Cа шклоўскай калёніі ў ЗША. Аповед палітвязьня з Ваўкавыска

Сям’я Фаміных – «сьвежыя эмігранты» у ЗША. Прывыкаюць да краіны і новага жыцьця. Аднак яшчэ да нядаўняга часу Алег і Наста былі палітвязьнямі і адбывалі пакараньне. Ён да гэтага часу перажывае псыхалягічны стан турэмнага сядзельца, піша bielarus.info.

Алег адсядзеў 2.5 года агульнага рэжыму за «гвалт альбо пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў» (арт.364 КК РБ). Таксама Алег выплаціў «пацярпеламу» міліцыянту Вячаславу Іванову 2000 рублёў. Анастасія, як саўдзельніца злачынства, атрымала «хатнюю хімію».

48-гадовы жыхар Ваўкавыска быў затрыманы разам з жонкай 15 жніўня 2020 года, якраз праз некалькі дзён пасьля так званых выбараў.  Па словах Алега Фаміна, да таго моманту ён ніякай палітычнай актыўнасьці не праяўляў, жыў жыцьцём звычайнага беларуса. Меў дом, невялічкі агарод і месца на рынку, якое карміла сям’ю.

Наста доўгі час працавала мікрабіёлагам на прадпрыемстве, але ў 2020 годзе звольнілася і занялася ўласнай справай – грумінгам.

Сусед-міліцыянт 

«Да 2020 года я часта чуў пра тое, што ў Беларусі выбары ўвесь час фальсіфікуюцца. Але на апошніх выбарах мне проста стала цікава, а ці так гэта? 9 жніўня ўвечары, ужо пасьля закрыцьця выбарчага ўчастка, я пайшоў даведацца, якія вынікі? На гэты раз я удзельнічаў і галасаваў за Сьвятлану Ціханоўскую. Я сам бачыў, як у прыпаркаваны “Фольксвагэн” чальцы камісіі выносілі нейкія паперы, а новыя заносілі ў залю. Магчыма, што гэта былі бюлетэні для галасаваньня… 

 Калі на мой званок адкрылі дзьверы на выбарчым участку, я спытаў, дзе можна азнаёміцца з пратаколам галасаваньня? Але замест таго, каб паказаць пратакол, што павінен вывешвацца для ўсеагульнага агляду, на мяне вахцёр і ахоўнік выклікалі нарад міліцыі. Была доўгая размова з двума міліцыянтамі, але выніковы пратакол так і не паказалі. 

Не дабіўшыся жаданага, пайшоў на плошчу ў цэнтр Ваўкавыска. Але не даўшоў. Пачуў крыкі і енкі і ўбачыў пару дзяўчын і хлопца, магчыма студэнтаў, якія былі пабітыя. Дзяўчынкі расказалі, што пабілі міліцыянты. У адной з іх быў шнар на наге ад гумовага дручка», – расказвае Алег Фамін.

На наступны дзень ён вырашыў зноў ісьці ўвечары на вуліцу. Праходзячы каля плошчы, убачыў, як выстройваеццца міліцыя са шчытамі. Некаторыя былі ў бронекамізэльках і з табельнай зброяй. Непадалёк стаялі некалькі чалавек моладзі і пару дзесяткаў дарослых. Міліцыя пасьля пастраеньня рушыла на іх. Пачаўся масавы хапун і зьбіццё людзей. Алег кажа, што ў гэтым разгоне ўдзельнічаў ягоны сусед – міліцыянт Вячаслаў Іваноў. 

Паміж Івановым і Фаміным былі звычайныя суседскія адносіны. Сябрамі яны не былі, але заўсёды віталіся. Сітуацыя кардынальна зьмянілася пасля выбараў. 

«Я памятаю шалёныя вочы Іванова, які быў узбуджаны і, напэўна,  задаволены, што бліскуча расправіўся з пратэстоўцамі. На наступны дзень, 11 жніўня, я зноў прыйшоў на плошчу. Праходзячы, павіншаваў суседа з «дасканала выкананай апэрацыяй». У той жа дзень мяне затрымалі, прысудзілі двое сутак арышту і далі 5 базавых велічынь штрафу. 13-га жніўня я выйшаў позна ўвечары», – распавёў Алег.

15 жніўня Алег і Наста Фаміны вярнуліся пасьля чарговай акцыі пратэсту. Якраз у гэты вечар бацькі міліцыянта Іванова сьвяткавалі юбілей. Алег Фамін убачыў, як з дому выйшаў Вячаслаў Іваноў і вырашыў з ім пагутарыць. Падыйшоў да дома ягоных бацькоў. Але размова не заладзілася і прывяла да бойкі. Міліцыянт першым ударыў суразмоўцу ў твар. Алег адказаў. Выбеглі сваякі міліцыянта  і пачалі зьбіваць Алега. Жонцы Насце, якая прыбегла на падмогу, таксама дасталася. Сямёра білі дваіх. У той вечар скрываўлены Алег не выйшаў на волю. За ім прыехала міліцыя.

У РАУСе тагачасны начальнік Віталь Асоцкі “адпаласкаў” Фаміна гумовым дручком. Пасьля трох дзён зьняволеньня яго адвезьлі ў лякарню з гематомамі, зрабілі апэрацыю. Там ён 6 сутак знаходзіўся пад вартай чацьвярых міліцыянтаў і ў кайданках.

Паліьтзняволеныя ў калёніі на асаблівым рэжыме

Напачатку мужчыну утрымоўвалі ў Ваўкавыскім ізалятары часовага ўтрыманьня. Пасьля суда перавялі ў турму №1 горада Гродна, а потым  у Шклоўскую калёнію №17. На судзе ні Алег, на Наста сваёй віны не прызналі. 

Пра турму зараз Алег можа распавесьці вельмі шмат. За час адбываньня пакараньня, кажа, што азнаёміўся з усімі правіламі і канонамі адсідкі.

«Да палітзьняволеных было асаблівае стаўленьне. За любую «правіннасць», хоць насамрэч нічога не парушаў, слова якое не спадабалася, цябе караюць, бо ты палітзьняволены. Атрымаць штрафны ізалятар – гэта элементарная справа. Асабліва перад выхадам на волю. Супрацоўнікі часта зьдзекаваліся з людзей, без прычын. Самыя злосныя парушальнікі вісяць на лістку. У гэтым сьпісе заўсёды ёсьць палітзьняволеныя. Але мы пра яго казалі, што гэта наша дошка гонару. Але тых, хто ў сьпісе, пазбаўляюць нават мінімальных правоў  і бэнэфітаў – пасылак, спатканьняў усіх відаў, абмежаваньняў па ежы і зносінах з іншымі», – успамінае суразмоўца.  

Палітычным сядзельцам была забарона на наведваньне стадыёна і спартыўных секцый. Адзін час ў шклоўскай калёніі была забарона на наведваньне бібліятэкі і царквы. Але потым адміністрацыя ўсё ж гэта дазволіла. 

Здаралася часам, што палітзьняволеныя траплялі ў адну камэру. Алег адзін час сядзеў разам з беларускамоўным паэтам з Жодзіна Сяргеем Лаўкайцісам. Адзін час там адбываў пакараньне філёзаф Уладзімір Мацкевіч. Акрамя некаторых беларускамоўных сядзельцаў у калёніі па-беларуску было толькі адно слова “ЛАЗНЯ”.

Бачыў Алег і Паўла Севярынца. Сустракаўся з ім на прамзоне і ў штабе. Павел нават і ў зоне па магчымасьці хадзіў у царкву. Аб ім склалася самае лепшае ўражаньне ў палітычных. 

«Я бачыў у Паўле моц і выхаванасьць. Аднак ён быў самым “злосным парушальнікам” парадку. Кожны месяц атрымоўваў пакараньне. Ці знаходзіцца павел ў штрафным ізалятары мы даведваліся ў сталоўцы. Глядзелі, калі заходзіў 17 атрад. Калі там не было Паўла, то значыць ён адбывае чарговае пакараньне», – распавёў суразмоўца. Ён “адкатваў” больш за ўсіх. 

Алег таксама распавёў, як з былым карэспандэнтам «Першага рэгіёна» Сяргеем Гардзіевічам і іншымі палітычнымі рабілі на Новы год торт. Тады хтосьці набываў каржы, хтосьці раздабыў згушчонкі, масла, цукра. Алег кажа, што ён прынёс гарэхі. Але гэта ўсё было небясьпечна. Можна было атрымаць пакараньне нават за жаданьне малюсенькага кавалачка сьвята…

Пра сьмерць Ашурка даведаўся не адразу

Трое сутак Алег правёў у гродзенскай турме разам з Вітольдам Ашуркам. 

«Разам з Вітольдам сядзелі разам трое сутак у камэры №164, дзе знаходзілася 8 чалавек. Потым яго перавялі ў іншую. Ён тады добра выглядаў, на здароўе не скардзіўся. Мы нават адзін раз хадзілі разам на шпацыр. На вуліцы было шмат сьнега, сукамернікі адмовіліся ад шпацыра, а мы пайшлі. Ён увесь час разважаў пра будучае Беларусі. Меркаваў, як будзе пасьля Лукашэнкі. Ён быў аптымістам, верыў у Бога і спадзяваўся на лепшае. 

Вітольд увесь час казаў, што мы да канца не адсядзім, што нас вызваляць. Зараджаў сваім бачаньнем іншых. Тры дні, што мы былі разам, я назіраў, як ён адказваў на пісьмы, якія яму прысылалі ў вялікай колькасьці. У яго быў каліграфічны почырк… 

Людзі, што сядзелі з намі ў камэры, былі забойцамі. У асноўным усе зьдзейсьненныя імі злачынствы адбываліся праз алкаголь. Але некаторыя з іх таксама цікавіліся палітыкай, задавалі пытаньні Ашурку, уступалі ў палеміку.  

Аб сьмерці Вітольда я даведаўся толькі праз некалькі дзён у гутарцы з Настай. Бо не было на зоне ніякай інфармацыі пра гэта», – ўспамінае з сумам Алег. – Версію пра тое, што яго забілі, я дапускаю, як абсалютна верагодную. Бачыў, якія адносіны да так званых палітычных. Там забіць чалавека, ўвогуле, няма ніякіх праблем».

Стаяў на прафілактычным уліку, працаваў у кацельні

Як расказаў былы зьняволены, практычна ўсіх затрыманых па «палітычных артыкулах» ставяць на прафілактычны ўлік як «схільных да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў». Некаторым дадаюць іншыя прафулікі. Напрыклад, «схільнага да гвалту да адміністрацыі і захопу закладнікаў», «схільнага да суіцыду і членашкодніцтва», «схільнага да ўцёкаў» і г.д. У Алега Фаміна быў 3-ці і 10-ы прафулік. Па яго словах, усяго існуе 10 катэгорый прафулікаў. 

Таксама ў калёніі выкарыстоўваюць жоўтыя біркі, каб пазначаць палітычных. Дарэчы, упершыню аб тым, што «палітычным» зняволеным, асуджаным за падзеі 2020 года нашываюць жоўтыя біркі ў шклоўскай калёніі, распавёў у сваіх лістах на волю загінулы Вітольд Ашурак. 

Ёсьць яшчэ і чырвоныя біркі. Такія нашываюць тым, хто схільны да пабегу. З чырвонай біркай не дапускалі нават да працы, яны сядзелі ўвесь час у бараку.

«Абстаноўка ў калёніях і турмах складаная. Ня ведаеш, каму можна давяраць, а каму не. Бо цяпер ты п’еш гарбату з кімсьці, а праз паўгадзіны аб вашых размовах ужо ведае адміністрацыя. Там людзі сядзяць па 15-20 гадоў. Вядома, што яны гатовыя боты лізаць ахоўнікам, каб толькі зьменьшыць свой тэрмін. Там стукач на стукачу сядзіць і суткачом паганяе. Многіх прымусілі і завербавалі. Бывала і такое, што нехта нават лічыў, колькі раз я схадзіў у туалет і ў які час. Там усе і ўсё знаходзіцца пад каўпаком», – кажа мой суразмоўца. 

Таксама ў калёніі трэба было працаваць. Алег трапіў у кацельню. Рабіў на спецыяльнай машыне дранку, якую выкарыстоўвалі як паліва для катлоў. Хтосьці на прамзоне шыў вопратку, хтосьці абутак, хтосьці рабіў плітку і бардзюры.

«На працы можна было сустрэць вельмі розных людзей. Для прыкладу, фрэзероўшчыкам на рамонтна-механічным участку працаваў былы дырэктар станкабудаўнічага завода з Віцебска Сяргей Міхайлавіч Баяшоў. Чалавек, які сам рабіў калісьці станкі, стаяў за станком на зоне. Ён аднойчы перанёс інсульт на працоўным месцы. Яго адвялі ў санчастку, далі валідола і зноў адправілі за станок», – кажа суразмоўца.

Абсталяваньне, па словах Алега, у цахах зношанае і старое. На адным з участкаў стаяў такарны станок 1936 года, вывезены пасьля вайны з Нямеччыны. І на ім на ўсю поўніцу працавалі. Траўматызм быў жахлівы. Кожны месяц здараліся няшчасныя выпадкі, асабліва ў тых, хто працаваў з дрэвам. То руку там раздробіць, то пальцы адрэжа, то прыцісьне нечым…

«Наш 13-ы атрад працаваў альбо ў кацельні, як я, альбо ў механізаваным двары слесарамі па рамонту тэхнікі. Туды бралі тых, хто разьбіраўся, як палітвязень Сяргей Гардзіевіч з Драгічына. За час адсідкі я зарабіў на зоне 540 рублёў. Але заробак там такі: за люты можаш атрымаць 45 рублёў, а за ліпень – 5. Быў нават заробак і ў 1 капейку! Бо які ацяпляльны сэзон летам? Мы з жонкай тады моцна сьмяяліся. І з гэтых грошай яшчэ трэба падатак аддаць дзяржаве. А які падатак з капейкі?» 

Праз Польшчу ў Мэксіку да канечнай – ЗША!

Сям’я Фаміных ужо другі месяц як пераехала ў каліфарнійскі горад Сан-Дыега. Ён прыйшоўся ім да спадобы. Яны зьнялі за 1200 даляраў трэйлер з усімі ўмовамі, як сапраўдны дом. Там ёсьць душ, кухня, спальні. 

Пасьля зьняволеньня жыць у суседняй Польшчы ці Літве адмовіліся. Хацелася падалей. Алег гэта тлумачыць тым, што шмат былых ваўкавыскіх міліцыянтаў працуе там. А сустракацца з імі ўвогуле не хочацца ні пры якіх абставінах. Таму на сямейным савеце было вырашана паспрабаваць новае жыцьцё ў ЗША. 

Фаміны выехалі праз Польшчу ў Мэксіку па турыстычнай візе. Адтуль, як і шматлікія ўцекачы, перайшлі мэксікана-амэрыканскую мяжу. Як гэта лепей зрабіць, глядзелі парады на юцюбе. 

Наста, жонка Алега, кажа, што выбар краіны, куды з’ехаць, быў прыняты невыпадкова. Некалькі год яна наймала рэпетытара дачцэ, каб тая вучыла ангельскую. Таму сям’я і абрала ЗША, каб практыкаваць мову. Наста кажа, што зараз Вікторыі ў школе нескладана. Яна лягчэй за ўсіх праходзіць працэс адаптацыі. 28 красавіка дачка будзе сьвяткаваць 13 год ужо ў новай краіне. 

«Пераезд – гэта дзікі стрэс. Вядома, што цяпер цяжка, але мы будзем змагацца. У мяне за месяц перад вызваленьнем Алега дома быў ператрус. Да мяне прыехалі са зброяй, перавярнулі ўсё, палохалі сабакамі. Пыталіся ў якіх я экстрэмісцкіх чатах знаходжуся. Гэта такі псыхалягічны ціск . Зараз нас атачаюць пазітыўныя, адкрытыя і прыемныя людзі. Вакол прыгажосьць: паркі, зеляніна, кветкі, сонца, бяскрайні акіян. А самае радаснае, што наша сям’я разам. Таму жывём і радуемся жыцьцю», – кажа Наста Фаміна.

«Больш за ўсіх падабаецца нашай дачцэ Вікторыі. Ёй хутка будзе 13 год. У яе добра ідзе ангельская мова. Яна ўжо знайшла сабе сябровак і кажа, што нікуды адсюль не паедзе. Таксама ня дрэнная мова і ў Насты. А я 25 год прастаяў на рынку, не развіваўся ў гэты бок, таму мне складаней за ўсіх», – дадае Алег.

Алег чакае дакумэнтаў, каб выйсьці на працу. Але кажа, што псыхалягічна яму складана. Па ягоных словах, кожны дзень яго псыхалягічна цягне назад у турму. Кожную раніцу ён прачынаецца менавіта з такімі думкамі. Алег з гэтым змагаецца і спадзяецца, што калі выйдзе на працу, усё павінна зьмяніцца.

Анёл – ахоўнік

Дапамогу, сустрэчу на мяжы і знаёмства з мясцовасьцю сям’і Фаміных дапамаглі арганізаваць беларусы Каліфорніі. Адна з іх – сям’я Скарабагатых з Сан-Дыега, а таксама Надзея Нортан, кіраўніца Асацыяцыі Беларусаў Амэрыкі (ABA) з Сан-Францыска. Яе Фаміны лічыць сваім Анёлам – ахоўнікам, бо яна шмат зрабіла і працягвае рабіць для гэтай сям’і.

«Усё пачалося з набыцьця падарункаў дзецям праз праэкт DISSIDENTBY на Новы год. Мне рандомна трапілася сям’я Фаміных. Я набывала навагоднія падарункі за грошы сабраныя суполкай беларусаў Сан-Францыска для дзяцей палітвязней, у тым ліку і  для дачкі Фаміных. Камунікацыя спачатку адбывалася ананімна, але ж калі калядны падарунак быў дастаўлены, яны даведаліся, што гэта ад беларусаў з Каліфорніі, такім чынам мы і пазнаёміліся. Тады я даведалася, што яны хочуць эміграваць з Беларусі і яны разглядалі некалькі варыянтаў. Пасьля нашай размовы Фаміны вырашылі ехаць у Каліфорнію. Тут таксама ў іх былі варыяцыі гарадоў. Асабіста я раіла ім Сакрамэнта. Гэты горад зручны для эмігрантаў, бо там ёсьць падтрымка для навічкоў. Але Фаміны абралі Сан-Дыега. Я пазнаёміла іх  з мясцовымі беларусамі», – кажа Надзея Нортан.

Алег Фамін яшчэ не здаў на аўтамабільныя правы, але рыхтуецца і ўжо запісаўся на здачу. Фаміны шчасьлівыя, што разам і ў бясьпецы. Яны вераць у тое, што калісьці вернуцца ў свабодную Беларусь. Хаця б у госьці – да сваякоў. 

Алесь Пазьняк, bielarus.info,
здымкі прадастаўлены Надзеяй Нортан