
У выпадку нападу Расіі NATO у адказ ударыць у тым ліку па Беларусі. Пра гэта на форуме бяспекі ў Варшаве заявіў Вярхоўны галоўнакамандуючы Аб’яднанымі ўзброенымі сіламі NATO у Еўропе Алексус Грынкевіч, піша The Wall Street Journal.
У сваім выступе ён прадставіў план абароны Паўночнаатлантычнага альянсу. Мэта плана — спыніць расійскую агрэсію на самым пачатку, а ў выпадку яе працягу — пазбавіць праціўніка магчымасці кіраваць сваімі сіламі і забяспечваць іх.
Грынкевіч не лічыць, што такі канфлікт непазбежна разгарыцца ці пачнецца неўзабаве: “Але, улічваючы маштаб дзейнасці, звязанай з дыверсіямі і падпаламі, думаю, што насельніцтва краінаў нашага альянсу крыху нервуецца. І я хачу запэўніць мільярд грамадзянаў нашага альянсу: мы дамо рады”.
Згодна з планам мяркуецца стварыць шырокую “аўтаномную зону”, у якой расійскі наступ будуць стрымліваць дроны і наземныя робаты, каб не было значных стратаў сярод вайскоўцаў.
А ракеты вялікай далёкасці адначасова будуць наносіць удары па расійскіх камандных пунктах і аб’ектах супрацьпаветранай абароны ў Калінінградскай вобласьці, у раёне Санкт-Пецярбургу і ў Беларусі.
Гэтую стратэгію ў NATO назвалі “Ініцыятыва стрымлівання на ўсходнім флангу”. Галоўная мэта — прымусіць Уладзіміра Пуціна ацаніць здольнасць NATO да абароны і адмовіцца ад нападу. У рамках гэтай стратэгіі NATO рэгулярна праводзіць вучэнні.
