«Стаўкі вельмі высокія» – Валер Кавалеўскі пра прычыны запавольвання працэсу вызвалення палітвязняў праз ЗША

Валер Кавалеўскі. Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Праца над падрыхтоўкай вызвалення палітвязняў з амерыканскага боку працягваецца, але ёсць дзве прычыны яе запавольвання: вельмі высокія стаўкі і змена складу дыпламатычнай каманды ў ЗША, сказаў «Белсату» прадстаўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі. 

«Чатыры тыдні таму я быў у Вашынгтоне. Былі кансультацыі ў Дзярждэпартаменце, дзе мы абмяркоўвалі ў тым ліку пытанні гэтага перамоўнага трэку па вызваленні палітвязняў. Гэтая праца працягваецца. Адбываюцца пастаянныя кантакты паміж Валянцінам Рыбаковым (прадстаўніком Беларусі пры ААН, прым.рэд.) і Джонам Коўлам (адмысловым пасланнікам ЗША ў справе Беларусі, прым.рэд.). Мы бачылі гэта таксама ў паведамленнях Лукашэнкі, які сустракаўся з Рыбаковым, нагадаў усім і пацвердзіў, што ўсё нармальна і справа вядзецца», – адзначыў Кавалеўскі

Паводле яго, першы фактар, які запаволіў працэс – «стаўкі вельмі высокія, бо можа ісці гаворка пра тое, што бакі спрабуюць неяк фіналізаваць гэтую працу». «І абодва бакі будуць настойваць на тым, каб атрымаць ад гэтага максімум», – лічыць эксперт. 

З амерыканскага боку, паводле яго, гэта «вызваленне большай колькасці людзей, з беларускага боку – змякчэнне нейкай палітыкі», каб «як мага больш санкцый было знята» і атрымаць эканамічны і палітычны эфект. 

«Другі фактар, які паўплываў у пэўным сэнсе, – гэта змена асабовага складу дыпламатычнай каманды з амерыканскага боку. Крыс Сміт (намесніка дзяржсакратара ЗША, прым.рэд.), які пачынаў гэты працэс, сышоў на другую пасаду. Змяніліся іншыя людзі вакол яго, якія вялі тэхнічную працу і ўсё ж такі з’яўляліся важнымі рухавікамі гэтага працэсу», – дадаў Кавалеўскі.

Ён лічыць, што «гэта непазбежна будзе ўплываць на тое, як развіваецца гэтая справа, і такое запаволенне будзе выглядаць досыць лагічным». «Таму не хацелася б рабіць з гэтага трагедыю, хаця я разумею, што многія родныя, найперш самі палітвязні, чакаюць добрых навін. Але тут трэба вытрымаць і дачакацца», – заключыў Валер Кавалеўскі. 

Нагадаем, што адмысловы пасланнік ЗША ў справе Беларусі Джон Коўл адным словам 16 жніўня адказаў на пытанне, ці варта спадзявацца на вызваленне беларускіх палітвязняў у найбліжэйшай будучыні: «Так». У чэрвені ён гэтак жа запэўніваў, што працэс вызвалення палітвязняў не спыніўся. 

Амерыканскі дыпламат прыязджаў у Беларусь на перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам тройчы, і кожны візіт заканчваўся вызваленнем палітвязняў у абмен на касаванне санкцыяў. Чарговы раз прадстаўнік ЗША меўся прыехаць у траўні, аднак з нейкіх прычынаў візіт не адбыўся. 

Вольга Вір, Анастасія Русецкая, Алесь Залеўскі, belsat.eu