Офіс Святланы Ціханоўскай ініцыюе правядзенне 22 – 23 красавіка ў Вільні ІІ Канферэнцыі беларусаў свету. Што гэта будзе за мерапрыемства, якія пытанні плануецца абмеркаваць і як туды патрапіць для «Радыё Ўнэт» распавядае каардынатар у супрацы з дыяспарамі Офісу Святланы Ціханоўскай Данііл Гаркавы.
— Мы рабілі першую такую канферэнцыю ў верасні 2021 года. І тая першая канферэнцыя ў Вільні таксама была ініцыяваная Офісам Святланы Ціханоўскай. Яна мела характар знаёмства з тымі арганізацыямі, ініцыятывамі, суполкамі, фондамі, якія альбо ўжо існавалі, альбо з’явіліся ў беларускай грамадзянскай супольнасці пасля 2020 года.
Прайшоў пэўны час – нейкія з гэтых арганізацыяў, суполак, ініцыятываў выраслі ў нешта большае, некаторыя панізілі эфектыўнасць сваіх дзеянняў. Але ў цэлым зрабіўся відавочным такі ўзаемны запыт на нейкую сінхранізацыю, каардынацыю дзеянняў, на перагляд таго, як бакі беларускага дэмакратычнага руху здольныя чуць адно аднаго, разумець адно аднаго, умець супрацоўнічаць. І вось гэтая другая канферэнцыя ў ідэале мусіць даць разуменне таго, я нам цяпер усім, у цяперашніх умовах 2023 года, паляпшаць, умацоўваць узаемна адно аднаго.
Прыемная асаблівасць і новы досвед для ўсіх нас – мы хочам у працэсе правядзення канферэнцыі выкарыстоўваць тыя магчымасці, якія нам дае дадатак «Новая Беларусь». То бок, мяркуецца, што ў нейкім спалучаным фармаце будзе магчымасць інтэрактыўнага, калі не ўдзелу, дык, прынамсі, сінхранізацыі нейкіх асноўных сэнсаў, якія агучваюцца на канферэнцыі, і магчымасць удзельнікам непасрэдна ў рэжыме рэальнага часу нейкім чынам рэагаваць на падзеі. У тым ліку – пытанні, апытанкі, нейкія хуткія замеры рэакцыяў на тыя ці іншыя прапановы ці выказванні. І, у тым ліку, такім чынам, як нам падаецца, мы павысім уцягнутасць удзельнікаў непасрэдна на месцы.
— Якія асноўныя пытанні будуць абмяркоўвацца падчас канферэнцыі?
— Мы сфармавалі чатыры асноўныя тэматычныя накірункі гэтай канферэнцыі. Першае – гэта сінхранізацыя разумення палітычных стратэгіяў Офіса, Кабінета і Каардынацыйнай Рады, і магчымасцяў супрацы ў гэтых рамках з дыяспаральнымі структурамі.
Другі накірунак – гэта пытанні сістэмнай, арганізаванай, інстытуцыйнай падтрымкі дыяспаральных арганізацыяў. Таму што гэта вельмі вялікі і адзін з самых папулярных запытаў з боку дыяспаральных структураў пра тое, што гэтай падтрымкі не хапае.
Трэцяе – гэта паляпшэнне арганізацыйных пытанняў узаемадзеяння паміж палітычнымі структурамі і дыяспаральнымі арганізацыямі. Гэта пытанні пра тое, як Офісу, Кабінету, Каардынацыйнай Радзе лепей, больш дакладна і зразумела чуць прадстаўнікоў дыяспаральных структураў, як інтэграваць сумесную працу, як своечасова атрымліваць зваротную сувязь і якасна апрацоўваць яе.
І чацвёртае – гэта блок у сінхранізацыі, у сумесных намаганнях у накірунку захавання і нацыянальнага адраджэння Беларусі, беларускай адукацыі, беларускай культуры, беларускай гісторыі. Калі казаць вельмі проста – то гэта захаванне беларушчыны ў сабе. Таму што, як мы цяпер усе разумеем, гэта адзін з такіх падмуркаў, на якіх усе нашыя намаганні могуць базавацца.
— Каго вы разлічваеце бачыць на гэтай канферэнцыі?
— Мы ўлічылі зваротную сувязь ад дыяспаральных арганізацыяў, якая была як у выпадку з першай канферэнцыяй, так і з канферэнцыяй «Новая Беларусь» у жніўні мінулага года, калі не ўсе прадстаўнікі дыяспаральных структураў разумелі, як абіраліся і запрашаліся тыя ці іншыя суб’екты, якія ўдзельнічалі ў мерапрыемстве. Таму сёлета мы вырашылі зрабіць агульную форму для рэгістрацыі. Мы вырашылі засяродзіцца на тых, хто разумее сваю зацікаўленасць удзелу ў гэтым мерапрыемстве.
Канешне, гэта нашыя беларускія арганізацыі дыяспары. Калі казаць пра накірункі, то гэта арганізацыі, якія займаюцца, напрыклад, фінансавай падтрымкай беларусаў, дабраахвотнікаў, пацярпелых ад рэпрэсіяў, арганізацыі прававой юрыдычнай дапамогі, арганізацыі культурнага, гістарычнага, адукацыйнага накірунку, арганізацыі, якія аб’ядноўваюць беларусаў паводле лакальнай прыкметы, напрыклад, нейкія краінавыя ці рэгіянальныя фармаванні. Мы не абмяжоўваем спіс гэтымі накірункамі, гэта асноўныя. Але па-ранейшаму, асноўны пункт уваходу для ўдзелу ў канферэнцыі – гэта форма рэгістрацыі, якую мы запусцілі ў пачатку тыдня і плануем да 9 красавіка збіраць заяўкі.
— Дзе шукаць гэтую форму заяўкі?
Мы зрабілі невялікі лэйдынг, на якім будзе акумулявацца асноўная інфармацыя. Гэта bydiaspora.net. І зараз будзем займацца прасоўваннем гэтай інфармацыі пра форму збора, каб яна не прайшла міма беларусаў.
Падрабязней слухайце ў плэеры нижэй.