Фестываль Soncahraj на Падляшшы ў чэрвені: спеўная і музычная традыцыя беларусаў

Фестываль традыцыйнай беларускай культуры Soncahraj, які ўпершыню прайшоў летась, і арганізатарам якога з’яўляецца фонд «Тутака», рыхтуецца і сёлета.

Soncahraj — гэта сустрэча са спеўнай і музычнай традыцыяй беларусаў, а таксама нагода пазнаёміцца з рознымі элементамі творчай ды культурнай спадчыны нашых продкаў.

У межах Фестывалю пройдзе серыя майстар-класаў аўтэнтычнага спеву для мясцовых калектываў з Беласточчыны, у час якіх удзельнікі прыгадваюць, а часам аднаўляюць з архіўных запісаў традыцыйны фальклор сваіх ваколіц.

Сёлета з інструктарам народнага спеву сустрэнуцца гурты «Журавінкі» з Агароднічак, «Чырвоныя шпількі» з Міхалова ды Спеўны гурт з Дубіч Царкоўных.

Вынікі працы і сваю творчасць яны прадставяць у час беларускіх фэстаў:

9 чэрвеня ў Дубічах Царкоўных,

10 чэрвеня ў Саколі,

18 чэрвеня ў Супраслі.

Вялікі фінал Фестывалю Беларускай Традыцыі Soncahraj пройдзе 24 чэрвеня ў вёсцы Бандыры (гміна Міхалова). Цягам дня ўдзельнікаў чакае магчымасць пазнаёміцца з традыцыйнымі рамёствамі беларусаў Падляшша і Беларусі, прыняць удзел у майстар-класах традыцыйнага спеву ды танцаў, вырабе выцінанак, краек ды розных іншых традыцыйных вырабаў.

У канцэртнай прасторы пачуем аўтэнтычныя беларускія гурты, зможам станцаваць трыдыцыйныя беларускія танцы, а таксама супольна заспяваць пры бяседным стале.

Сярод запрошаных гасцей: Miareża, капэла «Колісьнія» ды іншыя.

На фестывалі таксама будзе магчымасць прыняць удзел у традыцыйным купальскім карагодзе ды забавах.

Soncahraj — даніна памяці мінулым пакаленням, але таксама натхненне для сучаснасці.

Галоўны партнёр: Гміна Міхалова.

Партнёры: Гмінны Асяродак Культуры, Спорту і Адпачынку ў Дубічах Царкоўных, Гмінны Асяродак Культуры ў Міхалове, Цэнтр Лакальных Прадуктаў у Саколі, Гміна Супрасль, Цэнтр Культуры і Адпачынку ў Супраслі, Infinity Group, Беластоцкі лялечны тэатр.

Суфінансаванне задачы ажыццяўляецца за кошт сродкаў Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі ў рамках праекту «Спеўны сход».

Фестываль будзе транслявацца анлайн.

budzma.org