
«Салідарнасць» працягвае расказваць пра тое, што нас адрознівае ад расейцаў.
Беларусы здаўна ставіліся да смерці стрымана, як да непазбежнага фіналу зямнога жыцця. Без празмернага драматызму і пафасу.
«Як Бог дасць», «усе там будзем», «Бог даў, Бог забраў». Так казалі нашы продкі, так кажуць нашыя дзяды і бабулі, што заспелі ладную частку багатага на драматычныя падзеі ХХ стагоддзя.
З памерлымі развітваліся паважліва ціха, у доме нябожчыка размаўлялі паўшэптам, прыгадваючы светлыя моманты ягонага жыцця, чытаючы малітвы.
У нашых суседзяў адносна нядаўна існавала традыцыя галашэнняў па нябожчыку. У расейскіх вёсках на пахаванні запрашалі жанчын, што гучна плакалі і галасілі ля труны.
І ў беларусаў, і ў расейцаў у стаўленні да смерці праяўляецца нацыянальны менталітэт. Нас характарызуе стрыманасць, засяроджанасць на сабе. Суседзяў — у пэўнай ступені надрыўнасць і драматызм.
Героі Васіля Быкава, якім наканавана памерці, часцей за ўсё ў момант развітання з жыццём застаюцца сам на сам з уласнымі думкамі і перажываннямі. У тумане, на ўскрайку заснежанага поля. У расейцаў ёсць папулярнае выслоўе «на миру и смерть красна», якое кажа само за сябе.
І калі для герояў беларускай літаратурнай класікі важна захаваць чалавечую годнасць на парозе смерці, то ў творах суседзяў сыход з жыцця часцей за ўсё асацыюецца з
з экзістэнцыяльным драматызмам, ахвярнасцю, пакутамі ў імя вялікай ідэі.
Беларусам ніколі не была блізкая гераізацыя смерці, яе культ. Сённяшнія пакаленні расейцаў бяздумна пагражаюць свету: «Можем повторить!». Не задумваючыся пра тое, што ўжо змаглі паўтарыць — лабавыя штурмы, што сталі сімвалам абясцэньвання чалавечага жыцця, роўна як і чорны мех для целаў, і белая «лада» ў якасці суцяшальнай сатысфакцыі для родных акупанта.
Цынічнае жукаўскае «бабы еще нарожают» праз восем дзясяткаў год зажыло новым жыццём. Беларусы тым часам трымаюцца кансэнсуса, адмаўляючыся ад прамога ўдзелу ў вайне. Колькі б не нагадваў адзін суагрэсар пра тое, што «мы в одних окопах гнили».
