Як было, і як стала — шыкоўная розніца. Палац Горватаў у Нароўлі працягвае аднаўляцца

Ёсць поспехі, якія яшчэ пару гадоў таму казаліся неверагоднымі — але ёсць і новыя выпрабаванні, піша выданне «Моцныя навіны».

Вось што ўжо атрымалася зрабіць. На днях на атыку ўсталявалі страчаную балюстраду — дах цалкам адрэстаўраваны. Па абодвух баках будынка адбудоўваюць ганкі замест аварыйных. Аконныя праёмы сутарэнняў таксама перакладваюцца і тынкуюцца.

Зразумела, што без складанасцей не абыходзіцца на кожным этапе. На 2026 год, напрыклад, планавалі цалкам атынкаваць сцены і правесці камунікацыі. Але сутыкнуліся з цвіллю, солямі і грыбкамі ў цэгле, аварыйным станам ганкаў. Што да камунікацый — па праекце на шляху апынуўся старажытны дуб, які нельга чапаць, таму праект трэба распрацоўваць нанова. Але каманда не складае рук і працуе, здзіўляючы і гасцей, і нараўлянцаў.

Як змяніўся Палац за час аднаўлення, паказаў уладальнік аб’екта і кіраўнік праекта Пётр Кузняцоў — у межах навукова-практычнай канферэнцыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прысвечанай гісторыі і культурнай спадчыне Нараўляншчыны. Яе правялі 8-9 кастрычніка.

Адметна, што такое буйное мерапрыемства праходзіла прама ў Нароўлі: суарганізатарам стаў райвыканкам. З вітальным словам выступіў кіраўнік райвыканкама Дзяніс Ядчанка, з дакладамі на пленэры — дырэктар Інстытута гісторыі НАН Вадзім Лакіза, вядучы навуковы супрацоўнік Алег Дзярновіч, Архімандрыт Афанасій і іншыя.

Палацу Горватаў было прысвечана дзве сессіі: выязное паседжанне па тэме «Рэстаўрацыя Нараўлянскага Палацу: актуальныя стадыі і перспектыўныя працы» правеў Пётр Кузняцоў, а на наступны дзень дырэктар ТАА «Прокпраект» Сяргей Касабуцкі выступіў па тэме «Рэстаўрацыя Нараўлянскага палацу: асноўныя праектныя рашэнні».

Дарэчы, Алег Дзярновіч кіруе праектам раскопак замка ў Антонаве, адной са свежых археалагічных сенсацый апошняга часу. Рэшткі легендарнага замка нарэшце знайшлі ў Нараўлянскім раёне ў верасні — пра гэта пісалі «Моцныя навіны». Удзельнікі канферэнцыі наведалі і месца раскопу, а таксама іншыя славутасці Нароўлі.

budzma.org