Як продкі беларусаў разышліся з расейцамі ў пытаннях моды

Ілюстрацыйнае фота

«Салідарнасць» працягвае расказваць пра тое, што нас адрознівае ад суседзяў з Усходу.

Навукова пацверджаны факт: у часы Францыска Скарыны на беларускіх землях апраналіся гэтак ж, як і ў тагачаснай Еўропе. У эпоху готыкі ў пытаннях моды нашыя продкі ўзялі шлях на Захад.

Пачынаючы з XVI ст. касцюмы ў ВКЛ пачалі моцна адрознівацца ад таго, што апраналі ў Масковіі, якая ў сваю чаргу прыняла ўплывы Усходу. У абодвух выпадках гэтаму спрыялі гандлёвыя і культурныя сувязі.

Варта нагадаць, што цывілізацыйныя і геаграфічныя разыходжанні ў той час назіраліся таксама і ў архітэктуры, про што «Салідарнасць» падрабязна расказвала раней.

У чым жа былі галоўныя адрозненні ў модзе ў часы Сярэднявечча на нашых землях і ў Масковіі? Тагачасны еўрапеўскі канон, напрыклад, прадугледжваў падкрэсліванне фігуры мужчын. Адпаведна, строй павінен быў аблягаць цела, дэманстраваць яго прыгажосць.

У Масковіі ў тыя часы была мода на шырокае, доўгае і шматслойнае. Такое адзенне наадварот хавала абрысы цела, лічылася узорам прыстойнасці.

Дапятроўская мода ў Расіі

Як пісаў расейскі гісторык Мікалай Кастамараў, рускія жанчыны выклікалі смех у замежнікаў сваім няўменнем фарбавацца: «Недурные собой от природы, русские женщины совершенно искажали свою красоту, налепливая на щеки краски до того, что, по замечанию Олеария (нямецкі падарожнік-даследчык Адам Алеарый — С.), казалось, будто бы кто-нибудь размалевал их кистью».

Беларускі ў даўнія часы таксама румяніліся і падсвятлялі скуру на твары і шыі. Аднак, на нашых землях панавалі традыцыі, характэрныя для тагачаснай Еўропы: перавага аддавалася натуральным адценням, празмерна яркія колеры, а таксама шчыльны маскапабодны грым не віталіся.

Стрыманасць у колерах адрознівае і беларускія народныя строі. У нас пераважае белы колер з чырвоным і чорным геаметрычным арнаментам. У той час, як у расейцаў дамінуюць яркія і насычаныя колеры: чырвоны, сіні, зялёны, жоўты. Так, у расейскага селяніна чырвоная кашуля была прыкметай багацця. Беларусы ж здаўна насілі светлае, пераважна з лёну.

Касаваротка — класічная расейская мужчынская кашуля са скошаным разрэзам. Беларусы ж насілі доўгія кашулі з прамым разрэзам. І нават лапці ў беларусаў адрозніваліся: у нас прамога пляцення, у суседзяў — касога.

Беларускі даўней не насілі сарафан і не хавалі валасы пад какошнікам, як расейкі. Беларускі народны строй адрознівае ягоная стрыманасць, практычнасць і элегантнасць.

Андрэй Кныш, gazetaby.com