
Пасля пратэстаў 2020 года і пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне Вольга ўсё мацней адчувала ўласную бездапаможнасць перад тым, што адбываецца вакол. Тады яна надумала зрабіць тое, на што сапраўды магла паўплываць: у пачатку 2023-га ў Беларусі ўзяла пад апеку сямігадовага Андрэя, які страціў зрок пасля цяжкай хваробы. Чаму наважылася на такі ўчынак, што было далей і чаму цяпер яна заахвочвае іншых беларусаў задумацца пра апеку і ўсынаўленне, Вольга расказала «Белсату».
«Я магу зрабіць нешта добрае хаця б для аднаго чалавека»
Упершыню з сіроцтвам Вольга (імя змененае дзеля бяспекі) сутыкнулася яшчэ ў маладым веку. Калі па вучобе трапіла ў дзіцячую лякарню, то пабачыла там дзяцей, якіх забралі з сем’яў і якія чакалі абследавання ў ізалятарах без блізкага чалавека.
Асабліва ёй запомнілася, як такія дзеці рэагавалі на агляды. Калі дзеці, якія ляжалі разам з бацькамі, плакалі і пратэставалі, тыя, хто застаўся без сям’і, часта заціхалі і ўсміхаліся нават падчас непрыемных працэдураў.
«Яны радаваліся любой кропельцы ўвагі, нават калі ім было страшна ці дыскамфортна. Яны былі гатовыя трываць гэта за любую ўвагу. А потым дактары сыходзілі, і яны зноў заставаліся адныя», – згадала Вольга.
Тады яна ўпершыню падумала, што хацела б дапамагчы такому дзіцяці, але была 20-гадоваю студэнткаю без неабходных для гэтага рэсурсаў.
Праз гады пачуццё бездапаможнасці вярнулася ўжо з іншай прычыны. Пасля выбараў 2020 года Вольга брала ўдзел у пратэстах. Масавыя затрыманні і гвалт, а пазней поўнамаштабнае ўварванне Расеі ва Украіну выклікалі адчуванне, што яна бачыць вялікае зло, але не можа яго спыніць.
«Некалькі месяцаў я была ў стане бездапаможнасці і жадання хоць нешта зрабіць. І, пэўна, рашэнне ўзяць дзіця сталася для мяне спосабам перайсці да дзеяння», – расказала Вольга.
«Не магу вызваліць палітзняволеных, не магу забраць нікога з-за плота. Але ёсць іншы плот, з-за якога я магу кагосьці забраць і прывесці дадому. Я магу зрабіць нешта добрае хаця б для аднаго чалавека», – тлумачыць яна.
«Дзіцяці з інваліднасцю спецыяльна не шукала»
Вольга шукала дзіця старэйшага ўзросту, каб мець магчымасць сумяшчаць працу і выхаванне. Праглядаючы анкеты дзяцей, якія чакалі сям’ю, яна пабачыла 7-гадовага Андрэя (імя змененае дзеля бяспекі). Хлопчык нарадзіўся відушчым, але пасля цяжкай хваробы страціў зрок.
«Я не шукала дзіця менавіта з інваліднасцю. Проста мне спадабаўся канкрэтны хлопчык, і ён аказаўся невідушчым», – расказала Вольга.
Да асабістай сустрэчы з Андрэем Вольга ўжо амаль прыняла рашэнне. Яна купіла мэблю і падрыхтавала для яго месца ўдома, хоць яшчэ не мела скіравання на знаёмства і не ведала ўсіх падрабязнасцяў пра ягонае здароўе. Калі сустрэча нарэшце адбылася, сумневы зніклі.
З першага звароту ў аддзел адукацыі да дня, калі яна прывяла хлопчыка дадому, мінула каля пяці месяцаў. «Хутчэй за цяжарнасць», – жартуе яна.
Вользе трэба было падаць звесткі пра даходы, даведку аб несудзімасці, прайсці псіхалагічнае даследаванне і абследаванне жыллёвых умоваў. У чыноўнікаў узнікалі пытанні і праз тое, што яна была адна ды хацела ўзяць дзіця з інваліднасцю. Асабліва запомнілася гісторыя з актам абследавання жытла. Паколькі ў дакуменце не было асобнай фразы, што там можа жыць дзіця з інваліднасцю, супрацоўніца, паводле Вольгі, перапісвала яго 14 разоў.
«У сістэме ёсць розныя людзі. Ёсць тыя, хто думае: абы чаго не выйшла. А ёсць людзі, гатовыя зрабіць кучу папяровай працы, каб проста гэтае дзіця было ўдома», – сказала Вольга.

«Маці не адмовілася. Яна не дала рады»
Сябры Вольгі пераважна падтрымалі ейнае рашэнне, бацька паставіўся да яго спакойна, хоць і здзівіўся. Значна цяжэй было з маці. Яна баялася, што дачка «сапсуе сабе жыццё», і нават спрабавала размаўляць з прадстаўнікамі органаў апекі, каб Вользе не перадалі дзіцяці. Некалькі месяцаў маці і дачка амаль не размаўлялі.
Пазней стасункі наладзіліся. Маці Вольгі папрасіла прабачэння, пачала размаўляць з Андрэем, цяпер хлопчык называе яе бабуляй.
Андрэй стаў называць Вольгу мамаю прыкладна праз год. Яна параўноўвае адаптацыю прыёмнага дзіцяці з эміграцыяй: чалавек трапляе ў новы свет, не ведае яго правілаў і мусіць паступова «прырасці» да новага жыцця.
Вольга з самога пачатку не хацела, каб новае жыццё Андрэя азначала разрыў з усім, што было да яе. Пасля таго як хлопчык пераехаў да яе, яна дала яму магчымасць звязацца з кроўнаю маці, бабуляй і сёстрамі. Пакуль яны жылі ў Беларусі і гэта было магчыма, Андрэй сустракаўся з імі, а цяпер падтрымлівае сувязь на адлегласці.
Вольга кажа, што прыёмнаму дзіцяці важна не толькі атрымаць новую сям’ю, але і не страціць сваёй гісторыі:
«У дрэва павінны быць карані. Мы перасаджваем дрэва на новую глебу, але не трэба абіраць з каранёў усю зямлю. Нельга адмаўляць мінулае чалавека, яго ідэнтычнасць і тое, ад каго ён нарадзіўся».

Ізноў прытулак
Праз некалькі гадоў палітычны пераслед закрануў ужо іхную сям’ю. У дачыненні Вольгі распачалі крымінальную справу за ўдзел у пратэстах, яе затрымалі. Андрэй на два тыдні зноў трапіў у прытулак.
Вольга разумела: калі атрымае судзімасць, можа страціць права быць апякункай. Два тыдні ў прытулку сталіся для Андрэя паўторнаю траўмаю. Хлопчыка не вадзілі ў школу, з яго здзекаваліся іншыя дзеці, а выхавальнікі, як сцвярджае Вольга, не звярталі на гэта належнай увагі.
«Гэта была рэтраўматызацыя. Ён ужо быў траўмаваны тым, што страціў першую сям’ю, хваробамі, рэанімацыямі. Пасля прытулку ягоны стан пагоршыўся. Цяпер ужо больш стабільна, але гэта быў вельмі цяжкі час для нас абаіх», – расказала Вольга.
Пасля гэтага Вольга і Андрэй з’ехалі з Беларусі. Пераезд азначаў новую школу і новую мову, якую Андрэю трэба было засвойваць яшчэ і праз шрыфт Брайля. Спачатку гэта было вельмі цяжка, але цяпер жыццё стабілізавалася. Вольга не называе краіны дзеля бяспекі. Адзначае толькі, што там Андрэю даступны значна шырэйшы пералік тэхнічных сродкаў рэабілітацыі: ноўтбук, праграмнае забеспячэнне з сінтэзатарам маўлення, брайлеўскі дысплэй.
У будучыні Вольга хацела б, каб сын мог вучыцца ў звычайнай школе. «У невідушчага дзіцяці, як і ў дзіцяці з іншаю формай інваліднасці, павінен быць выбар: навучацца ў спецыяльных умовах ці ў агульнаадукацыйнай школе», – мяркуе яна. Спецыяльную школу Вольга ў ідэале бачыць не абавязкова як ізаляванае месца навучання, а як рэсурсны цэнтр: дзе дзіця можа сустракацца з іншымі асобамі з парушэннямі зроку, а спецыялісты – дапамагаць настаўнікам звычайных школаў.

Чаму дзеці ўсё яшчэ застаюцца ў сістэме
Паводле Вольгі, у Беларусі ўжо шмат гадоў дэкларуецца курс на дэінстытуалізацыю: колькасць дзіцячых дамоў скарачалася, развіваліся дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Кажа, быў перыяд, калі прытулкі істотна апусцелі, бо дзяцей удавалася размяшчаць у сем’ях.
Аднак цяпер, мяркуе Вольга, сістэма буксуе. Сярод прычынаў – нястача людзей, гатовых працаваць бацькамі-выхавальнікамі ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу. Такая праца фактычна не заканчваецца ні ўвечары, ні ў выходныя, а мяжа паміж прафесійным і асабістым жыццём амаль знікае.
Найцяжэй знайсці сем’і для падлеткаў і дзяцей з інваліднасцю. Чым старэйшае дзіця, тым больш у яго ўжо ўласнага досведу, звычак і ўяўленняў пра жыццё. Дзеці з інваліднасцю часта патрабуюць дадатковай рэабілітацыі, часу, фінансавых і эмацыйных рэсурсаў.
«Я не кажу, што кожны і кожная павінны гэта зрабіць. Але магчымасць ёсць шмат у каго. Калі ў мяне атрымалася, значыць, і ў кагосьці іншага можа атрымацца», – кажа Вольга.
Калі сям’ю знайсці не ўдаецца, дзіця з інваліднасцю можа трапіць у дзіцячы дом-інтэрнат, а пасля паўналецця – у інтэрнат для дарослых. Пры гэтым многія з такіх дзяцей маглі б жыць значна больш самастойна, калі б своечасова трапілі ў сям’ю і атрымалі неабходнае падтрыманне.
Для Вольгі гэта адна з галоўных прычынаў гаварыць пра ўсынаўленне і апеку публічна. Яна бачыць праблему не толькі ў тым, што дзіця пазбаўленае бацькоў, але і ў тым, што ўстанова можа стаць першым звяном у цэлым ланцугу закрытых установаў.
«Нават вельмі добры дзіцячы дом траўмуе»
Вольга не вінаваціць работнікаў дзіцячых установаў. Наадварот, кажа, што сустракала шмат людзей, якія рабілі для дзяцей больш, чымся ад іх патрабавалася. Праблему яна бачыць у сістэме:
«Нават вельмі добры дом дзіцяці траўмуе. Проста таму, што там няма сям’і і ёсць несвабода».

Сям’я таксама мае графік і правілы, але дзіця можа хаця б часткова ўплываць на ўласнае жыццё: папрасіць дазволу пайсці гуляць, выбраць занятак, мець свае рэчы і час. Ва ўстанове ж такіх магчымасцяў значна менш.
Вольга дасюль часам заходзіць у базу дзяцей, якія шукаюць сям’ю, і бачыць там тых, хто жыў разам з Андрэем. Мінаюць гады, яны робяцца падлеткамі, а потым амаль дарослымі, але застаюцца ў сістэме. Асабліва ёй запомнілася дзяўчынка з інваліднасцю, якую Вольга ўпершыню пабачыла малой, а праз некалькі гадоў – ужо амаль дарослай: «Ты бачыш чалавека з зусім патухлым позіркам, які ўжо ні на што не спадзяецца. Далей адзін інтэрнат, другі інтэрнат – і ўсё жыццё».
Менавіта таму Вольга заклікае беларусаў хаця б задумацца пра апеку ці ўсынаўленне. Яна падкрэслівае: гэта не абавязак кожнага, і чалавек мае права разумець, што цяпер не мае неабходнага рэсурсу. Тым, хто ўсё ж разглядае такую магчымасць, Вольга раіць збіраць інфармацыю, рыхтавацца, шукаць іншых прыёмных бацькоў і дапамогу спецыялістаў.
«Ёсць такая прымаўка: каб вырасціць дзіця, патрэбная цэлая вёска. Вось тут сапраўды патрэбная цэлая вёска. Ніколі не трэба заставацца сям’ёй сам-насам», – сказала яна.
Адаптацыя, папярэджвае Вольга, можа доўжыцца месяцы і нават гады. Дзіця, якое прайшло праз сіроцкую сістэму, прыходзіць у новую сям’ю ўжо са сваім досведам, страхамі і спосабамі абараняцца. Таму падтрыманне патрэбнае не толькі дзіцяці, але і дарослым.
Вольга не лічыць сябе чалавекам з выключнымі магчымасцямі: «Я адна, без мужа, не маю вельмі высокіх даходаў, у мяне не вельмі моцнае здароўе і не вельмі моцная нервовая сістэма. Але я ж змагла. Значыць, хто-небудзь іншы таксама зможа».
Для Вольгі гэта не гісторыя пра геройства і не спроба ўратаваць усіх. «Гэта не спыніць вайны і не зрыне сістэмы. Але мы можам проста палепшыць жыццё аднаго чалавека», – падсумоўвае яна.
