Як беларусы адстойвалі свае правы ў Літве

Літоўскія парламентарыі 20 красавіка адхілілі вета прэзідэнта Гітанаса Науседы і канчаткова пацвердзілі: з-за вайны ва Украіне Літва ўводзіць розныя нацыянальныя санкцыі ў дачыненні да грамадзян Беларусі і Расіі. Пакуль у Сейме ішло галасаванне, беларусы Вільні зладзілі мітынг ля будынка парламента. Асноўнае патрабаванне: не абмяжоўваць іх правы і не прыраўніваць да расіян, піша «Радыё Ўнэт».

Закон аб нацыянальных санкцыях у дачыненні да грамадзян Беларусі і Расіі – бадай адзін з першых дакументаў, за лёсам якога пільна сачылі беларусы ў Літве і на змест якога спрабавалі паўплываць на розных узроўнях. Першапачаткова законапраект прадугледжваў аднолькавыя санкцыі для расіян і беларусаў на фоне вайны ва Украіне: спыніць прыём заяў на атрыманне літоўскага грамадзянства, абмежаваць атрыманне ВНЖ і віз. Дэпутаты літоўскага Сейма менавіта ў такім выглядзе прынялі закон у першым чытанні. Пасля – пачалося актыўнае грамадскае абмеркаванне дакумента і частку абмежаванняў у дачыненні да беларусаў з законапраекта ўдалося выключыць: з сямі санкцый іх тычыліся толькі чатыры. Але прэзідэнт Гітанас Науседа наклаў вета на законапраект і вярнуў на паўторны разгляд. Ён прапанаваў парламентарыям зраўняць абмежаванні для расіян і беларусаў, а таксама спрасціць дэпартацыю і ануляванне ўжо выдадзеных нацыянальных віз і ВНЖ.

І вось нарэшце 20 красавіка ў Сейме прайшло ключавое галасаванне па законапраекце. У выніку дэпутаты адхілілі вета прэзідэнта і канчаткова пацвердзілі, што з-за вайны на Украіне Літва ўводзіць розныя нацыянальныя санкцыі ў дачыненні да грамадзян Беларусі і Расіі. За прыняцце закона без паправак, прапанаваных прэзідэнтам, прагаласавалі 99 дэпутатаў Сейма, супраць выступілі сямёра, двое ўстрымаліся.

Галасаванне ў Сейме адбывалася ў другой палове дня ў чацвер, і ў гэты ж час беларусы зладзілі мітынг ля літоўскага парламента з патрабаваннем не прыраўніваць іх да расіян. Літоўскія дэпутаты выходзілі да беларусаў, каб выказаць ім словы падтрымкі. Адзін з такіх дэпутатаў Вілюс Семешка.

«Я вельмі рады, што вы сабраліся ля парламента. Мы не падтрымаем вета прэзідэнта і закон застанецца такі, які ёсць. Наша мэта – гэта дэмакратыя ў рэгіёне. Чаму такая сітуацыя ўзнікла, цяжка сказаць. Мы–дэмакратычная краіна. Кожны можа паспрабаваць прыняць якія-небудзь законы, але гэта не азначае, што яны будуць прыняты. Я асабіста не буду падтрымліваць прэзідэнцкае вета. Я лічу, што нельга параўноўваць расіян-акупантаў і агрэсараў з беларусамі».

Беларусы, якія прыйшлі на пікет да Сейма, выступілі супраць дыскрымінацыі па пашпарце і супраць таго, каб іх прыраўнівалі да агрэсараў.

«Праблема ў тым, што гэты закон улічвае грамадзянства, замест таго, каб улічваць грамадзянскую пазіцыю чалавека».

«Калі будзе прынята такое заканадаўства, то для беларусаў адзіным шляхам легалізацыі ў Літве стане падача на бежанства. А бежанства не зусім тое, чаго хочацца».

«Важна паказаць, што беларусы павінны адасабляцца ад расіян. Таксама нам важна паказаць, што мы не падтрымліваем вайну, гэта не наша вайна».

Наратыў «беларусы не расіяне» пастаянна гучаў у каментарыях сабраўшыхся. Створана нават асобная петыцыя, якія заклікае літоўцаў, у тым ліку і літоўскіх палітыкаў, не разглядаць дзве краіны як адно цэлае, а ўсе ж такі разумець, што Беларусь сёння не з’яўляецца часткай Расіі – кажа адна з аўтарак петыцыі Лізавета.

«Мы запусцілі гэтую петыцыю, каб паказаць, што беларускі кантэкст трэба разглядаць асобна ад расійскага, і было б добра, калі б Літва для беларусаў стварыла асобную палітку, каб не аб’ядноўвала нас з расіянамі. Але мы пабачылі, што вета на законапраект накладзена і наш наступны крок быў выйсці на мітынг. Але мы яшчэ не скончылі збор подпісаў пад петыцыяй. Можна далучацца».

Не абышлося падчас акцыі і без лакальнага высвятлення адносін. У тэлеграм-канале Антоля Лябедзькі быў апублікаваны скрын ультыматуму нібыта ад імя арганізацый «Наш дом» і «Дапамога» з патрабаваннем выключыць беларусаў з дыскрымінацыйнага закону, у адваротным выпадку ў Літве могуць адбыцца масавыя беспарадкі пачынаючы з 23 красавіка. Пазней паведамленне было выдалена, але з’явілася ў некаторых СМІ. «Наш Дом» у адказ абвінаваціў прадстаўнікоў Святланы Ціханоўскай у спробе дыскрэдытаваць арганізацыю ў вачах літоўскіх парламентарыяў. Кіраўніца арганізацыі «Дапамога» Наталля Калегава назвала гэтае паведамленне правакацыяй.

— Мы прачыталі ў канале Анатоля Лябедзькі, што нібыта гэты ўльтыматум быў разасланы літоўскім дэпутатам на расійскай (!) мове, і што мы патрабуем прыбраць беларусаў з дадзенага законапраекта, і, калі гэта не будзе зроблена, то будуць пратэстныя мітынгі. Ультыматум падпісаны імем «Нашага дома» і «Дапамогі». Ні я, і, як я пазней даведалася, ні Вольга Карач, мы не высылалі нікому з дэпутатаў такія патрабаванні і ўльтыматумы. Я, дарэчы, звязалася з Лябедзькам, ён сказаў, што ён не ў курсе, але прыбраў інфармацыю з канала. Далей мы будзе яшчэ разбірацца, высвятляць, што гэта было і ці было ўвогуле? Таму што я спытала ў часткі дэпутатаў, ці атрымлівалі яны такі ліст, дэпутаты, лаяльныя да беларусаў, падобнай рассылкі не атрымлівалі».

— А Вы знайшлі хоць аднаго дэпутата, хто атрымаў?

— Пакуль не.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

radiounet.fm