
Палітычны аглядальнік Антон Пянькоўскі — пра хістанні амерыканскай знешняй палітыкі і як гэта адаб’ецца на перамоўным трэку Вашынгтона і Мінска.
— Гэта вельмі палохаючы званочак, калі Злучаныя Штаты пераходзяць ад троху варожай рыторыкі ў бок Уладзіміра Зяленскага, скепсісу Дональда Трампа наконт магчымасцяў Украіны абараняць сябе да прыпынення падтрымкі Украіне, — разважае амерыканіст, палітычны аглядальнік Антон Пянькоўскі ў эфіры Еўрарадыё.
Тут трэба трымаць на ўвазе неперадачу (альбо несвоечасовую) перадачу выведкавай інфармацыі аб расійскіх ракетных ударах, частковае прыпыненне працы Starlink. І тое, пра што Трамп некалькі разоў прагаварыўся — што ён плануе часткова прыпыніць механізм набыцця амерыканскіх узбраенняў праз еўрапейскія грошы. Паўтаруся, гэта званочак, які пужае. Ён можа распаўсюдзіцца коламі па ўсім рэгіёне, можа быць закранутая бяспека Польшчы, краін Балтыі.
Еўропа ж, дадае палітычны аглядальнік, спазняецца з тым, каб будаваць альтэрнатыву і не залежаць ад амерыканскай дапамаогі. А час робіцца крытычна важным, калі Расія працягвае наносіць удары па ўкраінскай інфраструктуры.
А чаго ў гэтых варунках адміністрацыя Трампа хоча ад Беларусі — ці ўжо не хоча? Гаворка ўсё ж пра калій, якім трэба залагодзіць амерыканскіх фермераў—выбаршчыкаў, ці пра меркаванні бяспекі?
— Ад самага пачатку, калі амерыканцы прыязджалі ў Мінск у 1990-х і размаўлялі з кіраўніцтвам тады яшчэ непабудаванай Беларусі, іх перш за ўсё цікавілі савецкія ядравыя ўзбраенні на тэрыторыі Беларусі, — гаворыць Пянькоўскі. — Як успамінаў Станіслаў Шушкевіч, нават трошачку крыўдзіла, калі дзве гадзіны абмяркоўвалася ўзбраенне і дызайн бяспекі ў еўрапейскім рэгіёне, і толькі на самым завяршэнні гатовыя былі пагаварыць пра краіну, якая ў той момант нараджалася.
Трэба трымаць у галаве тое, што не надта распаўсюджваецца ў публічным полі. Што ёсць некалькі кампанентаў ў амерыканскім перамоўным трэку: зняцце часткі санкцый і вызваленне палітвязняў, транзіт беларускіх угнаенняў у ЗША, але таксама — бяспека.
Мы не мусім трапляць у гэтую пастку, калі абмежаванасць інфармацыі прымушае рабіць генеральныя высновы толькі з тых звестак, якія ёсць у публічным полі. Бо галоўнае, што абмяркоўваецца ад самага пачатку — як склалася, што з тэрыторыі Беларусі ажыццявіўся напад на поўнач Украіны, і што з гэтым цяпер можна зрабіць.
Бо без бяспечнай мяжы на поўначы Украіны немагчыма ўявіць бяспеку ўкраінскай сталіцы, агулам ніякія прыпыненні агню альбо нешта больш глабальнае.
Разважаючы пра тое, як далей будзе развівацца беларуска-амерыканскі перамоўны трэк і ці не сыдзе ён на нуль, калі адміністрацыя Трампа пераключыцца на перамовы з РФ, Антон Пянькоўскі нагадвае, што Беларусь ніколі не была адным з галоўных фокусаў амерыканскай знешняй палітыкі.
— Я не лічу, што калі нешта зменіцца ў прызначэнні спадара Коўла і ў партфоліа яго каманды, гэта моцна зменіць цікавасць або стратэгічныя падыходны адносна Беларусі. Сваю пазіцыю датычна рэжыму яны ўжо занялі, Аляксандр Лукашэнка — досыць добра вывучаны імі аўтакрат, і я не бачу прыкмет таго, што гэтыя падыходы будуць змененыя.
