Кніга мае назву «Biełarusian Fine Art: Time and Time Again (Беларускае выяўленчае мастацтва: зноў і зноў)». Пра гэта паведамляе Бібліятэка і музей Францыска Скарыны ў Лондане на сваёй старонцы ў Facebook.
Аўтарка распавядае пра больш чым 150 беларускіх мастакоў, у тым ліку пра тых, хто стварыў аснову славутай Парыскай школы. Для многіх заходніх аматараў мастацтва імёны, прыгаданыя ў кнізе, часта не асацыююцца зь Беларусьсю: Марк Шагал, Хаім Суцін і інш. Доктарка Зінаіда Гімпелевіч у сваёй кнізе выпраўляе гэтыя стэрэатыпы, а таксама сьмела залічвае да ліку беларускіх мастакоў і многіх тых, хто нарадзіліся на Беласточчыне, Дзьвіншчыне — там, дзе беларуская этнічная прысутнасьць яшчэ нядаўна была відавочная. Аўтарка таксама цікава распавядае пра тое, чаму сярод сусьветна вядомых аўтараў зь Беларусі апынулася так шмат мастакоў габрэйскага паходжаньня. Кніга будзе цікавым адкрыцьцём ня толькі для англамоўнага чытацтва, але і наогул — для ўсіх, хто цікавіцца беларускім мастацтвам.
Кніга асабліва дарагая разьдзелам пра выяўленчае мастацтва беларускай эміграцыі: Віктара Жаўняровіча, Міхася Наўмовіча, Івонку Сурвіллу і інш. мастакоў і мастачак. Творы многіх зь іх захоўваюцца ў Скарынаўскай бібліятэцы. Рэпрадукцыі некаторых з тых твораў упершыню апублікаваныя ў кнізе З. Гімпелевіч.
Кнігу можна набыць у папяровым і электронным варыянтах.