
Заснавальнік праваабарончага цэнтру «Вясна» ня можа адкрыць рахунак у банку і змагаецца зь бюракратычнымі пытаньнямі.
Алесь Бяляцкі пакуль нават не атрымаў 300 тысяч эўра, якія выплачваюцца за Нобэлеўскую прэмію міру 2022 году. У інтэрв’ю Deutsche Welle праваабаронца расказаў, што ня можа атрымаць грошы, бо ня мае банкаўскага рахунку.
«Каб адчыніць рахунак у банку, трэба моцна пастарацца», — адзначыў ён. У гэтым сэнсе ягоая гісторыя падобная з гісторыямі іншых беларускіх эмігрантаў.
Аднак Алесь Бяляцкі ўжо вырашыў, на што патраціць частку прэміі. Ягоны фонд плянуе заснаваць штогадовую прэмію для моладзі з краін Усходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі, дзе парушаюцца правы чалавека. Яна будзе падтрымліваць маладых людзей, якія ня могуць рэалізаваць сябе ў сваіх краінах.
Акрамя таго, частку грошай праваабаронца хоча выкарыстаць на ўласнае бытавое ўладкаваньне. Пасьля прымусовага вывазу зь Беларусі Бяляцкі апынуўся на чужыне бяз грошай і шэрагу патрэбных папераў.
Хто такі Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі — беларускі праваабаронца, заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», грамадзкі дзеяч і літаратуразнаўца, палітвязень. За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
За актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць Бяляцкага прыцягвалі да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. 14 ліпеня 2021 году яго чарговы раз затрымалі паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
Бяляцкі адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі № 9 у Горках. Яго абмяжоўвалі ў кантактах з адвакатам і сям’ёй. 13 сьнежня 2025 году яго вызвалілі паводле памілаваньня разам з больш як сотняй іншых вязьняў і вывезьлі ў Літву. У 2026 годзе ў Польшчы створаны праваабарончы Фонд Алеся Бяляцкага.
8 студзеня 2026 году ён асабіста атрымаў дыплём і мэдаль Нобэлеўскай прэміі міру ў Нарвэгіі.
