Ігар Тышкевіч: Расея можа ўчыніць правакацыю супраць Латвіі з тэрыторыі Беларусі

Сцяг Латвіі каля Інфармацыйнага цэнтру латвійскага парламенту ў Рызе, Латвія. 25 ліпеня 2026 года. Фота: Jaap Arriens / NurPhoto via Getty Images

У Еўропе ўжо адбываюцца расейскія дыверсіі, але іх зробіцца болей, пад пагрозаю – Латвія, у правакацыях супраць яе можа быць задзеяны і афіцыйны Менск. Пра гэта ў студыі «Белсат» разважаў палітычны аналітык Ігар Тышкевіч.

Каментуючы магчымае абвастрэнне, калі Расея чарговы раз перакрочыць нейкія чырвоныя лініі эскалацыі ў Еўропе, эксперт заявіў: 

«Спробы рабіць дыверсіі на еўрапейскіх заводах працягнуцца, іх проста будзе болей. Спробы рабіць дыверсіі на нейкіх аб’ектах інфраструктуры таксама. Прычым часта гэта могуць быць дыверсіі з залучэннем грамадзянаў іншых дзяржаў, то бок не Расейскай Федэрацыі».

Імаверныя вайсковыя правакацыі на мяжы, мяркуе Ігар Тышкевіч, не будуць датычыць Польшчы: «Няма такіх сілаў, каб уваходзіць у канфрантацыю з Польшчаю. Плюс у гэтым выпадку рэакцыя Злучаных Штатаў Амерыкі будзе больш хуткая». 

Падобная сітуацыя з Літвой («драйверам у наданні дапамогі» ёй у выпадку канфлікту з Расеяй «будзе Польшча») і Эстоніяй (варта чакаць хуткай рэакцыі Фінляндыі).

«Застаецца Латвія. Пагатоў, калі паглядзець на расейскую прапаганду і афіляваную з ёй беларускую, то з усіх краінаў Балтыі Латвію робяць ці не найбольш дэманічнаю краінаю», – падкрэсліў Тышкевіч.

У якасці дадатковых фактараў ён называе «кампактнае пражыванне неграмадзянаў» і «адсутнасць вялікіх груповак войскаў». 

Не даць вырвацца Лукашэнку 

Пры гэтым, як мяркуе эксперт, у правакацыі можа быць задзеяная беларуская тэрыторыя: 

«Калі правакацыя пад чужым сцягам альбо калі гэта адмыслова робіцца, то гэта могуць рабіць самі расейцы, напрыклад, часткова выкарыстоўваючы беларускую тэрыторыю. У тым ліку каб сарваць нейкі перамоўны трэк Лукашэнкі ў нармалізацыі стасункаў з краінамі Захаду». 

У выпадку эскалацыі з Латвіяй, дадаў ён, неабавязкова будуць задзеяныя вайсковыя сілы: «Могуць быць мігранты, нейкія парамілітарныя фармаванні, штосьці падобнае».

«Прычым Беларусь тут спатрэбіцца не столькі з гледзішча нейкіх тактычных пераваг, што важная менавіта беларуская тэрыторыя, – падкрэсліў аналітык, – колькі каб не даць выслізнуць аднаму асобна ўзятаму вусатаму беларусу з абдымкаў (Уладзіміра) Пуціна».

Нагадаем, што 21 жніўня на мяжы Беларусі і Латвіі выявілі другі за 10 дзён падземны тунэль, праз які мігранты траплялі ў Латвію. Гэтым разам праз яго прайшлі 28 чалавек. 

Міграцыйны ціск на беларуска-латвійскую мяжу працягваецца з 2021-га. Як паведамілі «Белсату» ў МУС Латвіі, з жніўня 2021 года да пачатку жніўня 2026-га памежнікі перадухілілі амаль 50 тысяч спробаў незаконна мінуць мяжу з боку Беларусі. Больш за 9 тысячаў такіх спробаў былі зафіксаваныя ў 2026-м. 

Вольга Вір, Валер Руселік, Алесь Залеўскі, belsat.eu