
У Польшчы замежнік, які мае статус уцекача або карыстаецца міжнароднай абаронаю, у першы год мае права на спецыяльную дапамогу ад дзяржавы. «Белсат» пагаварыў з беларусамі, якія атрымалі інтэграцыйную дапамогу замежніку (IPI), пра тое, якія правілы дзеюць цяпер.
Інтэграцыйная дапамога замежніку ў Польшчы існуе з 2004 года, яе правілы пазначаныя ў Законе аб сацыяльнай дапамозе. Праўда, шмат хто з беларусаў нічога пра яе не чуў.
«Я даведаўся пра такую магчымасць выпадкова ад сяброў, а яны – ад сваіх сяброў. Ва ўправе мне пра такое не казалі пры атрыманні дакументаў уцекача, – расказаў «Белсату» Алег. – Я атрымліваю дапамогу пяты месяц, і для нашай сям’і гэта вельмі адчувальная прыбаўка, выходзіць каля 900 еўраў на месяц».
Права на інтэграцыйную дапамогу мае чалавек са статусам уцекача ці міжнароднай абаронай Польшчы, які напісаў заяву аб наданні такой дапамогі (аўтаматычна яе не даюць). Вынятак: замежнікі, якія ў шлюбе з грамадзянамі Польшчы.
Каб атрымаць дапамогу, трэба прыехаць у Цэнтр дапамогі сям’і (Centrum Pomocy Rodzinie) у сваім горадзе і напісаць заяву. Адрас у Варшаве – Targowa 81.
Заяву можна напісаць і да атрымання карты з пашпартам уцекача, калі ўжо маеце пастанову, а можна прывезці ўсе дакументы адразу цягам 60 дзён з даты пастановы. Калі сямейнікі таксама атрымалі абарону, яны таксама павінны напісаць заяву.

Затым вашую заяву разглядаюць і прызначаюць вам інспектара – ён будзе курыраваць вас найбліжэйшы год. Пасля гэтага інспектар прызначае вам дату візіту і прыязджае адзін раз, каб паглядзець жыллёвыя ўмовы.
«Як я разумею, у іх такі пратакол, каб пераканацца, што ў вашай сям’і ёсць мінімальна неабходныя рэчы, бо ўцекачы розныя бываюць. Мая інспектарка прыйшла хвіліны на тры і нават кватэру не глядзела, хоць я на ўсялякі выпадак нават прыбралася ў ёй, – успамінае Ангеліна. – Потым яна правяла нейкае апытанне паводле паперкі – колькі я зарабляю, ці маю медстрахоўку і ўсякае такое – і з’ехала. Потым ужо я пачала ездзіць да яе падпісваць дакументы. Польскую мову я не вельмі добра ведаю, таму мы мала з ёй размаўляем, усміхаемся адна адной».
Паводле водгукаў беларусаў, большасць работнікаў цэнтру ў Варшаве вельмі добразычлівыя, а сам цэнтр добра абсталяваны і мае вялікі пакой з цацкамі для тых, хто прыязджае з маленькімі дзецьмі.
«Я дагэтуль здзіўляюся таму, якія добразычлівыя работнікі ў гэтым цэнтры! Усё лёгка тлумачаць, нават на пальцах, калі ты наагул ні слова па-польску не гаворыш. Проста неба і зямля ў параўнанні з Управаю ў справах замежнікаў, дзе мяне некалькі разоў ледзь да слёз не даводзілі. Мне прызначылі інспектара, да якога я прыязджаю падпісваць дакументы двойчы на месяц (і мабыць, гэта адзіны мінус – ездзіць на іншы канец гораду ў свой працоўны час). Мая інспектар – вельмі прыемная полька, якая захапляецца «беларусінамі», – расказала «Белсату» Кацярына (імя змененае).

Што прадугледжвае дапамога
Праграма інтэграцыйнай дапамогі прадугледжвае грашовыя выплаты, аплату ўзносаў на медстрахаванне, курсы польскай мовы, дапамогу ў пошуку працы і іншую дапамогу ў паскарэнні інтэграцыі замежніка ў краіне.
Грашовыя выплаты вызначаюцца індывідуальна, у залежнасці ад вашай сітуацыі. Чым яна складаней, тым большая выплата. Зараз гэтая сума складае ад 950 да 1679 злотых на чалавека ў месяц. Першыя паўгода сума вышэйшая, потым крыху ніжэйшая.
«Нам з жонкаю плацяць каля 2,2 тысячы злотых на дваіх у месяц. Грошы прыходзяць 15-га дня кожнага месяца, а паміж імі мы ездзім у панядзелкі або чацвяргі на вуліцу Таргову да свайго інспектара, каб падпісаць паперы. Яна заўсёды цікавіцца, як нашыя справы, вельмі прыемная жанчына», – кажа Антон (імя змененае).
«Мне прызначылі 1679 злотых дапамогі ў месяц. Як я разумею, гэта максімум, хоць я не назаву свае ўмовы такімі жудаснымі, – смяецца Ангеліна. – Я доўга думала, ці варта наагул падавацца, бо я ж быццам не той выпадак, калі збегла з пяццю дзецьмі без працы ў нікуды. Але я вельмі здзівілася суме. Падазраю, улічылі тое, што я жыву і здымаю кватэру адна, і яшчэ плачу добраахвотныя страхавыя ўзносы. Я бачыла вочы інспектара, калі казала ёй, колькі каштуе мая арэнда».

Вывучэнне польскай мовы – абавязковая ўмова. Але вы можаце вучыць яе як з дапамогай бясплатнай праграмы, якую знайшоў інспектар, так і праз любыя іншыя курсы.
«З улікам майго зменнага графіку ніякія офлайн-курсы мне не падышлі паводле часу. Праз тры месяцы інспектар сказала, што мне трэба прайсці тэставанне ў нейкай школе, з якой у Цэнтру ёсць дамова. Там мяне адвялі ў асобны пакой, забралі тэлефон і далі хвілінаў 20 на тэст. Яшчэ праз месяц мне прыйшоў адказ, што мне прызначылі індывідуальнае навучанне онлайн – 5 гадзін на тыдзень. Я здзівілася, таму што інспектар казала, што гэта практычна немагчыма. Зараз я займаюся з вельмі прыемнай полькай, хоць дагэтуль не разумею, на якім я ўзроўні», – кажа Кацярына.
Акрамя таго, ва ўцекачоў і замежнікаў з дадатковай абаронай у «складанай жыццёвай сітуацыі» ёсць права на атрыманне сацыяльнага жылля ў сваім горадзе. Аднак колькасць такога жылля моцна абмежаваная. Напрыклад, у Варшаве максімальная колькасць заявак – 10 у год. Пры гэтым у замежніка не павінна быць арандаванага жылля або свайго ва ўласнасці.
Максімальны тэрмін надання такога жылля – 12 месяцаў (часам яго падаўжаюць яшчэ на 3 месяцы). Усе выдаткі на яго ўтрыманне павінен несці замежнік.
