Інфапункты для беларусаў за мяжой. Колькі ў іх будзе супрацоўнікаў і хто стане плаціць заробкі?

Вераніка Станкевіч, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы АПК. Фота: Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі

Прадстаўніцтва Аб’яднанага пераходнага кабінета па сацыяльнай палітыцы плануе да сярэдзіны снежня адкрыць бясплатныя інфармацыйныя пункты для беларусаў у Вільні, Варшаве і Познані. Там падкажуць, куды звяртацца з пытаннямі працаўладкавання, легалізацыі, медыцыны і адукацыі. «Белсат» пацікавіўся, навошта патрэбныя фізічныя пункты, калі дапамогу можна атрымаць онлайн, а таксама даведаўся, ці ёсць на гэта фінансаванне.

«Спачатку будуць валанцёры»

Офлайн-пункты разлічаныя на людзей, якім цяжка самастойна знайсці дапамогу ў інтэрнэце – сярод іх былыя палітвязні і людзі пенсійнага веку.

«У пункце ім падкажуць, якая арганізацыя можа дапамагчы з іх праблемай, і пры неабходнасці дадуць памятку з інфармацыяй», – расказала «Белсату» Вераніка Станкевіч, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы АПК.

У кожным пункце будзе працаваць па адным чалавеку. Спачатку гэта будуць валанцёры. Цяпер каманда шукае фінансаванне, каб аплачваць іх працу. У тэставым рэжыме пункты плануюць адкрываць два-тры разы на тыдзень у будныя дні, бліжэй да вечара, каб туды можна было прыйсці пасля працы.

«Перад запускам каманда праводзіць апытанне, каб даведацца, ці патрэбныя такія пункты і ў які час людзям было б зручна прыходзіць. Дамоўленасці наконт некалькіх памяшканняў ужо ёсць, але спіс гарадоў яшчэ можа змяніцца. Напрыклад, калі апытанне пакажа, што ў Познані такі пункт не патрэбны, яго могуць адкрыць у іншым горадзе», – кажа яна.

У інфапунктах збяруць інфармацыю пра беларускія арганізацыі, якія дапамагаюць з легалізацыяй, працаўладкаваннем, адукацыяй ці гуманітарнымі пытаннямі. Кансультанты падкажуць, куды звярнуцца ў канкрэтнай сітуацыі, дадуць патрэбныя спасылкі і пры неабходнасці дапамогуць падаць заяўку онлайн. У прадстаўніцтве разлічваюць, што так людзі будуць радзей звяртацца, напрыклад, па фінансавую дапамогу ў арганізацыі, якія займаюцца легалізацыяй.

Дыяспары патрэбныя месцы, куды можна прыйсці з пытаннямі

Паводле суразмоўцы «Белсату», патрэбу ў асабістых кансультацыях заўважылі падчас працы з былымі палітвязнямі. У некаторых з іх няма камп’ютара, таму нават запоўніць анкету на атрыманне дапамогі бывае складана. Раней для гэтага сустракаліся, у тым ліку ў кавярнях.

«У нас ёсць кейсы, яшчэ калі я працавала ў «Вольных», як да чалавека едзе праз увесь горад валанцёр, каб дапамагчы, каб адкрыць камп’ютар і нешта зрабіць», – расказала яна.

Як прыклад працы ў пункце Станкевіч прыводзіць дапамогу ў замове прадуктовага набору, які атрымліваюць былыя палітвязні пасля выхаду на волю. Пра тое, наколькі запатрабаваныя пункты, каманда будзе меркаваць па колькасці зваротаў пасля тэставага запуску.

Праз шэсць гадоў эміграцыі патрэба ў асабістых кансультацыях стала большай, чым у першы год, мяркуе Станкевіч. За гэты час у краінах, дзе плануюць адкрыць інфапункты, паболела беларусаў, і, на яе думку, дыяспары патрэбныя пастаянныя месцы, куды можна прыйсці з пытаннямі.

«Беларусаў шмат, праблем шмат, і трэба, каб нехта адказваў на гэтыя пытанні», – сказала яна.

Глафіра Жук, belsat.eu