Беларусы за мяжою знайшлі прымяненне нядзейнаму беларускаму пашпарту

Яго каштоўнасць, у тым ліку і гістарычная, значна вырасла.

На сустрэчы з беларусамі ў Гданьску Паўла Севярынца папрасілі пакінуць аўтограф у нядзейным беларускім пашпарце. На папярэднім развароце дакумента ўжо стаяў подпіс нобелеўскага лаўрэата.

«Першы раз у жыцці стаўлю аўтограф у беларускім пашпарце. На папярэднім развароце ўжо распісаўся Алесь Бяляцкі», — расказаў Павел Севярынец.

Ён удакладніў, што пашпарт ужо нядзейны, таму подпісы не могуць сапсаваць дакумент. «Але пачуцці ўсё адно своеасаблівыя», — дадаў ён.

У 2023 годзе лукашэнкаўскія ўлады забаранілі выдаваць і мяняць пашпарты ў дыпламатычных прадстаўніцтвах за мяжой. Каб атрымаць новы дакумент, чалавеку неабходна вярнуцца ў Беларусь, што большасць беларусаў зрабіць не могуць, бо ім пагражае палітычны пераслед. Эксперты ААН назвалі гэта часткай палітыкі пакарання беларусаў у выгнанні.

nashaniva.com