
Выстава да 150-годдзя з дня нараджэння беларуска-польскага фатографа Яна Булгака адкрылася 7 кастрычніка ў Доме сігнатараў у Вільні. Ён пакінуў пасля сябе спадчыну, якая з’яўляецца нацыянальнай каштоўнасцю трох краін – Беларусі, Польшчы і Літвы.
На працягу больш чым трох дзесяцігоддзяў (1912–1944) ён стварыў вялізны архіў здымкаў Вільні, які стаў важным сведчаннем гісторыі горада. Частка гэтых фотаздымкаў і была прадстаўленая на выставе.
Ян Булгак імкнуўся зафіксаваць і захаваць дакументальную спадчыну. У яго творах захаваліся асаблівыя рысы Вільні – святло і цемра гарадскога пейзажу, цені, якія гуляюць па віленскіх вуліцах і завулках. На фотаздымках прысутныя таксама змаглі пабачыць вобразы Вільні падчас Другой сусветнай вайны. Здымкі на фотавыставе сведчаць пра два кантрасныя абліччы аднаго горада: адзін, які будуецца, і другі, які руйнуецца, поўны прыгажосці, але пазначаны стратамі.
Булгак лічыцца адным з найбольш значных прадстаўнікоў піктарыялізму. Імкнучыся наблізіць фатаграфію да жывапісу, ён надаваў асаблівую ўвагу кампазіцыі і эстэтычнаму ўздзеянню выявы.
Выстава фотаздымкаў Яна Булгака ў віленскім Доме сігнатараў на Замкавай вуліцы будзе працаваць па 6 студзеня.








Таццяна Смоткіна, racyja.com
