
Усім па прывітанні, спадарства! Мінулым разам я пісаў пра пяць турэмных рэаліяў, па якіх я сумую на волі. Каб у вас не складалася ўражання, што ў мяне едзе дах, напішу і пра тое, па чым я сумаваў, пакуль сядзеў. Такім чынам, вашай увазе – топ-5 рэчаў, якіх мне найбольш не ставала ў турме.
1. Першы пункт банальны да немагчымасці, але ад гэтага не менш праўдзівы: сям’я. Перад тым як я пастанавіў заставацца ў Беларусі, нягледзячы на ўжо заведзеную крымінальную справу, я атрымаў «дабро» на адседку ўва ўсіх, чыя думка на гэты конт мне была цікавая. Амаль ува ўсіх. Адзіны чалавек, які мне гэтае самае «дабро» не даваў, – гэта мой сын. На момант майго затрымання яму яшчэ трох гадоў не было. Часам хацелася выць ад таго, што не магу яму штосьці апавесці, чамусьці навучыць і проста абняць у патрэбны момант.
2. Інтэрнэт. Не ведаю, як вы, спадарства, а я большую частку содняў у онлайне. Для мяне вялікая каштоўнасць – той факт, што я магу даведацца практычна пра што заўгодна цягам 10 секундаў. Знайсці патрэбны кантакт – лёгка! Забавіць сябе на цэлы дзень – яшчэ прасцей. Я з тых людзей, якія не пакідаюць межаў жытла без важкай на тое прычыны. Навошта? Навошта, калі ўдома ёсць Яго Вялікасць Інтэрнэт.
3. Маё кола стасункаў.
Народ, я вас не цаніў. Мне здавалася, вы проста рэдкія дурні і разгільдзяі – пакуль я не трапіў на строгі рэжым. О-о-о, там сядзіць сапраўды спецкантынгент. Чытаць умеюць не ўсе. Пісаць – тым больш.
Аднойчы да мяне прыйшоў чалавек, каб узяць у мяне паштоўку. На паштоўцы быў намаляваны Мікі Маўс. І напісана, як ні дзіўна, там было таксама Mickey Mouse. Калі ён у мяне запытаўся «А што тут напісана?», я засмяяўся, бо падумаў, што ён так прышпільваецца. А ён не прышпільваўся.
4. Смажанае. Іншыя гастранаркотыкі кшталту салёнага, салодкага, тлустага і вэнджанага дастаць можна. Калі ў вас прозвішча Вінаградаў, то гэта будзе цяжкавата, але ўсё роўна можна. А вось смажанае… м-м-м… Пару разоў мне шанцавала, і я трапляў у Ваўкавыску на смажаную рыбу. А аднойчы адзін асуджаны абяцаў мне аддаць сваю порцыю смажанай рыбы і кінуў мяне. Роберце, паскуда, я цябе памятую!
5. Магчымасць проста крочыць наперад і не ўпірацца ў сцяну. Для ўсіх, хто не сядзеў: гэта ўвогуле не каштоўнасць. Гэта тое, што само сабой зразумела. Базавая опцыя, як кісларод. А вось для гангстараў гэта ого-го! Потым звыкаешся, вядома, што твой максімум – гэта чатыры крокі ў адным кірунку (у Аўтуховіча, дарэчы, такая раскоша, як чатыры крокі, ёсць не заўсёды), але жаданне ісці куды вочы глядзяць ад гэтага нікуды не прападае.
На жаль, не магу я ў поўнай меры атрымаць асалоду ад сям’і, сяброў, інтэрнэту і смажанага, ведаючы, колькі класных хлопцаў цяпер не могуць проста крочыць наперад і не спыняцца. Спадар Коўл з гэтай нагоды кажа, што сітуацыя хутка зменіцца. Спадзяюся, ён мае рацыю і ягоная печань усё яшчэ здольная вытрымаць дастатковую колькасць гарэлкі, якую яны там выпіваюць з Аляксандрам Рыгоравічам. Здароўя вам, спадару Коўле!
Айл бі бэк.
