
Спецдакладчык ААН па Беларусі Нілс Муйжніекс падрыхтаваў даклад аб парушэннях правоў жанчын у Беларусі. У дакладзе адзначаецца, што дыскрымінацыя жанчын у Беларусі носіць сістэмны і структурны характар, а выкарыстанне заканадаўства ў рэпрэсіўных мэтах становіцца інструментам палітычнага пераследу і парушэння асноўных правоў.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях інклюзіўнасці і раўнапраўя Юлія Міцкевіч пракаментавала даклад:
«Ад пачатку рэпрэсій 2020 года, якія працягваюцца і нават узмацняюцца, гэта набыло яшчэ і характар татальнага палітычнага пераследу жанчын розных поглядаў, прафесіяў, узростаў і ўразлівасцяў.
Толькі ў 2025 годзе па крымінальных справах асудзілі не менш за 355 жанчын, а сярод амаль 7 тысяч чалавек у так званых «спісах экстрэмістаў» кожная чацвёртая — жанчына. Жанчын звальняюць за палітычную пазіцыю, пагражаюць забраць дзяцей, пераследуюць адвакатак і сваякоў, а вызваленыя палітвязніцы не атрымліваюць рэабілітацыі і вымушаныя пакідаць краіну.
У калоніях палітвязніцы ўтрымліваюцца ў нечалавечых умовах: ім адмаўляюць у бялізне і сродках менструальнай гігіены, абмяжоўваюць доступ да душу, праводзяць зневажальныя надгляды і вядуць відэаназіранне нават за прыбіральнямі. Іх прымушаюць за мізэрныя грошы шыць форму для сілавікоў, адмаўляюць у медыцынскай дапамозе нават цяжка хворым, і вядомыя ўжо выпадкі смерці ў зняволенні.
Важна, што даклад паказвае: гэтыя рэпрэсіі выраслі на глебе даўняй структурнай няроўнасці, якую дзяржава мэтанакіравана замацоўвае праз прапаганду так званых «традыцыйных каштоўнасцяў». Жанчыны займаюць толькі 4,3% пасад ва ўрадзе, зарабляюць на 24–28% менш за мужчын і выконваюць у 1,7 раза больш неаплатнай працы па хатняй гаспадарцы і доглядзе. Гады догляду дзяцей і блізкіх амаль не ўлічваюцца ў пенсійным стажы, а ў 2025 годзе адпачынак па доглядзе дзіцяці браў бацька толькі ў адной сям’і са ста. Дагэтуль існуе спіс забароненых для жанчын прафесіяў, а за станоўчыя выказванні пра бяздзетнасць пагражае адміністрацыйнае пакаранне. У краіне няма закона пра гендарны гвалт, справы аб сексуальным гвалце расследуюцца праз прызму фізічнай сілы і супраціву, а не адсутнасці згоды, і жанчыны маўчаць пра хатні гвалт, баючыся, што дзяржава забярэ дзяцей. Пасля ліквідацыі незалежных арганізацый шмат якія паслугі для пацярпелых проста зніклі, і дзяржава іх не замяніла.
Мы ўдзячныя Нілсу Муйжніексу за тое, што голас беларускіх жанчын, у тым ліку тых, хто прайшоў праз турмы, пачуты на ўзроўні ААН. Адмова ўладаў прызнаць мандат дакладчыка і спробы назваць рэкамендацыі ААН «цкаваннем» толькі пацвярджаюць, што рэжым не збіраецца нічога змяняць добраахвотна. Таму мы заклікаем міжнародную супольнасць патрабаваць вызвалення ўсіх палітвязніц і палітвязняў, падтрымліваць беларускія жаночыя ініцыятывы і ўлічваць гендарнае вымярэнне ў кожным рашэнні адносна Беларусі. З нашага боку мы працягнем дакументаваць парушэнні і ўжо сёння распрацоўваць палітыкі інклюзіўнасці і роўнасці для Новай Беларусі. Бо дэмакратычная Беларусь немагчымая без роўных правоў і бяспекі для кожнай жанчыны».
