царкву наведала Сьвятлана Ціханоўская, абраны прэзыдэнт Беларусі.
Унікальны праект царквы стаў вынікам маштабных палявых дасьледаваньняў, праведзеных у Беларусі. Аўтар праекту, брытанскі архітэктар Цзывай Со, імкнуліся перадаць дух беларускай архітэктурнай спадчыны, моцна пацярпелай у XX стагодзьдзі.
Сьвятыня арганічна злучае розныя эпохі. Яна захоўвае традыцыйныя рысы — двухсхільны дах, драўляную ашалёўку фасадаў і цыбулепадобны купал, — адначасова прапаноўваючы сучасныя архітэктурныя рашэньні. Адметнай асаблівасьцю сталі лёгка хвалістыя вэртыкальныя драўляныя сьцены. Уначы схаваныя верхнія вокны прапускаюць вонкі мяккае сьвятло, ствараючы далікатнае зьзяньне ў памяць пра людзей, якія загінулі ў драўляных цэрквах, спаленых нацыстамі ў гады Другой сусьветнай вайны.
Уключэньне гэтай адметнай царквы, непасрэдна натхнёнай беларускай архітэктурнай традыцыяй, яшчэ больш замацоўвае яе статус як сымбалю беларускай культуры, прызнанага на міжнародным узроўні, і падкрэсьлівае яе ўнёсак у архітэктурную спадчыну Вялікай Брытаніі.

