Як вялікі князь Альгерд тройчы хадзіў на Маскву і павялічыў тэрыторыю ВКЛ удвая

24 траўня, у далёкім 1377 годзе, пайшоў з жыцця вялікі князь Альгерд. Ён пражыў больш за 80 гадоў, што для таго часу было вялікай рэдкасцю. За час праўлення Альгерда тэрыторыя ВКЛ павялічылася больш чым удвая  і стала найбуйнейшай дзяржавай Еўропы. У дзень памяці Budzma.org прыгадвае цікавыя факты пра вялікага ваяра і палкаводца.

Люты вораг крыжакоў

Самастойны шлях як ваеначальнік Альгерд пачынае ў 1342 годзе: да князя звярнуліся псковічы з просьбай аб дапамозе супраць лівонскіх рыцараў, якія ўварваліся ў Пскоўскую зямлю і аблажылі Ізборск. Альгерд, Кейстут і сын полацкага князя Воіна Любко са сваімі дружынамі прыйшлі да Ізборска. Але Альгерд не спяшаўся ўступаць у бой з крыжакамі, псковічы былі вельмі незадаволеныя такой пазіцыяй князя, але рашэнне аказалася мудрым. Праз 10 дзён лівонцы знялі аблогу з горада і адступілі. Сакрэт быў у тым, што князь паслаў на Лівоншчыну тры атрады ваяроў, якія пачалі нападаць на лівонскія селішчы.

Альгерд атрымаў уладу ў 1345 годзе, калі разам з братам Кейстутам ім удалося скінуць са стальца яшчэ аднаго брата Яўнута. Былы князь быў узяты ў палон сваімі братамі, але здолеў уцячы на маскоўскія землі, дзе прыняў праваслаўе і стаў шукаць падтрымкі ў Маскве.

Князь Кейстут

Адразу пасля гэтых падзей, спадзеючыся на бязладдзе ў дзяржаве, на землі Альгерда нападаюць крыжакі. Яны ўзялі ў аблогу адзін з замкаў Аўкштайтыў, але князь прымяніў ужо вядомую тактыку. Пакуль замак быў у аблозе, ён рушыў на Прусію, крыжакі зноў знялі аблогу і накіраваліся на абарону сваіх земляў. Князь хутка змяніў кірунак свайго паходу і марскім берагам прывёў ваяроў у Куронію (Курляндыю), дзе напаў на ўладанні лівонскіх рыцараў.

Буйная бітва з крыжакамі адбылася 18 лютага 1370 года каля Рудавай у Прусіі. Ордэн меў саракатысячнае войска, Альгерд і Кейстут — семдзясят тысяч воінаў. Бітва ішла цэлы дзень. Альгерд страціў каля 5500 воінаў, крыжакі — маршала Геннінга фон Шындэнкопфа, 4 камандоры, 26 рыцараў, каля 400 чалавек вышэйшых і 5000 простых ваяроў. Альгерд адступіў. Ордэн у сваіх хроніках замаўчаў вынік бітвы і тое, што ў ёй загінулі высокія вайсковыя чыны, таму можна разважаць аб перамозе Альгерда.

Бітва пад Рудавай

Заваёваў рускія землі дыпламатыяй і мячом

Альгерд прыкладаў усе намаганні, каб пашырыць межы княства за кошт рускіх зямель і ўзмацніць свой уплыў у Ноўгарадзе, Пскове, Смаленску. У першых двух гарадах князю гэта не зусім удалося. Толькі ў год смерці Альгерда псковічы прынялі на княжанне ягонага сына Андрэя. З наўгародцамі Альгерду даводзілася ваяваць, мясцовыя эліты стварылі дзве групоўкі — літоўскую і маскоўскую, але першая была мацнейшай і больш уплывовай, што сыграла на руку князю.

Значна большы ўплыў набыў Альгерд у Смаленску. Тут ён выступаў абаронцам смаленскага князя Івана Аляксандравіча, абавязваючы яго дзейнічаць заадно з ім. Сын Івана Аляксандравіча, Святаслаў, становіцца ўжо цалкам залежным ад Альгерда. Ён быў абавязаны суправаджаць князя ў паходах, даваць Смаленскае войска для барацьбы з крыжакамі. Нават найменшае ўхіленне Святаслава ад гэтых абавязкаў пагражала паходам Альгерда на Смаленскую зямлю.

Разбіў ушчэнт трох князёў Арды і заняў кіеўскія землі

Каля 1355 года Альгерд заваяваў Бранск, пасля чаго яму падпарадкаваліся і многія іншыя з надзелаў, на якія распалася Чарнігава-Северскае княства.

У 1362 годзе Альгерд разбіў на берагах ракі Сінія воды трох татарскіх князёў, якія спрабавалі зноў падпарадкаваць сабе Падольскую зямлю, адваяваную ў іх бацькам Альгерда, Гедзімінам, гэта значыць Крымскую, Перакопскую і Ямбалуцкую арды, якія пасля збеглі ў Крым або Дабруджу. У бітве загінулі нават татарскія ваеначальнікі.

Бітва на Сініх водах

У руках Альгерда апынуўся поўны кантроль над шырокімі прасторамі — уся левая палова басейна Днястра, ад вусця ракі Серат да Чорнага мора, увесь басейн Паўднёвага Буга, землі ўверх па Дняпры да ўпадзення ракі Росі.

Заваяванне Кіева адбылося амаль без барацьбы: Альгерд зрушыў адтуль спадручніка Арды, які там княжыў, князя Фёдара, і аддаў Кіеў у кіраванне свайму сыну Уладзіміру. Падольскую зямлю ён аддаў пляменнікам, сынам свайго брата Карыята. За Валынь Альгерд вёў барацьбу з польскім каралём Казімірам ІІІ. Спрэчка была скончана ў 1377 годзе, пры Людовіку, пераемніку Казіміра. Пры пасярэдніцтве Кейстута паміж Альгердам і Людовікам быў заключаны мір, згодна з якім Берасцейскі, Уладзімірскі і Луцкі надзелы былі прызнаныя за ВКЛ, а Холмская і Белзская землі адышлі да Польшчы.

Тройчы хістаў Маскоўскае княства

Тройчы, у 1368, 1370 і 1372 гадах Альгерд рабіў вайсковыя паходы на Маскву.

Паход 1368 года рыхтаваўся таемна. Некалькі тысяч чалавек ішлі ў пушчах праз балоты. Альгерд, Кейстут і смаленскі князь імкліва падышлі да Масквы. Маскоўскі князь Дзмітрый Іванавіч нават не падрыхтаваўся да абароны і пачаў прасіць замірэння. Разбіўшы перадавы полк ваяводы Дзмітрыя Мініна ля Валакаламска, Альгерд увайшоў у Маскву, але, прастаяўшы тры дні ля Крамля, вярнуўся назад. Гэтым паходам далі потым назву — «Літоўшчына».

Яшчэ Альгерд уварваўся ў Адоеўскае княства, і на рацэ Халахольні, каля аднайменнага паселішча, разграміў мясцовае маскоўскае войска. З Адоеўскага княства Альгерд пайшоў у Калужскую зямлю, дзе ў горадзе Абаленску забіў мясцовага князя Канстанціна Іванавіча. Вынікам гэтага паходу была часовая ліквідацыя ўплыву Масквы на цвярскія землі.

У 1370 годзе Альгерд зноў хадзіў на Маскву па просьбе Міхаіла Цвярскога, які пацярпеў паражэнне ад Дзмітрыя Данскога. Распачаўшы беспаспяховую аблогу Валакаламска, Альгерд стаяў ля сцен Крамля, але заключыў перамір’е на паўгода і вярнуўся назад у Літву, прычым пагадненне было замацавана дынастычным шлюбам: стрыечны брат Дзмітрыя Данскога ажаніўся з Аленай, дачкой Альгерда.

Помнік Альгерду ў Віцебску

Паход 1372 года скончыўся неспрыяльным для Альгерда перамір’ем у Любуцку, па якім цвярскі князь Міхаіл павінен быў вярнуць Дзмітрыю ўсе занятыя ім маскоўскія гарады, пры гэтым Альгерд не павінен быў за яго ўступацца: усе скаргі на цвярскога князя павінны былі быць вырашаны ханскім судом. Пасля гэтага перамір’я ўплыў Літвы на Цвер канчаткова знік.

Памёр Альгерд у 1377 годзе, пражыўшы больш за 80 гадоў, што для таго часу было вялікай рэдкасцю. Разам з братам Кейстутам кіраваў княствам 32 гады, меў дзвюх жонак — Марыю Віцебскую і Ульяну Цвярскую. У Альгерда было 12 сыноў, сярод іх — Ягайла, які і заняў месца свайго бацькі на стальцы.

Аб пахаванні Альгерда захаваліся сціплыя звесткі, яго цела ў пышным строі спалілі на вялікім вогнішчы, разам з яго канём і шматлікім багаццем, згодна з язычніцкімі традыцыямі. За час праўлення Альгерда тэрыторыя ВКЛ павялічылася больш чым удвая.

Алесь Масевіч, Budzma.org