ГУЛАГ, санет і медныя трубы. Новае выданне Міхася Кавыля ў Бібліятэцы «Бацькаўшчыны»

Дачакаліся: творы пісьменнікаў беларускай эміграцыі зноў выходзяць у эміграцыі, і таўталагічна гэта настолькі ж, наколькі і лагічна. Крышацца дахі, змяняюцца правілы, выходзяць у палонку рыбы з абодвух бакоў. Вільню з Беластокам, дзеля паліткарэктнага такту, не назавеш Заходняй Беларуссю, але ў цэлым стогадовае кола пракруцілася на ўсе трыста шэсцьдзясят, і Міхась Кавыль прыходзіць да беларускага чытача па старой методзе — з-за мяжы.

У цэлым калекцыянеры эміграцыйных выданняў цяпер могуць быць задаволеныя: геаграфія выдавецтваў пашырылася, з’яўляюцца новыя творы, старыя запісваюць у экстрэмісцкія, адно што бракуе размаху, але не будзем яго прыспешваць прамоўленым словам.

Кніга стогадовага патрыярха беларускай літаратуры тут ва ўсіх сэнсах знакавая і паказальная, найперш — нагадвае старую прымаўку, што беларусу трэба жыць вельмі доўга, каб штосьці пабачыць.

Кавыль заспеў Першую сусветную вайну, друкаваўся ў «Маладняку», адчуў на сваёй скуры гулагаўскі холад, салдацкія крывавыя будні, панылы лагер для савецкіх ваеннапалонных, акупацыйную Беларусь і неўзабаве — беларускі лагер для перамешчаных асобаў, урэшце, на паўстагоддзя, Амерыку, дзе спачатку акрыліла свабода, а потым заваліла цяжкай працай, з якой на паэзію заставалася ўсё менш часу. Наракаць і гараваць тут няма пра што. Як той казаў, дзякуй, што жывы, а пражыў Кавыль 101 год, пры самых складаных катаклізмах ХХ стагоддзя і ўсіх паганых выкліках, якія толькі можна сабе ўявіць. Застаецца толькі падзівіцца трывушчасці беларускага пісьменніка, якому, стоячы на адной назе ўнутры атамнага рэактара, усё яшчэ хочацца пісаць і лічыць сваё пісьмо неабходнай справай.

З нашай лагернай літаратуры тэксты Кавыля («Казённы дом і далёкая дарога», «Мой шлях») — адныя з найлепшых, безумоўна. І не толькі сваёй тэматычнай «лагернасцю», але й выпісанай атмасферай 1920-х — 1930-х у Мінску, адлюстраваннем постузвышэнскага пакалення маладзёнаў, якіх накрыла ўсведамленнем новай рэальнасці навакольных арыштаў і бясконцых трагедый. Дзе ў той жа час ёсць месца адвазе і рызыцы. 

«Пасьля ўсяго перажытага канцлягер уяўляўся мне нейкім домам адпачынку. Цэлы дзень чакаў я, ня мог дачакацца таго этапу. Ажно дзесь каля дванаццатай гадзіны ночы загадалі «строиться в колону». «Построили» на двары вастрогу й пад аховай канвойных павялі па засьнежаных вуліцах на таварную станцыю. Падаў густы сьнег. Было ціха й прыгожа, як на Каляды ў нашай вёсцы Покаршаў. Вуліцы былі бязьлюдныя. Ліхтары на слупох быццам падміргвалі нам, казалі: ня бойцеся, усё будзе добра.

Із-за вугла дому выскачыла нейкая жанчына зь мяшком на плячох. Хуценька падбегла да Максіма Лужаніна, аддала яму мяшок і пабегла назад да дому. Канваіры крыкнулі на яе, але не стралялі».

Гэтай жанчынай была Яўгенія Эргардаўна Пфляўмбаўм. Дачакалася ўначы этапу, выбегла пад цалкам рэальныя кулі, знайшла мужа і ўратавала яму і цэламу вагону этапнікаў-літаратараў жыццё сваім мехам сухароў.

Спелы, наліты энергіяй паэт Міхась Кавыль. Гэта паэт-кніжнік. Калі бачыш у вершы «Не кувай» (1933) радкі «Не кувай, зязюлечка, не кажы, што нядоўга застаецца мне пажыць» альбо, там жа, «Я хачу навек забыцца і заснуць», разумееш, што паэт чытаў «Не кувай ты, шэрая зязюля, сумным гукам у бары; Мо і скажаш, што я жыці буду, але лепш не гавары» і верш Лермантава, канечне, таксама («Выхожу один я на дорогу»). Тое самае з «***Сібір‚ Сібір — халодная магіла‚ Забыць цябе няма ніякай сілы‚ Старая ведзьма‚ мачыха мая!» (Новасібірск, 1934) намякаюць на зусім канкрэтныя творы беларускай літаратуры, аднак цытаты тут нібыта кладкі, па якіх паэт можа прайсці свае блуканні па пакутах. Ён выказвае свой боль цытатамі з улюбёнай паэзіі, каб ён стаўся яшчэ больш яркім і ў той жа час прыглушаным, бо перажываць яго наноў не хочацца нават рэалістычным успамінам.

Што яшчэ адрознівае Кавыля — пэўнага кшталту адважнасць, цвёрдасць, шырока зразуметае вальнадумства. Гэта не нарцысічнае пазёрства Сяднёва альбо скручаны пальцамі эратызм Крушыны; значна бліжэйшы яму Алесь Салавей, аднак той, дзе няма хвараблівага надрыву.

Паэзія Кавыля — гэта найперш паэзія яснасці, складання фрагментаў рэчаіснасці з наяўных пад рукамі элементаў, а цаглінак-вобразаў з такой багатай біяграфіі можна было набраць парадкам. Можна сказаць, што гэтай падкрэсленай яснасцю ён недзе й пераганяе класіка-Салаўя (не кажучы ўжо пра маёра Тома — Янку Юхнаўца), аднак недзе гэтым і прайграе яму ў якасці.

Адзін з пікантных літаратурных канфліктаў эміграцыйнай паэзіі я некалі ўжо адмыслова разбіраў у артыкуле на 70 старонак 14-м кеглем. Маю на ўвазе публікацыю двухбаковага эпісталярыю Кавыля і Антона Адамовіча, прысвечанага стварэнню першага беларускага вянка санетаў. Абцяжарвалася праблема тым, што ў Аўстраліі ў гэты ж час ствараў свой вянок санетаў Алесь Салавей. Для Кавыля гэтая гонка міжакіянскіх версіфікатарскіх узбраенняў скончылася, бадай што, не вельмі добра — увайшоўшы ў магію цвёрдых формаў верша, ён доўгі час не мог выйсці з гэтага дурману і месцамі стаў нагадваць ці то Соф’ю Шах, ці то Ізяслава Катлярова. Што, зрэшты, не перашкаджала гэтым тэкстам быць аднымі з найлепшых узораў літаратуры эміграцыі дый усёй беларускай паэзіі 1950-х наагул. Тым не менш найлепшымі тэкстамі Кавыля, і здаецца, пра гэта гаварыў ужо Макс Шчур, ёсць зборнік «Пад зорамі белымі». Па-мойму, і сёння гэта найлепшыя беларускія вершы пра Нью-Ёрк, пра эмоцыю эмігранта, які толькі што ступіў на новы бераг, і яго яшчэ крыху носіць ад марской хваробы ці то джэтлагу, але і адчуванні такія, быццам першы дзень жывеш на зямлі і ўпершыню бачыш цвёрдыя, вадкія і газападобныя рэчы вакол сябе.

Безумоўна, ёсць у выданні і прагалы. Скажам, выданне рамана «З вагню ды ў полымя» неяк занадта даўно анансуецца, а мы так і не ведаем, што там за раман. Прыемна, што ў кнігу ўвайшлі і «Роздумы» Марка Аўрэлія, бо мая эмігранцкая кніжка гэтага Кавылёвага перакладу ўжо цалкам рассыпалася. Таксама мне асабіста хацелася б пэўнага экскурсу ў даваеннага Язэпа Лешчанку, падсветкі архівамі і старымі шэрхлымі газетамі, але хаценні пакуль застаецца сублімаваць нечым іншым.

Сякія-такія прагалы і запоўненыя. Скажам, ёсць у кнізе жменя літаратурнай крытыкі і публіцыстыкі Кавыля, дзе ён як апавядальнік (а ён вельмі добра ўмее дэталізаваць і апісваць) даволі нечакана для «пастаяннага чытача Кавыля» раскрываецца. Скажам, вельмі кранальны партрэт Юркі Віцьбіча — можа, найлепшае з тэкстаў пра гэтага аўтара. Зачапіла дэталька, як Віцьбіч кожны раз, калі ў Кавыля штосьці публікавалася, тэлефанаваў і гаварыў у слухаўку «ўра!»: 

«Апошні раз пачуў я «ўра!» за пару дзён перад трагічнай разьвязкай. Слабым голасам Юры Аляксандравіч віншаваў мяне з надрукаваньнем у «Царкоўным Сьветачы» майго артыкулу «Курган-помнік». І, прызнацца, было неяк лягчэй на душы ад гэтага «ўра!», хацелася брацца за машынку й пісаць нешта новае. А цяпер — глухамень, быццам і ты ўжо памёр… Болей ужо ніколі я не пачую «ўра!»».

Ура, Міхась Кавыль! Новая кніга, здорава, віншуем!

«Выбранае» Міхася Кавыля — 45-я кніга выдавецкай серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны». Гэта першае пасля больш як трыццацігадовага перапынку выданне творчай спадчыны беларускага паэта-эмігранта ў ЗША. Кніга выдадзена Фондам Kamunikat.org. Укладальнік — Лявон Юрэвіч. Рэдагаванне і камэнтары: Наталлі Гардзіенкі.

Замовіць кнігу можна па спасылцы.

Ціхан Чарнякевіч, budzma.org