Дэцэнтралізацыя – сіла і слабасць беларускіх пратэстаў

Напярэдадні шостай гадавіны масавых пратэстаў у Беларусі даследчык Інстытута гісторыі Польскай акадэміі навук Ігар Бортнік прааналізаваў асаблівасці пратэстнага руху 2020 года.

Ігар Бортнік

Падчас анлайн-семінара, арганізаванага Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам, ён адзначыў, што адной з галоўных пераваг беларускіх пратэстаў была іх дэцэнтралізаваная структура, якая дазволіла хутка ахапіць амаль усю краіну.

Кажа Ігар Бортнік:

– Па-першае, гэта лакальная самаарганізацыя на ўзроўні гарадскіх раёнаў і невялікіх гарадоў, з дапамогай закрытых чатаў. Па-другое, гэта дзейнасць незалежных прафсаюзаў і страйкамаў. Калектывы вылучалі патрабаванні кіраўніцтву. Спецыфіка беларускіх пратэстаў была менавіта ў моцнай іх дэцэнтралізацыі.

Разам з тым, паводле даследчыка, менавіта адсутнасць адзінага цэнтра прыняцця рашэнняў і каардынацыі з цягам часу стала адной з прычын паступовага згасання пратэстнай актыўнасці:

– Не ўдалося арганізаваць моцныя структуры грамадзянскай супольнасці. Спробы разбудавання былі, але былі перарваныя рэпрэсіямі, якія прывялі да таго, што ўсе гэтыя парасткі самаарганізацыі даволі хутка былі знішчаны. Больш нейкіх развітых формаў пратэсту з палітычнымі патрабаваннямі, з удзелам у акцыях грамадзянскага непадпарадкавання, страйках – былі не гатовы.

На думку Бортніка, вопыт Беларусі і краін «арабскай вясны» сведчыць, што нават пасля спаду масавых выступленняў грамадства захоўвае патэнцыял да новых формаў самаарганізацыі. Паводле даследчыка, развіццё грамадзянскіх рухаў мае доўгатэрміновы характар, а назапашаны досвед можа стаць асновай для будучых дэмакратычных пераменаў.

racyja.com