
Апошнія месяцы ўлады Беларусі зрабілі шэраг захадаў, скіраваных на павышэнне нараджальнасці, якая падае ўжо 10 гадоў запар. Аднак дзейснай сістэмнай палітыкі да гэтага часу няма, таму маладыя мамы застаюцца ва ўразлівым становішчы, а кошт мацярынства для іх вельмі высокі. «Белсат» абмеркаваў у эфіры з эксперткаю, чаму так адбываецца і на што варта было б звярнуць увагу пры развязанні праблемы.
«Вельмі павярхоўныя рэчы ў абароне мацярынства»
Толькі за 2026 год чыноўнікі анансавалі, што з’явіцца больш магчымасцяў аддаць дзіця ўзростам да двух гадоў у дзіцячы сад, прычым у некаторых выпадках на 12 гадзінаў, а таксама ўвялі абавязковы скрынінг на бясплоддзе. 11 кастрычніка стала вядома, што плануюць дазволіць цяжарным у працоўны час хадзіць на неабходныя абследаванні і працэдуры да доктара без афармлення адгулу за свой кошт.
На думку супрацоўніцы Salidarnast e. V., былой намесніцы кіраўніка Свабоднага прафсаюзу беларускага Марыі Тарадэцкай, «кантроль яйцаклетак» беларусак не вельмі эфектыўны для павышэння нараджальнасці, а дзве іншыя захады ёсць пазітыўнымі зменамі. Аднак у Беларусі ўсё роўна няма сістэмнай палітыкі стымулявання нараджальнасці.
«Ёсць вельмі павярхоўныя рэчы ў абароне мацярынства. Прасцей не пусціць жанчыну ў нейкую прафесію, бо ёй трэба нараджаць дзяцей, чымся зрабіць гэтую прафесію бяспечнай, запэўніць там годныя ўмовы і годную ахову працы. Ці прасцей пасадзіць жанчыну на тры гады ўдома з мінімальным бюджэтам глядзець за дзіцём, чымся ствараць адэкватную інфраструктуру для дзетак малодшага ўзросту», – кажа Марыя.
Уладам варта ствараць сацыяльна-эканамічныя стымулы для маладых мам, якія будуць даваць ім упэўненасць, падкрэслівае яна:
«Жанчына ідзе нараджаць, калі яна ўпэўненая, што зможа забяспечыць сябе і гэтае дзіця. Калі мы гаворым пра Беларусь – гэта яшчэ даволі старая ролевая мадэль, дзе большая частка неаплатнай нябачнай працы кладзецца на плечы жанчыны.
Калі прыбраць рамантызацыю і маралізатарства пэўнае, то нараджэнне дзіцяці – гэта няпросты досвед, не кажучы пра тое, што гэта рызыкі для здароўя і жыцця. Гэта яшчэ вялікі «штраф» за нараджэнне дзіцяці, які жанчына нясе. І адсюль трэба зыходзіць, то бок глядзець, што губляе жанчына, калі пастанаўляе мець дзіця».
Акрамя таго, пасля родаў жанчыны часта не выходзяць на працу, каб даглядаць дзіця, таму на іх кладзецца яшчэ больш хатніх абавязкаў, якія могуць успрымацца як само сабой зразумелае, раз ужо жанчына «сядзіць удома».
«Трэба гэтымі пытаннямі займацца, глядзець, як дзяржава падзяляе з жанчынай ейныя рызыкі за нараджэнне дзіцяці», – кажа Марыя Тарадэцкая.

Яшчэ больш дыскрымінацыі ўжо не будзе?
Праз прыняцце новаўвядзенняў для цяжарных працадаўцы наўрад ці будуць менш ахвотна браць жанчын на працу, бо дыскрымінацыі і так ужо вельмі шмат.
«Ёсць жа пэўная столь у гэтага ўсяго, – адзначае Тарадэцкая. – Жанчыну і да гэтага дыскрымінавалі: і пры прыёме на працу, і пры выбары прасоўвання яе па кар’ернай лесвіцы, не кажучы ўжо пра тое, што дэкрэтны адпачынак не ідзе ў страхавы стаж, то бок жанчына губляе частку сваёй пенсіі за кожны дэкрэтны адпачынак. Дыскрымінацыя ўжо і так у дастатковай колькасці існуе.
Таму, думаю, што адпусціць жанчыну на адзін-два дні абследавацца на працягу года з захаваннем заработнай платы не будзе моцным ударам па наймальніку».
Экспертка звяртае ўвагу на тое, што і пасля дэкрэтнага адпачынку жанчыны фактычна не абароненыя, хоць паводле закону працадаўца не можа іх звальняць, пакуль дзіцяці не споўнілася пяць гадоў.
«Я асабіста сутыкнулася з гісторыяй, калі мяне не хацелі прымаць на працу, калі я выходзіла з дэкрэту пасля трох гадоў. Я сказала, Працоўны кодэкс абавязвае [захаваць працоўнае месца пасля дэкрэтнага адпачынку. – Заўвага рэд.], і я буду сядзець на рэсэпшане, пакуль вы мне не дасце працы», – кажа Тарадэцкая.
Пры гэтым не ўсе жанчыны могуць адчуваць сябе ўпэўнена ў такіх сітуацыях і адстойваць свае правы.
«Гэтаму ніхто не вучыць, на жаль. Любыя захады, якія робяцца ў дзяржаве, пачынаюць рэалізоўвацца з адукацыйных праграмаў, з новай культуры, у тым ліку культуры дачыненняў жанчын і наймальнікаў. Ніхто гэтаму не вучыць, ніхто гэта не апавядае, ніхто не дае рэальных інструментаў. Прафсаюзаў няма, адпаведна, яшчэ менш магчымасцяў застаецца.
Вядома, ні ад чаго жанчына абсалютна не застрахаваная. Мы гаворым пра краіну тэрміновых працоўных дамоваў. Адну з нямногіх, дзе ёсць тэрміновыя працоўныя дамовы: гэта год, тры, пяць, калі пашанцуе», – падкрэслівае Марыя Тарадэцкая.
Тэрміновыя працоўныя дамовы даюць наймальнікам больш магчымасцяў ставіць работніка ў менш выгаднае для яго становішча, бо наступную дамову могуць проста не заключыць.

Латанне дзірак замест сацыяльнай палітыкі
Хоць чыноўнікі называюць Беларусь сацыяльнаю дзяржавай і заклікаюць жанчын больш нараджаць, ніякай сацыяльнай дзяржавы няма, перакананая суразмоўніца.
«Самы папулярны артыкул у Беларусі ў жаночых прысудах – гэта аліменты. То бок мяне спачатку просяць нараджаць, потым дзяржава абсалютна не можа забяспечыць мне падтрымання, дапамогі, падстрахаваць на розных узроўнях жыцця з гэтым дзіцём. І потым я ж яшчэ трапляю ў слабае становішча ў сацыяльнай дзяржаве, будучы маці, і маючы патрэбу ў падтрымцы, дапамозе ад фінансавай да псіхалагічнай, інстытуцыйнай. І я ж потым трапляю ў гэтую групу асуджаных за тое, што ў нейкім кантэксце не дала рады.
Гэта значыць зразумела, што дзяржаве не патрэбныя людзі, дзяржаве патрэбныя грамадзяне. Гэта розныя рэчы», – падкрэслівае Марыя.
Новаўвядзенне, якое прапануе дэпутатка Анжаліка Курчак для цяжарных, дапаўняе ініцыятывы, якія прапаноўваліся апошнім часам для павышэння нараджальнасці, аднак кардынальнага зруху ў пазітыўны бок экспертка не бачыць.
«Але я бачу вельмі добра патрэбу ўладаў у тым ліку ў кадрах. Зразумела, што мы пойдзем на рост пенсійнага ўзросту, на памяншэнне дэкрэтнага адпачынку. Усё гэта звязана з дэфіцытам на рынку працы, падаткаплатнікаў і гэтак далей. Вядома, цяпер вельмі моцна расце нагрузка на бюджэтную сферу, але гэта відавочныя захады, якія будуць зробленыя, бо асабліва няма іншых варыянтаў», – заключае Марыя Тарадэцкая.
