
«Радыё Свабода» пагаварыла зь беларусамі, якія прывезьлі ў эміграцыю сваіх жывёлаў — пра тое, навошта ім гэта, як дорага гэта абыходзіцца і дзе хвастатым лепш жывецца. Гісторыі жывёлаў-эмігрантаў: лябрадора Волі, котак Эліс і Малі, а таксама кабылы Мары, якая так і ня здолела выехаць за мяжу.
Хатнія гадаванцы часам едуць усьлед за гаспадарамі ў эміграцыю. Для многіх гэтае выпрабаваньне становіцца першым падарожжам за мяжу ў жыцьці. І адначасова вялізным стрэсам. Жывёлы звычайна не сумуюць па Беларусі, адрозна ад іхных уласьнікаў, але, здараецца, сумуюць па сваім чалавеку. А для чалавека яны, бывае, і ёсьць — часьцінка Беларусі.
Жыць у эміграцыі з сваім гадаванцам часта азначае большыя выдаткі ня столькі на харчаваньне, колькі на вэтэрынараў і кампэнсацыю магчымай шкоды маёмасьці ад выбрыкаў сваіх улюбёнцаў. Узьнікаюць праблемы з тым, каб зьняць кватэру. Часам даводзіцца плаціць за пахаваньне.
«Радыё Свабода» пагаварыла зь беларусамі, якія прывезьлі з сабой у эміграцыю сваіх жывёлаў, пра тое, навошта ім гэта, як дорага гэта абыходзіцца і дзе хвастатым лепш жывецца. Расказваем гісторыі жывёлаў-эмігрантаў: лябрадора Волі, котак Эліс і Малі, а таксама кабылы Мары, якая так і ня здолела выехаць за мяжу.
«Наш „кракадзіл“»
Лябрадору Волі шэсьць гадоў. Яго назвалі ў гонар Дня Волі, бо нарадзіўся малы на наступны дзень пасьля сьвята, 26 сакавіка, недзе ў вёсцы пад Менскам. Шчанюка прадалі новым уласьнікам прыкладна за сто даляраў, як ня чыста пародзістага, расказвае ягоны гаспадар, дызайнэр і блогер Стась Карпаў. На ўзьбярэжжы Чорнага мора беларускі лябрадор жыве ўжо даўжэй, чым на Меншчыне.

Калі Волі было два гады, яго ўпершыню пасадзілі на самалёт, і ён паляцеў за мяжу — у Грузію. Бо там на яго ўжо чакалі гаспадары, якія зьехалі па працы за паўгоду перад ім і плянавалі неўзабаве вяртацца дадому. Аднак сужэнцы ўрэшце зразумелі, што ехаць на радзіму ім небясьпечна, і засталіся за мяжой, працягвае аповед Стась Карпаў. Пакуль гаспадароў не было ў Беларусі, за Волі прыглядала кіноляг.
«Яго можна было аддаць бацькам. Але мы такі варыянт не разглядалі. Ён у маладосьці быў абсалютна кракадзілападобны і прыпылены сабака. І ніхто з бацькоў яму б ня даў рады. А мы зь ім нармальна. Мы яго любім. І забралі яго. Гэта наш сабака», — расказвае Стась пра тое, ці яны з жонкай разглядалі варыянт пакінуць гадаванца ў Беларусі.
У сабакі для палёту быў эўрапашпарт і патрэбныя прышчэпкі. Гэтым некалькі тыдняў займаліся ў Беларусі кіноляг і родныя Карпава. Заяўку на палёт жывёліны трэба было падаваць у авіякампанію загадзя і чакаць ухваленьня. Суправаджалі Волі родныя Стася. Лябрадор ляцеў у вялікай пераносцы, якая, нават ужываная, каштавала каля трохсот даляраў. Жывёлаў загружалі ў багажнае аддзяленьне раней за пасадку пасажыраў. Потым быў яшчэ кавалак шляху маршруткай у сьпёку. У дарозе сабака правёў агулам каля дзесяці гадзін, успамінае Стась.
«Для сабак гэта стрэс. Калі ён выгрузіўся, ён быў абсалютна ашалелы, круціў галавой, у невядомым месцы. Відаць было, што ён змораны, хістаўся нават. Горача было, градусаў трыццаць», — успамінае суразмоўца.
У Беларусі ў Волі былі лепшыя ўмовы, мяркуе Стась. Там яны часта бывалі за горадам, сабака больш гуляў. У Грузіі лябрадор жыве ў кватэры. На шпацырах Волі часам трапляе ў канфлікты. У сабачыя канфлікты. У Грузіі шмат бадзяжных сабак. Кожны двор і кут «кантралюе» пэўны сабака. Таму, калі да іхную тэрыторыю зазірае «чужак» — такі, як хатні гадаванец — дварнякі імкнуцца яго прагнаць або напасьці на яго. Перавага жыцьця ў Грузіі — мора, у якім Волі любіць плаваць.

Волі наўрад ці сумуе па Беларусі, мяркуе Стась. Але яму бракуе сьнегу. Калі ў Грузіі выпаў сьнег, Волі яму ўзрадаваўся.
Значная частка выдаткаў, зьвязаная з сабакам, — праз тое, што Волі нешта грызе, псуе і агулам сваволіць адпаведна свайму імені, адзначае Стась.
«Пакуль мы вазілі рэчы, наш „кракадзіл“ зьеў палову дзьвярэй і згрыз туалетны столік. Пасьля ён зьеў дарагія фіранкі ўжо ў іншай кватэры. Нармальна ён нас пастаянна выстаўляў на „бабкі“. Калі мы сыходзім, яму не падабаецца, што ён адзін. Ён зрывае фіранкі — адныя, другія, трэція, складвае іх у гняздо і кладзе зьверху ўнітазны яршок. Ці адгрызе ад пыласмока дрот», — успамінае Стась.
Фіранкі — $600, столік — 200$, дзьверы — $200, мультыварка — $100, пералічвае гаспадар, у якія сумы ім абыходзяцца выхадкі Волі.

Харчаваньне для Волі каштуе $100–150 на месяц. Больш сур’ёзныя выдаткі — калі сабака хварэе. Нядаўна Волі атруціўся. За вэтэрынарныя абсьледаваньні і спэцыяльны корм на некалькі дзён трэба было заплаціць $100. Яшчэ ў Беларусі праз праблемы з лапай Волі ім трэба было заплаціць за мэдычныя паслугі $1000.
«Гэта любімая істота, сьмешная, дурная, якая псуе табе нэрвы, забірае час. Але ты яе любіш. Яна цябе любіць. У цэлым людзі ня вельмі рацыянальныя істоты. Так весялей, так прыемней», — усьміхаецца Стась.
«Маё беларускае золата»
Рудой беларускай котцы Эліс было 11 гадоў. Апошнія тры зь іх яна пражыла за мяжой — у Літве і Польшчы. Эліс памерла ў Варшаве пасьля няшчаснага здарэньня. Ейная гаспадыня музыка Ганна Лепяшкевіч цяпер мае дома урну з прахам улюбленай коткі, а таксама кулён на шыі з попелам ад Эліс.

Рудое кацяня з кацінай выставы прынёс дадому бацька Ганны, калі дзяўчына зьехала вучыцца — каб дома жыў хтосьці замест дачкі. Пазьней Эліс стала коткай Ганны. У канцы 2020 году дзяўчына вымушана зьехала зь Беларусі ў Літву. Амаль праз тры гады ёй прывезьлі ў Вільню ейную котку.
«Бо я яе вельмі люблю. Бо гэта мая сям’я. Я яе дома называла „беларускім золатам“. Яна ў мяне рудзенькая, яна зь Беларусі. У эміграцыі вельмі важна, што яна са мной, частка маёй сям’і, частка Беларусі», — праз сьлёзы кажа Ганна пра Эліс.
Паслугі перавозкі зь Менску каштавалі 400 эўра. Сабакаў і катоў разам перавозілі ў клетках у фургоне. Яшчэ 350 эўра закладу беларуска мела дадаткова заплаціць уласьнікам арэнднай кватэры, каб ёй дазволілі жыць з жывёлінай. Калі Ганна зьяжджала з гэтай кватэры, зь ейнага закладу вылічылі каля 150 эўра ня толькі на звычайны клінінг, але і на апрацоўку кватэры ад жывёлаў.
«Гэта таго каштавала. Я ніводнага разу не падумала, што я зрабіла нешта ня так. Гэта сямейнік, самая блізкая частка маёй беларускай сям’і, якая са мной магла быць у эміграцыі», — дзеліцца Ганна.

Пазьней Ганна з Эліс перажылі яшчэ адзін сумесны пераезд, калі перасяляліся жыць у Польшчу. Кожную доўгую дарогу котка перажывала як моцны стрэс, расказвае суразмоўца.
«Шэсьць гадзін дарогі зь Вільні да Беластоку яна плакала ў мяне на руках», — успамінае суразмоўца.
У Беластоку Ганна некалькі разоў зьмяняла кватэры. Кажа, што проста не адгукалася на абвесткі, дзе было пазначана, што нельга жыць з жывёламі. На думку Ганны, найлепшыя ўмовы для коткі былі ў Вільні, бо там дзяўчына жыла адна, для коткі было дастаткова месца. У Беластоку Ганна жыла на кватэры разам з хлопцам, які абмяжоўваў котку, не пускаў яе ў іхную спальню, хаця раней Эліс спала побач з Ганнай.

Суразмоўца мяркуе, што Эліс не сумавала па Беларусі, бо яна котка. Але сумавала па Ганьне, калі тая зьяжджала на некалькі дзён.
Эліс — пародзісты мэйн-кун, котка вялікіх памераў. Гаспадыня набывала для яе якасны корм з 80% мяса і напаўняльнік для туалету. Раз на год рабіла абавязковыя прышчэпкі і мэдычныя працэдуры. Ганна ня памятае сумы, якія траціла на котку, але кажа, што мела ў фінансавай аплікацыі асобную тэчку з выдаткамі на Эліс.
Сёлета ў пачатку жніўня Ганна зьехала на некалькі дзён на фэстываль Letucień у Кракаў, каб выступаць з гістарычным клюбам Invictus 1863. Котку яна пакінула з сваім хлопцам. Калі дзяўчына вярнулася дадому, то котка ня выйшла яе сустракаць. Жывёліна ляжала і не магла ўстаць. На хрыбетніку Ганна намацала быццам бы пухір з вадкасьцю.
З словаў суразмоўцы, хлопец спачатку казаў ёй, што пры ім котка была ў парадку, і не расказваў, што здарылася. Ганна адразу павезла котку да вэтэрынара ў Беластоку, адтуль — у Варшаву. Высьветлілася, што ў Эліс былі зламаныя чатыры рабры, прабітая нырка, пашкоджаная грудная клетка, моцны ўдар унутраных органаў. Вэтэрынар сказаў, што такія траўмы котка магла б атрымаць, калі б яе зьбіла машына. Але звычайна Эліс на вуліцу не выпускалі. Толькі пазьней хлопец расказаў Ганьне, што котка выпала з балькону. Але яна ня ведае, ці гэта праўда. Як ня ведае, ці котка выпала сама, ці хлопец яе выкінуў.

Эліс зрабілі апэрацыю, пакінулі на некалькі дзён у шпіталі. Урэшце лекары сьцьвердзілі, што яна ня мае шанцу выжыць. Таму Эліс усыпілі. На лекаваньне коткі і на рытуальныя паслугі Ганна адкрыла збор. Яна тлумачыць, што ня здолела б аплаціць усё сама. Да таго ж у яе самой абвастрыліся праблемы здароўя, зроку, на фоне перажываньняў за котку.
Людзі ахвяравалі Ганьне каля 4,3 тысячы эўра. На аплаты пайшло каля 2,4 тысячы. Дзяўчына расказвае, што крэмацыя коткі асобна, а ня разам зь іншымі жывёламі, каштавала каля 1000 злотых. Празь некалькі тыдняў ёй прыслалі урну з прахам Эліс. Урну і кулён з попелам коткі дзяўчына аплачвала з сваіх сродкаў. Рэшту грошай, якія засталіся ад збору, Ганна перавяла беластоцкаму прытулку для жывёлаў.
Пасьля здарэньня з коткай Ганна рассталася з сваім хлопцам-палякам. Яна спачатку хацела заявіць на яго ў паліцыю. Але потым вырашыла гэтага не рабіць, бо сама адчувае сябе хістка ў Польшчы, бо яшчэ толькі чакае дазволу на жыхарства ў краіне.
«Дом — там, дзе котка»
Яшчэ адна беларуская котка Маля ўпершыню выехала за мяжу ў пажылым узросьце. Цяпер ёй 14 гадоў. Малю перавезьлі зь Менску ў Польшчу два гады таму. Ейная гаспадыня Дар’я* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) зьехала з краіны празь перасьлед. Котку перавезьлі ёй праз пяць месяцаў. Перад паездкай Малі рабілі абавязковыя прышчэпкі — першы раз у жыцьці. Яна складана перажыла гэтую працэдуру: «Вырывалася ў вэтэрынарным кабінэце, разадрала зэдлік, ванітавала», — расказвае Дар’я.
Паслуга перавозкі каштавала 400 эўра, працягвае суразмоўца. Котку везьлі ў асобнай клетцы разам зь іншымі катамі і сабакамі ў клетках у прыстасаваным пад гэта аўтамабілі. Дарога заняла два дні. Котку ўвесь гэты час не даставалі з клеткі, хоць сабак часам выводзілі на шпацыр.
«Пасьля прыезду Маля адразу пазнала мой голас. Мне здаецца, Маля жыве цяпер сваё найлепшае жыцьцё. Яна шчасьлівая. Яна стала ласкавая. Малі вельмі падабаецца менавіта са мной, бо яна прывязаная да чалавека», — мяркуе Дар’я.

Дзяўчына думае, што Маля не сумуе па Беларусі, бо ёй добра побач з чалавекам, які яе любіць. Пасьля ад’езду гаспадыні котка некалькі месяцаў жыла з роднымі Дар’і, якія ня мелі сантымэнтаў да жывёлаў. Дзяўчына не выключала, што ейную котку могуць проста выкінуць на вуліцу. Урэшце блізкія аплацілі ўсе выдаткі на перавозку коткі. З чаго Дар’я робіць выснову, што яны хацелі хутчэй пазбавіцца ад лішняй адказнасьці. У самой дзяўчыны цяпер спакайнейшае жыцьцё, яна больш часу праводзіць дома, і таму, мяркуе, котцы таксама больш спакойна так жыць.
«Я столькі ўсяго перажыла ў жыцьці: і складаныя адносіны, і пратэсты ў 2020 годзе. Толькі адна істота са мной увесь час была і бачыла мяне ўва ўсіх станах: калі я рыдаю, калі я ў стрэсе, калі я прыйшла ўзбуджаная пасьля рок-канцэрту і трасу дома галавой. Гэта Маля. Яна дае мне адчуваньне дому і найбліжэйшай істоты. Дом — там, дзе котка», — кажа Дар’я.

Беларуска мела складанасьці з арэндай кватэры разам з коткай. Пры пошуку жытла яна выстаўляла на сайце фільтар «можна з жывёламі». Звычайна такія кватэры каштавалі даражэй за іншыя, расказвае Дар’я. На харчаваньне Малі яна траціць 20–25 эўра ў месяц. З бонусаў — у яе зьявіліся шмат знаёмых уласьнікаў катоў. Сябры аддаюць Дар’і сваіх жывёлаў на ператрымку, калі зьяжджаюць у падарожжы. Беларуска задумалася пра тое, што ў будучыні можа зарабляць на гэтым.
Дар’я расказвае, што хацела перавезьці ў Польшчу і сваю кабылу Мару* (мянушка на просьбу суразмоўцы зьмененая. — РС). Знаёмая Дар’і перавезла свайго каня за мяжу ў 2023 годзе. Тады яна заплаціла за паслугу 2500 эўра. З словаў Дар’і, такімі перавозкамі займалася толькі адна фірма. Везьці буйных жывёлаў можна было толькі празь літоўскую мяжу. Праз год Дар’і агучылі большую цану — 3500 эўра за аналягічную паслугу.

Дзяўчына мела амаль усю суму для перавозкі — 3000 эўра. У Мары былі неабходныя для падарожжа прышчэпкі і мікрачып. Дар’я даведалася, што месца для каня ў польскай стайні каштавала б каля 300 эўра на месяц. Корм трэба было б купляць дадаткова.
Аднак Дар’я не дамовілася з мужам наконт перавозкі іхнага сумеснага гадаванца. У гэты час пара разышлася. Дзяўчыну папярэдзілі, што неўзабаве яе звольняць з працы ў Польшчы. Яна шукала іншую працу і хвалявалася, ці хопіць грошай, каб утрымаць сябе саму.
Урэшце Мара засталася жыць у Беларусі. Ёю апякуюцца іншыя людзі. Часам Дар’і шлюць фота кабылы. Дзяўчына ведае, што з жывёлінай усё ў парадку. У коней кароткая памяць, таму за некалькі гадоў Мара ўжо забылася сваю першую гаспадыню, тлумачыць суразмоўца. Да таго ж цяпер перавезьці буйную жывёліну зь Беларусі ў Эўразьвяз немагчыма праз санкцыі, а Дар’і небясьпечна ехаць у Беларусь.
«Любоў — гэта больш, чым проста валодаць. Любоў — гэта ведаць, што з тваёй любімай істотай усё ў парадку, яна здаровая і дагледжаная», — кажа Дар’я.
