«Акрамя вёскі і маёнтка Полаўцы, жыхары вёсак: Сухоры, Ставішча, Хлевішча, Пяшчатка, Голя, Сухадол, Вулька Палавецкая называюцца насельніцтвам навакольных вёсак полаўцамі, якія, аднак, нічым ужо не адрозніваюцца ад сваіх суседзяў-русінаў», — так акрэсліў у 1844 годзе гісторык і этнограф Юзаф Ярашэвіч незвычайны этнічны складнік насельнікаў былога Берасцейскага ваяводства на памежжы сучасных Беларусі і Польшчы ў сваёй працы «Вобраз Літвы з пункту гледжання яе цывілізацыі ад найстаражытнейшых часоў да канца XVIII стагоддзя» (Obraz Litwy pod wzgledem jéj cywilizacyi, od czasów najdawiuejszych do konca wieku XVIII; Вільня, 1844–1845).
Аднак гэтыя загадкавыя «літвінскія полаўцы» з’явіліся тут, на землях Літвы-Беларусі, далёка не ўчора. Пісьмовыя крыніцы згадваюць пра іх не толькі ў старадаўніх летапісах, але і ад часоў росквіту Вялікага Княства Літоўскага.
Як сталася, што качавы цюркамоўны народ, куманы-полаўцы, слаўныя стэпавыя ваяры летапісаў і былінаў, хаўруснікі галіцка-валынскіх князёў у барацьбе з Залатой Ардой і яцвягамі, кінулі роднае прыволле і праз стагоддзі ўладкавалі сваіх нашчадкаў ва ўнутраных раёнах ВКЛ? Паспрабуем раскруціць клубок гістарычных фактаў, дагадак і згадак.
Летапісныя полаўцы лічыліся паспяховымі скатаводамі, але ж пра берасцейскіх полаўцаў Ярашэвіч занатаваў зусім іншую прымаўку: «Полаўцаў — сем сёлаў, ды адзін толькі вол», што, безумоўна, сведчыць аб незаможным стане жыхароў згаданых вёсак, частка з якіх існуе і па сёння.
Незаўважаная экспансія
Па некаторых даных, продкі кыпчакоў (саманазва часткі полаўцаў), верагодна, паходзілі з магутнага сярэднеазіяцкага звязу плямён, вядомых з ІІІ ст. да н. э. кітайскім крыніцам пад агульнай назвай Хунну ці Сюнну, а праз некалькі вякоў, лацінскім аўтарам Еўропы, — як Гуны.
Прыклады знешнасці полаўцаў і іх нашчадкаў, рэканструяваныя па знойдзеных чарапах: (а) полавец ХІІ—ХІІІ стст. (знаходка з Саратаўскай вобл., РФ); (б) князь Андрэй Багалюбскі (пам. 1174) — полавец-«метыс» — ягоная маці была дачкой палавецкага хана; (в) качэўнік XIII–XIV стст. (знаходка з Палтаўскай вобл., Украіна)
Затым, у I тысячагоддзі нашай эры, кыпчакі рабіліся аб’ектамі хаўрусаў або заваёваў з боку іншых магутных саюзаў — уйгураў, цюркаў, кімакоў. Але з ІХ па ХІ стст. кыпчацкія плямёны ўзмацніліся настолькі, што абнялі сваім валадарствам і качэўямі вялікі абшар сучаснага Казахстана і прылеглых раёнаў, расцягнуўшы палітычны ўплыў да Волгі, Заходняй Сібіры і паўночных стэпаў Прычарнамор’я.
Вось тут, на прасторах будучых украінскіх стэпаў, і разгарнулася эпапея складаных узаемаадносінаў з князямі Русі.
На працягу двухсот гадоў, ад першых упамінанняў у летапісах у сярэдзіне ХІ ст. да сярэдзіны ХІІІ ст., калі стэпы трапілі пад кантроль мангола-татарскіх ордаў, ханы палавецкіх плямёнаў і прадстаўнікі княскай дынастыі Рурыкавічаў то ваявалі, то сябравалі паміж сабой, парушалі дамовы і сваячыліся праз шлюбы.
Адступаючы пад напорам мангольскіх полчышчаў, полаўцы шукалі прытулку ў розных землях. У летапісах часта сустракаюцца запісы, якія сведчаць пра ўдзел полаўцаў — у якасці саюзнікаў, а часам і наёмнікаў — у паходах рускіх князёў. Так, у Іпацьеўскім летапісе пад 1245 г. згадана пра ўдзел палавецкіх атрадаў у бітве з палякамі і венграмі пад Яраславам.
Сысці, каб вярнуцца
Сышоўшы са старонак галіцка-валынскіх летапісаў падчас мангольскай навалы, полаўцы не зніклі з гісторыі: пад імем куманаў-кунаў-кыпчакоў яны вядомыя ў Вугоршчыне, у войсках нямецкіх феадалаў, сярод родапачынальнікаў царскіх дынастый Другога Балгарскага царства (Асені, Тэртэрыі, Шышманы), і нават сярод цюркскай арыстакратыі Візантыйскай імперыі і Грузінскага царства.
Вугорскі кароль Лашло І вядзе паядынак з куманскім багатыром. Роспіс XV ст. у царкве Дэрж’ю (суч. Румынія). У час, калі быў зроблены роспіс, куманы («куны» — у вугорскіх дакументах) былі цалкам інкарпараваным этнасам у Вугорскае каралеўства, які насяляў адведзены ім аўтаномны рэгіён, Куншаг, пад абавязак вайсковай службы. Вугорскія каралі не толькі біліся разам з куманскімі ваярамі, але і бралі ў шлюб ханскіх дачок. Дакументамі XIV–XV стст. яшчэ згадваюцца куманы з напаўхрысціянскімі-напаўцюркскімі імёнамі і прозвішчамі, прычым некаторыя з якіх па-ранейшаму пазначаюць сваю арыстакратычнасць праз родавую прыналежнасць. А да сярэдзіны XVIII ст. на землях Вугоршчыны згадваюцца жывыя носьбіты куманскай мовы
Кыпчацкая мова, занатаваная ў рукапісах, сталася мовай зносінаў для няцюркскіх народаў — напрыклад, сярод армянскай дыяспары на тэрыторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай (пра гэты цікавы этнічны складнік у айчыннай гісторыі мы распавядзем асобна), а галоўнае, асновай для шмат якіх сучасных цюркскіх моў — крымска-татарскай, татарскай, казахскай, караімскай (пра караімаў, цюркамоўных прыхільнікаў юдаізму на тэрыторыі ВКЛ, мы таксама пагаворым асобна), нагайскай і іншых.
Берасцейскія «половчане»
Палавецкія паселішчы не выпадкова ўзніклі на паўночных рубяжах Валынскага княства — на Берасцейшчыне, у тагачаснай зямлі Берасцейскай. З часоў Рамана, бацькі Данілы Галіцкага і ягонага брата, Васількі, гэтыя землі ляжалі спустошаныя набегамі суседзяў, таму было выгадна рассяліць там полаўцаў, скарыстоўваючы іх у якасці заслоны ад частых нападаў яцвягаў і Літвы. Так, вядома, што ў 1253 г. князь Даніла з братам Васілём і сынам Львом у суправаджэнні полаўцаў быў у Пінску, і ў гэты ж час, верагодна, верны хаўруснік — хан Тэгак накіраваў сваю арду ў Берасцейскую зямлю, дзе полаўцамі было заснавана каля 40 паселішчаў.
На жаль, дакладная храналогія перасялення і пасялення полаўцаў на землях Вялікага Княства Літоўскага пакуль не высветлена — ад апошніх упамінанняў у летапісах (1250-я гг.) і да першых згадак у літвінскіх актавых матэр’ялах (1500-я гг.) ляжыць «цёмны перыяд» у два з паловай стагоддзі.
У пісьмовых крыніцах пачатку ХVІ ст. прыгадваецца Палавецкі дзясятак (дзясятак — адна з самых дробных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак ВКЛ), а пад 1516 г. — паўстанне мясцовых сялян, якія названы ў дакументах «палаўчанамі» («Людзі гаспадарскія Бельскага павета половчане…»), а сярод мясцовых жыхароў і сёння сустракаюцца характэрныя прозвішчы — Колтак, Бакштай, Бай, Казубай.
Па выніках адміністрацыйнай рэформы 1565–1566 гг. Палавецкі дзясятак (воласць) быў пераўтвораны ў Палавецкае войтаўства, праіснавалае да 1918 г. і да якога адносіліся вёскі: Полаўцы (Голя; сучасная в. Пагранічная), Пяшчатка (Пяшчанка), Сухадол, Хлевішча, Ставішча і Сухары (не існуе, злілася са Ставішчамі). Ад той рэвізіі жыццё палавецкіх сялян пагоршылася — з асаднага становішча, пры якім сяляне павінны былі выплачваць толькі грашовыя падаткі, іх перавялі ў цяглыя. У XVII–XVIII стст. ішоў працэс раздачы земляў войтаўства і ўтварэння тут шляхецкіх маёнткаў і фальваркаў; у гэты час асабліва буйное ўладанне тут трымалі Радзівілы. Да сярэдзіны XVIII ст. фальваркавая гаспадарка была ліквідавана, і сялян перавялі на «чынш», які аплочваўся грашыма і натурай.
У канцы XVIII ст. запрыгоньванне сялян цалкам завяршылася: расійская акупацыйная адміністрацыя параздавала былыя каралеўскія землі лаяльным імперыі новым уласнікам: Аджароўскім, князям Гагарыным, графам Скаржынскім. У гэты ж час з’явілася шмат новых вёсак, утвораных ад падзелу (пераносу) старых або шляхам зліцця з новымі паселішчамі.
У 1883 г. колькасць парафіянаў Палавецкага прыходу налічвала 2349 чалавек. У ХІХ ст. частку зямель засялілі сяляне з Пружанскага павета і з беластоцкай Гайнаўкі. У часы Першай сусветнай вайны частка насельнікаў краю, пад ціскам лініі фронту, была вымушана перасяляцца ва ўнутраныя рэгіёны імперыі, у Паволжа і Сібір.
У 1918–1919 гг. землі войтаўства ўвайшлі ў Берасцейскі павет у складзе Украінскай Народнай Рэспублікі. З 1919 і па 1939 гг. тэрыторыя апынулася ў межах міжваеннай Польшчы, прычым у 1921–1928 гг. — у якасці самастойнай гміны Палоўцы (gmina Połowce) Брэсцкай акругі, а ў 1928–1939 гг. была падзелена паміж гмінамі новага Палескага ваяводства. На кароткі перадваенны перыяд землі гістарычнага войтаўства былі захоплены і далучаны да БССР, але па выніках савецка-польскіх дамоў пасля Другой сусветнай вайны — падзелены паміж ПНР і БССР: Ставішча, Полаўцы і Вулька-Церахоўка адышлі Польшчы (Беластоцкае ваяводства, гміна Чаромха), а Хлевінцы, Церахі, Сухадол, Пяшчатка — увайшлі ў Камянецкі раён Брэсцкай вобласці.
«Палавецкая арыстакратыя», або Спекуляцыі шляхты?
У 1230-я гады палавецкія ханы пачалі прымаць хрысціянства — гэта дазваляла ім прасцей сваячыцца і ўступаць у хаўрусы з тагачаснымі хрысціянскімі валадарамі. У часы валадарання Гедзімінавічаў над часткаю сучасных украінскіх земляў, якія ўваходзілі ў ВКЛ ці былі яго васаламі, з’яўляюцца княскія роды стэпавага паходжання.
Прыкладам такіх нашчадкаў маглі быць Полавец-Ражыноўскія (або Сквірскія) князі, галоўнымі ўладаннямі якіх былі Сквір(ка) каля Белай Царквы (суч. Кіеўская вобл.) і Рожны (суч. Чарнігаўская вобл.). Так, князь Раман (Карыман) Полавец, які жыў у сярэдзіне або ў пачатку XIV ст., лічыўся нашчадкам палавецкага хана Тугархана і заснавальнікам галіны Сквірскіх.
Гісторыя рода вядомая вельмі схематычна — уласна Сквір моцна пацярпеў ад крымскіх татараў у XV–XVI стст. і хутка прышоў у заняпад. У 1615 г. сквірскія землі былі абвешчаны «слабадою», зямлёю для паўторнага засялення. Магчыма, апошнім з роду Полаўцаў быў запарожскі стараста Раман Ражноўскі, адзін з казацкіх паслоў у 1638 г. да караля і вялікага князя.
Па маскавіцкіх крыніцах яшчэ вядомы род Полаўцавых, якія нібыта паходзяць ад Сімяона Полаўца, удзельніка Пераяслаўскай Рады (1654).
Другім прыкладам могуць служыць князі Доманты, якія лічыліся выхадцамі з «Палавецкай зямлі» і вялі свой радавод, як і ўплывовыя князі Глінскія (што выявілася ў пэўным падабенстве гербаў гэтых родаў), ад знакамітага залатаардынскага цемніка Мамая.
Адным з іх уладанняў у XV–XVI стст. было мястэчка Мошны на левым беразе Дняпра, адкуль асобныя прадстаўнікі гэтага роду называліся Домантамі-Машэнскімі. У канцы XVI ст. Мошны перайшлі да князёў Вішнявецкіх. Князі Доманты лічацца заснавальнікамі горада Домантава, які быў цэнтрам Домантаўскай казацкай сотні.
Дык кім былі насамрэч «нашчадкі палавецкай арыстакратыі» ў часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай?
Дакументы не пацвярджаюць прамой этнанімічнай сувязі, але не абвяргаюць родавых стасункаў, паколькі прадстаўнікі гэтых княскіх родаў альбо ніколі не мелі ўласных уладанняў, або страцілі іх так рана, што іх тэрытарыяльная прывязка не мае ніякіх дакладных даных. Застаецца зазначыць, што ў ВКЛ (як і ў ва ўсёй Рэчы Паспалітай) было пашырана даваць «рускія» тытулы прадстаўнікам і нашчадкам неславянскага або нехрысціянскага паходжання: татарскія ці пяцігорскія мурзы, біі, тарханы атрымлівалі тытул «князь», які ніяк не звязваўся з зямельным уладаннем, а меў, хутчэй, ганаровы ранг, які даваў магчымасць карыстацца правамі, блізкімі да шляхецкіх. Другім спосабам, пашыраным пры стварэнні радаводаў, агульным для тагачаснай Еўропы эпохі Барока, была традыцыя «антыкварнасці» — штучнага «састарэння» радавога дрэва, звяртання да родаў і этнасаў часоў Антычнасці і Вялікага перасялення народаў. І каб пабрацца сваяцтвам з «рымлянамі» Палемона ці ваяўнічымі «сарматамі», трэба былі немалыя высілкі, фантазія і эрудыцыя, то сувязі з нядаўнімі народамі-гегемонамі выглядалі больш эфектна і натуральна.
Асноўныя крыніцы тэкстаў і малюнкаў
- Wikimedia.org, kamenec.by
- «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі», 1978. № 1. С. 33–35.
- Український історик. 1973, № 1–2.
- Словник Берестейщини. — Львів, 1996.
- Евстигнеев Ю. А. Кыпчаки (половцы) куманы и их потомки (к проблеме этнической преемственности). 2010
- Леонтій Войтович. Княжа доба: портрети еліти. 2006
- Однороженко О. А. Руські королівські, господарські та князівські печатки ХІІІ—ХVІ стст. 2009