Цяпер ШІ дапамагае прадказваць дождж: стартап Rainbow Weather з беларускімі каранямі знайшоў спосаб палепшыць прагноз надвор’я

Фота: NASA, Unsplash

У прагназаванні ападкаў існуе фундаментальная «сляпая зона» — большая частка планеты не бачыць набліжэння дажджу. Развітыя рэгіёны — ЗША, Еўропа і Японія — маюць сеткі наземных радараў, якія адсочваюць штормы ў рэальным часе, але над вялікімі абшарамі Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі і над усімі акіянамі такіх сістэм няма. Таму колькасць ападкаў там даводзіцца ацэньваць на аснове матэматычных мадэляў, што зніжае дакладнасць кароткатэрміновых прагнозаў.

Як піша Forbes, стартап Rainbow Weather, які заснавалі беларускія ІТ-прадпрымальнікі Аляксандр Мацвеенка і Юрый Мельнічак, прапанаваў выйсце: дапоўніць традыцыйныя радарныя звесткі ШІ-аналізам спадарожнікавых здымкаў.

Фота: forbes.com

Чаму важна дакладна прагназаваць дождж

Для бізнесу лакальны прагноз надвор’я крытычна важны. Страхавыя кампаніі разлічваюць тарыфы і выплаты для параметрычнага страхавання толькі на падставе дакладных вымярэнняў, рытэйл прагназуе трафік і попыт, лагістычныя кампаніі пускаюць караблі і грузавікі ў абыход штормаў, а аграрыі і энергетыкі плануюць сяўбу і ацэньваюць рызыкі для ГЭС. Прыняцце такіх бізнес-рашэнняў наўпрост залежыць ад якасці першасных метэаданых.

Фота: rainbow.ai

Цяпер у свеце доўгатэрміновыя прагнозы будуюцца на фізічных сімуляцыях атмасферы: яны эфектыўныя на перыяд да пяці дзён, але занадта павольныя і недакладныя для найбліжэйшых гадзін. Гэты кароткі прамежак запаўняе наўкастынг (nowcasting — звышкароткатэрміновы прагноз). Аднак ён працуе толькі там, дзе ёсць датчыкі.

Сузаснавальнік Rainbow Weather Аляксандр Мацвеенка распавёў Forbes, што каманда распрацавала сістэму GlobalCast, якая змяняе падыход. Цяпер не трэба чакаць усталявання новых радараў — ШІ вучыцца счытваць ападкі з наяўных спадарожнікавых здымкаў усёй планеты і стварае карту з дэталізацыяй у 1 кіламетр, якая абнаўляецца кожныя 10 хвілін нават там, дзе няма ніякай наземнай метэаінфраструктуры.

Тэст у Інданезіі і абнаўленне прагнозу

Эфектыўнасць новай мадэлі Rainbow Weather пацвердзілася ў Інданезіі, дзе паводкі ў 2025 годзе прынеслі каля $4 млрд страт.

Паводле Forbes, падчас тэстаў GlobalCast паказаў метрыку F1-score на ўзроўні 0,51, апярэдзіўшы AccuWeather (~0,39) і The Weather Company (~0,34). Метрыка F1 улічвае адразу дзве крытычныя памылкі: пропуск рэальнага шторму (які можа затапіць склад) і ілжывую трывогу (праз якую бізнес прастойвае без прычыны).

Інфаграфіка: rainbow.ai

Літаральна ўчора Каманда Rainbow Weather абвясціла пра выхад маштабнага абнаўлення глабальнай мадэлі наўкастынгу. Цяпер яна лепш прагназуе ападкі высокай інтэнсіўнасці, ядры штормаў і раптоўныя ліўні, што нясуць найбольшыя рызыкі для бізнесу.

Выява: linkedin.com/company/rainbow-weather

Як адзначаецца ў рэлізе, большасць наяўных мадэляў «згладжваюць» пікавыя значэнні і праз гэта губляюць дэталі. Абноўлены алгарытм Rainbow спраектаваны так, каб захоўваць дэталізацыю: цяпер сістэма лепш бачыць эпіцэнтры штормаў, якія раней выглядалі размытымі. Паляпшэнні працуюць як у зонах з наземнымі радарамі, так і ў рэгіёнах, дзе маніторынг вядзецца толькі са спадарожнікаў.

«Для нашых B2B-кліентаў, якія выкарыстоўваюць API у сферах беспілотнай авіяцыі, марскіх перавозак, гарадской мабільнасці, дастаўкі і сельскай гаспадаркі, гэта азначае больш узважаныя і дакладныя рашэнні ў моманты найвышэйшай рызыкі», — адзначаюць у Rainbow Weather.

Стварэнне «атмасфернага інтэлекту»

Прагноз дажджу — толькі першы крок. Наступная мэта Rainbow — стварыць базавую ШІ-мадэль атмасферы для прагназавання тэмпературы, ветру, граду, маланак і сонечнай радыяцыі на 24 гадзіны наперад (з сеткай у 1 км і абнаўленнем раз на 10 хвілін). Крыніцамі звестак стануць спадарожнікі, радары, наземныя станцыі, а таксама мабільныя датчыкі ціску ў смартфонах і IoT-прыладах.

Скрыншот: rainbow.ai

Канчатковая мэта кампаніі — перайсці ад продажу неапрацаваных метэаданых да «атмасфернага інтэлекту», які будзе аўтаматычна вызначаць, якія аб’екты, маршруты і інфраструктура пацерпяць ад стыхіі яшчэ да яе надыходу.

Пры гэтым стартап чакае сур’ёзная канкурэнцыя з тэхналагічнымі гігантамі: Microsoft ужо развівае ўласную мадэль Aurora, Google DeepMind прасоўвае сістэму WeatherNext, а NVIDIA анансавала платформу для наўкастынгу Earth-2.

Пра Rainbow Weather

Стартап заснавалі ў 2021 годзе Аляксандр Мацвеенка (раней прадаў свой картаграфічны ШІ-праект MapData гіганту Mapbox) і Юрый Мельнічак (сузаснавальнік AIMatter, Vochi і Wannaby, набытых адпаведна Google, Pinterest і Farfetch). Кампанія ўжо прыцягнула €4,87 млн інвестыцый, сярод яе ключавых бэкераў — заснавальнік Flo Юрый Гурскі. На сёння мабільны дадатак Rainbow спампавалі ўжо больш за 1 млн разоў.

spravy.io