
З пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны грамадзянства атрымалі 52 добраахвотнікі з Беларусі з тысячаў тых, хто ваяваў ці ваюе на ўкраінскім баку.
Такую інфармацыю далі выданню «Суспільне. Новини» ў Дзяржаўнай міграцыйнай службе Украіны. Да пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ўкраінскае грамадзянства атрымалі 12 беларускіх добраахвотнікаў, яшчэ 40 – пасля лютага 2022 года. Акрамя таго, 22 справы беларускіх добраахвотнікаў разглядаюцца ў Камісіі пры прэзідэнту Украіны ў справе грамадзянства.
У міграцыйнай службе адзначылі, што агульны тэрмін разгляду заяваў аб прыёме ў грамадзянства пры адсутнасці патрэбы ў дадатковай прапрацоўцы не павінен перавышаць васьмі месяцаў. У той жа час заявы замежнікаў, якія бралі або бяруць удзел у абароне Украіны, разглядаюцца ў прыярытэтным парадку.
У чэрвені 2025 года Вярхоўная Рада спрасціла працэдуру для замежнікаў, якія служаць ва Украіне: цяпер для атрымання права прэтэндаваць на грамадзянства ім трэба дастаткова адслужыць паводле кантракту год замест трох. Грамадзяне Беларусі, якія ваююць на баку Украіны, а таксама іхныя сямейнікі, могуць легалізаваць сваё перабыванне ва Украіне нават з пратэрмінаваным беларускім пашпартам. У прыватнасці, яны могуць атрымаць пасведчанне на жыхарства або грамадзянства. Але для гэтага трэба мець арыгінал дакументу, а зразумелай працэдуры аднаўлення беларускага пашпарта ва Украіне няма.
У 2026 годзе ў Сілах абароны Украіны ваююць каля 20 тысячаў замежных вайскоўцаў. Паводле заявы прадстаўніка Абʼяднанага пераходнага кабінету Вадзіма Кабанчука, толькі праз найбуйнейшае добраахвотніцкае фармаванне – Полк імя Кастуся Каліноўскага – прайшлі больш за тысячу беларусаў.
