Для тых, хто разумее «сакральнасць» бітвы паміж глыбоцкай і рагачоўскай згушчонкамі, выратавальныя здольнасці трыпутніка і ўсе плюсы закупаў у Польшчы. Гульня называецца «Я ніколі не… Зразумеюць толькі беларусы». Яе, пэўна, не мае сэнсу перакладаць на іншыя мовы — бо гэта вельмі беларуская гульня па сваім змесце, па ўсім сваім напаўненні.
Беларускае выдавецтва Gutenberg Publisher, якое зусім нядаўна стартавала кнігай пра беларускія сны і пазлам «Бітва пад Воршай 1514», падрыхтавала яшчэ адну цікавостку для беларускай аўдыторыі. Якія правілы гульні «Я ніколі не…» і як яе набыць, чаму яна тэрапеўтычная і над якой новай гульнёй працуе выдавецва, распавяла ў размове з Budzma.org яго кіраўнічка Валянціна Андрэева.
«Гульня — гэта 110 картак, на якіх напісаны і намаляваны нейкія знакавыя дэталі, нейкія дробязі жыццёвыя, пра якія ведае кожны чалавек, які жыве ці жыў у Беларусі. Замежніку давядзецца доўга тлумачыць, што значыць есці баранавіцкія лодачкі, ці якія стравы хаваюцца пад слоганам „хутка-смачна“, — распавядае Валянціна Андрэева. — І тут жа не проста пра тое, што значаць гэтыя словы, але маецца на ўвазе і роля, сэнс з’явы ў жыцці ды побыце беларусаў».
Правілы (з алкаголем і без яго)
Калода гэтых 110 картак з малюнкамі кладзецца пасярод усіх гульцоў. Удзельнікі па чарзе бяруць з калоды карткі і зачытваюць уголас. Тыя гульцы, хто хаця б аднойчы рабілі тое, што там напісана, выпіваюць і дзеляцца сваімі гісторыямі, як гэта было.
Калі ніколі гэтага не рабілі, прапускаеце круг, чакаеце наступнай карткі, а гэтую запісваеце ў свой спіс «што зрабіць у Беларусі». Усе спрэчныя пытанні наконт таго, што ўлічваць, а што не, вырашае чалавек, які цягнуў картку.
Калі выцягнулі картку «Прыдумай сам», прыдумайце свой факт, чаго вы не рабілі ў Беларусі. Калі выцягнулі картку «Пі да дна», проста выпіваеце ўсё тое, што ёсць у вас у келіху. Калі вы не гатовыя губляць гульцоў занадта рана, вы можаце гэтыя карткі адкласці з калоды.
Аўтары гульні папярэджваюць пра асцярожнасць у стасунках з алкаголем: «Калі адчуваеце, што яны таксічныя — замяніце келіх на гантэлі ці адцісканне».
Чаму тэрапеўтычная?
Здаецца, проста гульня для двух і болей беларусаў. Але Валянціна Андрэева кажа, што настолка «таксама тычыцца нашых сённяшніх новых пошукаў сваёй ідэнтычнасці».
Гучыць сур’ёзна як для гульні ў кампаніі. Вось як кіраўнічка выдавецтва тлумачыць гэта: «Калі для пакалення нашых бацькоў аднымі з сімвалаў звычайнага беларускага жыцця былі, прыкладам, марозіва за 10 капеек і кефір у шкляных бутэльках з зялёнымі накрывачкамі з фольгі, то ў нашага пакалення ўжо іншыя знакавыя беларускія рэаліі. Вось праз працу нашай аўтаркі, ілюстратаркі, працу шэрагу беларускіх парталаў фармуюцца нейкія такія трыгеры, якія выклікаюць светлае пачуццё настальгіі ў беларусаў дарослага ўзросту, скажам так, якія ўжо не пра БССР, а ўжо часоў незалежнай Беларусі».
Гульні «Я ніколі не…» ёсць па ўсім свеце, «але там яны носяць характар, хутчэй, на слабо, то-бок картка вымагае нейкіх дзеянняў часам правакатыўных, нечаканых, замежны прататып больш толькі пра пасмяяцца, распавесці нейкую вар’яцкую гісторыю і г. д.». А вось беларуская версія, як кажа Валянціна Андрэева,
гульня — тэрапеўтычная, «якая актыўна выкарыстоўвае інструменты настальгіі, яна прымусіць вас узгадаць дробязі жыцця, вярнуць і адчуць эмоцыі, якія, вядома ж, бачацца нашмат больш пазітыўнымі, нашмат больш каляровымі праз час ці, у шмат якіх нашых выпадках, пра адлегласць».
Чаму б і не паспрабаваць з дапамогай такой тэрапіі «пераадолець стрэс, вось гэтыя цяжкія этапы (асабліва цяпер цяжкія), якія ўсім даводзіцца праходзіць ці ў новай прасторы, ці ў прасторы Беларусі, але са змененымі ўмовамі, скажам так». Адпусціць, ачысціцца ды весялей глядзець у будучыню — ва ўсялякім разе, «людзі ў Беларусі, якім перад выпускам давалася для тэставання гульня, кажуць пра пазітыўныя эмоцыі, хаця б і толькі пасля прачытання і разглядання картак».
Карткі — самі па сабе гісторыі
Прыдумала беларускую «Я ніколі не…» Ганна Шымановіч (@hannashy.live), карткі стварала мастачка Дана Мігунова (@danko_m_gallery).
«Гэтыя дзяўчаты зараз у Вільні. Класная ідэя і раскошныя малюнкі. Вельмі сучасна, вельмі дасціпна, гэтыя сюжэты самі па сабе цікавыя, не проста дапаўняюць, ілюструюць тэкст аўтаркі, самі ўдзельнічаюць у гульнявым працэсе — нагадваюць, што і як было», — зазначае Валянціна Андрэева.
Наступнай прыйдзе «Шляхта»
Паводле кіраўнічкі выдавецтва, грошы на выданне «Я ніколі не… Зразумеюць толькі беларусы» збіраліся сярод беларусаў: «Мы сталі шукаць інвестыцыі на гэтую гульню, калі прыблізна месяц таму пачалі супрацу з аўтаркай Ганнай Шымановіч. І знайшлі інвестара, які прафінансаваў палову неабходнай сумы — гэтага было дастаткова, каб аддаць ужо гульню ў друк у Польшчы. Праз пяць-шэсць тыдняў мы яе атрымаем і павінны будзем заплаціць другую палову сумы за друк. Я спадзяюся, што мы за гэты час альбо знойдзем яшчэ аднаго інвестара, альбо атрымаем добрую колькасць перадзамоваў і зможам аплаціць з прыбытку. То-бок крышачку ва-банк пайшлі, але, думаем, усё павінна атрымацца. Я не бачу ніводнай прычыны, каб не атрымалася. Гульня сапраўды класная, цану мы пастараліся паставіць невысокую, каб была даступная людзям».
Выдавецтва таксама рыхтуе настольную гульню «Шляхта», якая будзе яшчэ і з ангельскай версіяй: «Яна больш складаная па выкананні, там шмат дэталяў, патрабуе большых інвестыцый на друк — і пакуль што мы не знайшлі інвестара на яе выпуск. Але маем ужо больш за два дзясяткі перадзамоваў, людзі замаўляюць — гэта вялікая маральная падтрымка і падштурхоўванне да выпуску. Мы верым у поспех, мы бачым, што за намі назіраюць, глядзяць — як у іх пойдзе, як атрымаецца, як прадаецца і якая рэклама. То-бок, бачым, што патэнцыяльныя інвестары ёсць. Тым больш усе свае абавязкі мы акуратна выконваем».