Армія Расіі ўжо ў Беларусі. Ці хочуць рускія вайны?

Вынесеныя ў загаловак словы з савецкага вершыка як ніколі актуальныя. Таму што перамовы «Расія-Украіна-ЗША» ў Абу-Дабі тычыліся фармату еўрапейскай бяспекі, а значыць, і нас, Беларусі. Прама скажам, не найлепшае пацвярджэнне «еўрапейскасці» нашай краіны.

Галоўны перамоўшчык ад РФ і стваральнік вельмі спрэчных падручнікаў па расійскай гісторыі Уладзімір Мядзінскі заявіў, што новая сістэма бяспекі Еўропы была цэнтральнай тэмай усе два дні перамоў. Праўда, Мядзінскі не ўдакладніў, што менавіта абмяркоўвалі ўдзельнікі сустрэчы.

За яго гэта зрабіў кіраўнік дэпартамента знешнепалітычнага планавання МЗС Расіі Аляксей Драбінін. Паводле яго слоў, ёсць тры сцэнары новай архітэктуры бяспекі ў Еўропе.

Першы варыянт прадугледжвае стварэнне калектыўнага абароннага саюза або заключэнне двухбаковых пагадненняў аб узаемадапамозе, падобных да тых, якія Расія мае з Беларуссю і Паўночнай Карэяй.

Другі варыянт — палітычныя дамоўленасці аб неўмяшанні на баку праціўнікаў адзін аднаго ў выпадку агрэсіі, падобных да пакта, заключанага Масквой з Іранам.

І трэці варыянт — двухбаковыя пакты аб узаемным ненападзе. «Напрыклад, пагадненні такога кшталту маглі б заключацца, у прыватнасці, з асобнымі дзяржавамі-членамі NATO, якія тады атрымалі б, скажам, дадатковыя індывідуальныя гарантыі бяспекі ад Расійскай Федэрацыі», — заявіў Драбінін.

Зыходзячы з гэтых заяў, РФ зусім не збіраецца ні заканчваць вайну з Украінай, ні ствараць у Еўропе нейкую «бяспеку». Таму што першы варыянт — гэта развал Еўрасаюза. Ды й складана ўявіць, каб якая-небудзь дзяржава ўвайшла добраахвотна ў «абаронны саюз» Беларусі і Расіі: наступствы гэтага «саюза» усе бачылі ў лютым 2022 года, калі нехта вымушаны быў паказваць, адкуль у Беларусь рыхтаваўся напад.

А варыянты два і тры наўпрост развальваюць NATO. Дамоўленасці аб неўмяшанні і ненападзе наўпрост супярэчаць статуту Альянсу, паводле якога напад на краіну Альянсу прыраўноўваецца да нападу на ўвесь блок NATO (дзеля справядлівасці варта адзначыць, што такая ж формула існуе ў «абаронным саюзе» Беларусі і Расіі). У такіх умовах складана ўявіць, што якая-небудзь краіна прамяняе NATO на дагавор аб ненападзенні з РФ.

Тым больш што Пуцін яўна і неаднаразова паказваў, дзе ён бачыў любыя міжнародныя дагаворы — як паміж дзвюма краінамі, так і з усімі разам.

А таму формула «хочаш міру — рыхтуйся да вайны» ў нас усё яшчэ дзейнічае. Праўда, ужо без першай часткі гэтай прыказкі — проста «рыхтуйся да вайны».

І таму ў нас быў свой міжсабойчык. Пакуль у Абу-Дабі рыхтаваліся і праводзілі перамовы аб міры, нехта праводзіў перамовы аб вайне.

На сустрэчы з Пуціным у Расіі 10 лістапада Лукашэнка не толькі падзякаваў яму за пастаўку Беларусі ўзбраенняў, але і за расійскія войскі на заходнім кірунку, якія РФ не адпраўляе ва Украіну «пры ўсёй складанасці».

«Магу толькі падзякаваць за тую падтрымку і дапамогу па сучасных відах ўзбраенняў, якія беларуская армія атрымлівае… На заходнім кірунку беларуская армія і расійскія ўзброеныя сілы, тыя фарміраванні, якія вы стварылі, на захадзе трымаеце на ўсялякі выпадак, яны вельмі баяздольныя і гатовыя абараняць Беларусь. І я вам удзячны за тое, што вы трымаеце ў баявой гатоўнасці гэтыя войскі і пры ўсёй складанасці там нейкіх пытанняў, яны ніколі не накіроўваліся ў зону баявых дзеянняў ва Украіну. Гэта для нас вельмі важна, таму я вам вельмі ўдзячны», — адзначыў Лукашэнка.

Па-першае, Лукашэнка прызнаў, што ў Беларусі ёсць расійскія войскі, і гэта не толькі базы ў Ганцавічах і Вілейцы. То-бок, у нас вялікія праблемы з ваенным суверэнітэтам. Па-другое, ужо лепш бы маўчаў, бо расійскія войскі — галоўная і законная мэта для ўкраінскіх дронаў. І калі нешта дзесьці камусьці на галаву ўпадзе ў Беларусі — вінаваты ў гэтым будзе толькі Лукашэнка.

А ўжо падчас саміту АДКБ Лукашэнка заявіў, што еўрапейская сістэма барацьбы з гібрыднымі пагрозамі «часта выходзіць за тэрыторыю Еўрасаюза, праводзячы падрыўную працу ў трэціх краінах», гэта значыць, наўпрост абвінаваціў ЕС у «падрыўной працы».

Аднак Лукашэнка прагаварыўся, што яго турбуе ў гэтым насамрэч: пратэсты ў Беларусі ў 2020-м і ў Казахстане ў 2022 годзе: «Знянацку, як было ў Беларусі ці Казахстане, узнікнуць гэтыя праблемы, і мы будзем з бухты-барахты на гэта рэагаваць. Загадзя нашы праціўнікі павінны ведаць, што мы не дазволім у парушэнне Канстытуцыі таго ці іншага дзяржавы дэстабілізаваць абстаноўку ўнутры дзяржаў».

Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін сказаў, што бачыць, як у Еўропе «ўдасканальваецца інфраструктура, адпрацоўваецца лагістыка: аэрадромы, базы захоўвання»: «Я ўжо не кажу пра пункты кіравання, пра колькасць мерапрыемстваў аператыўнай падрыхтоўкі, якая ў разы ўзрасла, і той разведвальнай дзейнасці, якая вядзецца супраць Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі», — сказаў ён.

Але насамрэч было б дзіўна, калі б інфраструктура, аэрадромы і базы захоўвання не ўдасканальваліся. Бо ў іх на парозе вайна — вайна ва Украіне. І ЕС, вядома ж, хоча не пусціць гэтую вайну на сваю тэрыторыю, праўда?

А міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў 10 лістапада на Міжнародным форуме забеспячэння калектыўнай бяспекі заявіў, што суседнія дзяржавы — Польшча, Украіна і краіны Балтыі — актыўна ўзбройваюцца «на шкоду ўласнаму насельніцтву». Пры гэтым ён адзначыў, што Беларусь не ігнаруе пытанні бяспекі, але спадзяецца на Расію.

«На падставе дагавора [аб гарантыях бяспекі паміж Беларуссю і Расіяй] мы разлічваем на [падтрымку РФ], а Расія надае падтрымку бяспекі Беларусі ўсім наяўным арсеналам, уключаючы і ядзерную зброю. І гэта, уласна кажучы, найважнейшы кампанент забеспячэння нашага суверэнітэту. Той жа “Арэшнік”, тактычная ядзерная зброя, якая размешчана ў Беларусі, служыць гэтай мэце», — сказаў ён.

І вось такая рыторыка мне здаецца вельмі небяспечнай. Таму што Еўропа і ЗША цяжка і складана, але гавораць пра мір. Менавіта пра мір. А мы гаворым пра вайну. Пра вайну, якую «не хочам» — але ўсё ж пра вайну.

Навошта наша ўлада прывучае нас да думак пра вайну? Ці выпадкова: Як думаеце?

Сяргей Салаўёў, novychas.online