Хто такія сталіназаўры і пры чым тут Ларыса Геніюш?

Публіцыст Міхась Скобла праводзіць паралелі стаўлення да Ларысы Геніюш у савецкія часы і сёння. Свой тэкст ён размясціў на ўласнай старонцы ў Facebook.

Дом літаратара, 1981 год. Пісьменніцкі з’езд. Ларыса Геніюш не сябра СП, але госць з’езда — на асабістае запрашэнне Максіма Танка. Дзве траціны бачных на здымку пісьменнікаў (я пазнаў дваццацёх) даўно пакінулі гэты свет. Дом літаратара забраны, Саюз пісьменнікаў ліквідаваны, дайшла чарга да Геніюш. Пачалі з мемарыяльнай дошкі на хаце (павісела ўсяго чатыры дні), цяпер вось помнік. І здзіўляцца тут асабліва няма чаго.

«Дваццаць пяць гадоў за абы-што ў Савецкім Саюзе не давалі», — заявіў мне аднойчы адказны за ідэалогію чыноўнік абласнога ўзроўню, маючы на ўвазе прысуд Геніюш у 1949 годзе. Прызнацца, мне і дых заняло. Перада мною сядзеў не замшэлы гэбіст-адстаўнік, а мой равеснік, які, трэба думаць, і Салжаніцына чытаў, і пра сталінскія «тройкі» і тэрор уяўленне меў.

Для такіх і ім падобных у Ларысы Геніюш было прызапашана адметнае слоўца — сталіназаўры. Гэта пра іх, закасцянелых у дзяржаўнай хлусні і бязлітасных да іншадумцаў, яна пісала: «Світае. Нявінныя ўсталі з калень, / а мёртвыя выйшлі па лаўры. / І толькі ад праўды схаваліся ў цень / апошнія сталіназаўры». Тады паэтцы падавалася, што апошнія…

Тым часам 2023 год на двары, а сталіназаўры, асмялеўшы, поўзаюць па Беларусі, сваімі кіпцюрыстымі лапамі топчучы памяць пра вялікую Беларуску. Сталіназаўры ў сваіх тэлеграм-каналах публікуюць выцягнутыя з гэбісцкіх архіваў дакументы, спрабуючы скампраметаваць паэтку. Сталіназаўры ў судзейскіх мантыях працягваюць лічыць яе злачынцам, адмаўляючы ў пасмяротнай рэабілітацыі. Сталіназаўры заселі ў раённым і абласным выканкамах, адкуль было загадана дэмантаваць помнік у Зэльве. Сталіназаўры знайшлі сабе ўтульныя пячоры ў БПЦ (паедзьце ў Жыровічы і паслухайце панегірыкі правадыру з вуснаў манаха Іаана, ён жа паэт Зніч)… З усёй пароды выкапнёвых сталіназаўры аказаліся самымі жывучымі. Але і яны вымруць, як таго патрабуюць неадменныя законы прыроды.

budzma.org