
«Салідарнасць» працягвае распавядаць гісторыі беларусаў, якія цікавяцца сваімі каранямі і даследуюць гісторыю роду. Наша суразмоўніца Алена (імя змененае ў мэтах бяспекі) – першая ў сваёй сям’і, хто зацікавілася мінулым продкаў. Пакуль жанчына не займаецца паглыбленым генеалагічным даследаваннем, але збірае і захоўвае сямейныя гісторыі, якія ўдалося даведацца ад старэйшых сваякоў.
— Мае бабулі і дзядулі амаль не памятаюць сваіх бабуль і дзядуль, бо, калі яны нарадзіліся, тыя былі ўжо вельмі старыя альбо ўвогуле памерлі. Увогуле гісторыяй нашага рода ў сям’і ніхто не цікавіўся. Я першая, хто пачала задаваць пытанні, — распавядае Алена. — Цікава, што ўсе сваякі з розных краін: Беларусі, Украіны і Расеі.
Мае продкі або сялянскага паходжання, альбо гарадскія жыхары, якія займаліся рамяством. Хтосьці таксама працаваў на пошце, хтосьці — школьным настаўнікам. Адна з бабуль нарадзілася ў Беластоку у беларускай праваслаўнай сям’і. Пасля вайны яны пераехалі ў БССР.
Дзядуля родам з Расіі, з-пад Растова. Але для яго было вельмі важна падкрэсліваць, што ён не рускі, а данскі казак. Яны лічылі сябе вольнымі людзьмі, мелі ўласнае войска. І, мне здаецца, гэта адбілася на іх характары.
Мой дзядуля і яго продкі ніколі не любілі падпарадкоўвацца, не любілі ўладу і былі вельмі прамалінейнымі. У іх моцны, загартаваны характар. Дзядуля любіў расказваць пра Савецкі Саюз, пра палітыку, у той час як усе астатнія сваякі былі больш памяркоўнымі. А мне, здаецца, перадалася любоў да месца, дзе ўжо нарадзілася я, — да Беларусі, цікавасць да яе.
Іншыя сваякі паходзяць з-пад Львова. Бабуля размаўляе па-руску з невялікім акцэнтам, бо вывучыла гэтую мову ўжо ў дарослым узросце. А ў сваёй вёсцы яны заўсёды размаўлялі па-ўкраінску.
У нашай сям’і неяк не было асаблівай зацікаўленасці ў гісторыі сваіх продкаў. Толькі ў мяне. Я заўсёды распытвала: а кім яны былі, а чым займаліся?
Калі даведваешся, што твае продкі былі годнымі людзьмі, быццам сама становішся мацнейшай. Асабліва ўраджваюць гісторыі з дзяцінства.
Напрыклад, бабуля расказвала, што ў дзяцінстве яе маці не дазвалялі хадзіць у школу. Мая прабабуля скончыла ўсяго чатыры класы. Маці хавала ад яе боты, таму зімой ёй даводзілася бегчы ў школу басанож альбо ў нейкім вельмі лёгкім абутку, так яна хацела вучыцца.
А дзядуля расказваў, як аднойчы ішоў з горада ў вёску. Была зіма, завея, ніякіх табе тэлефонаў і Google Maps. Ён ішоў, арыентуючыся на слупы ўздоўж дарогі. Дадому прыйшоў страшэнна змерзлы, у яго нават штаны заледзянелі і парваліся ззаду пад каленямі. Дома яго сустрэла маці, якая ўжо вельмі перахвалявалася. Атрымаў ён тады наганяй.
У яго ўвогуле вельмі шмат гісторый пра суровае дзяцінства. Слухаеш і разумееш, наколькі тады жыццё было больш складаным. І ўсе твае сённяшнія праблемы здаюцца драбнейшымі.
Увогуле, калі чую ўсе гэтыя гісторыі з мінулага, разумею, што калі мае продкі змаглі пераадолець усе цяжкасці, працягвалі рабіць сваю справу і чагосьці дасягнулі, то і ў мяне абавязкова атрымаецца. І тады адчуваю сябе больш цэласнай і моцнай.
Мне здаецца, што часам проста неабходна слухаць гісторыі старэйшых людзей. Неабавязкова нават сваіх сваякоў — важна чуць пра розны жыццёвы досвед. Бо кожнае наступнае пакаленне жыве, мне здаецца, больш камфортна. З аднаго боку, мы больш клапоцімся пра свой псіхічны стан, але з іншага — больш расслабляемся і, магчыма, становімся менш гатовымі пераадольваць цяжкасці.
