Па падліках экспертаў, Польшча стала краінай, у якую ўцёкі беларусаў з-за палітычнага пераследу на радзіме і саўдзелу Беларусі ў вайне з Украінай сталі найбольш масавымі. Тым не менш у Падляшшы фактычна зачыняюць дзве беларускія школы. Было б зразумела, каб яны зачыняліся праз недахоп вучняў, якія жадалі б навучацца беларускай мове. Але такіх вучняў цяпер багата. Што ж адбываецца?
Беларусы Падляшша стварылі петыцыю, у якой просяць не дапусціць зменаў у статут школ з навучаннем беларускай мове ў Гайнаўцы і Бельску-Падляскім. Пра сітуацыю распавядае Зміцер Косцін — журналіст, актывіст і бацька дзяцей, якія вучаць беларускую мову ў Польшчы. І, на яго думку, захаванне абавязковага вывучэння беларускай мовы ў гэтых школах патэнцыйна мае больш важнае значэнне, чым падаецца сёння.
— Зміцер, у чым праблема з беларускімі навучальнымі ўстановамі на Падляшшы? Чаму яна ўзнікла?
— Праблема ўзнікла ў сувязі з тым, што органы адукацыі Польшчы прымушаюць школы з дадатковым навучаннем беларускай мовы у Бельску-Падляскім і Гайнаўцы, каб яны са сваіх статутаў выкінулі абавязак навучання ўсіх вучняў беларускай мове.
Каментар у гэтай сітуацыі быў з боку Кураторыума асветы — гэта такі польскі адпаведнік АблАНА. Згодна з ім, існуе распараджэнне 2017 года, якое дазваляе кожны год у верасні школьнікам вызначацца з дадатковымі заняткамі. Яны хочуць, каб гэтае распараджэнне распаўсюджвалася і на гэтыя дзве спецыяльныя навучальныя ўстановы. Цяпер ліцэі з дадатковай беларускай мовай — гэта спецыяльныя школы, такія як спартовыя, музычныя, двухмоўныя школы (польская і англійская, напрыклад), дзе частка праграмы навучання з’яўляецца абавязковай для ўсіх. І калі не здаеш прадметы, абавязковыя ў гэтай школе, то тады проста гэтую школу не заканчваеш.
Тут вялізная пагроза ў тым, што калі пройдзе варыянт, які прапануе Кураторыум асветы, то гэта дасць магчымасць людзям проста адмаўляцца ад навучання беларускай мове, якая цяпер для вучняў абавязковая.
Тут не трэба шукаць нейкай малой свядомасці людзей. Свядомасць свядомасцю, але ёсць адметнасць, што бацькі проста ахвотна выпісваюць дзяцей з дадатковых прадметаў, калі ёсць такая магчымасць. У прынцыпе, калі б была магчымасць выпісаць дзяцей з матэматыкі — то іх бы выпісалі і з матэматыкі, каб не здаваць па ёй абавязковы іспыт.
Ну і, канечне, у сувязі з гэтым узнікае пытанне навучання беларускай мове для неграмадзянаў Польшчы. Але гэта крыху іншае пытанне, крыху іншая павестка.
— Што можна зрабіць, каб захаваць вывучэнне беларускай мовы?
— Апроч таго, што створаная петыцыя за захаванне беларускай мовы, быў зварот Святланы Ціханоўскай да міністра адукацыі Польшчы, адбылася сустрэча дырэктараў школ і прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы з супрацоўнікамі канцылярыі прэзідэнта Польшчы. Пакуль афіцыйнай інфармацыі пра гэтую сустрэчу няма, але выглядае на тое, што сустрэча была даволі канструктыўнай. Пасыл, які вядзецца на гэтых перамовах — што навучанне беларускай мове, захаванне школ з дадатковым навучаннем беларускай мове — гэта ніякае не падтрыманне так званага «рускага міру», як думаюць некаторыя польскія палітыкі, а наадварот, «прышчэпка» ў супрацьстаянні з «рускім мірам», які таксама мае ўплыў на Беласточчыне сярод іншага праз праваслаўную царкву.
— Ці сапраўды нехта лічыць, што беларуская мова з’яўляецца правадніком «рускага міру»? Няўжо такое моцнае неразуменне сітуацыі на Беласточчыне?
— Тут, канечне, трэба сказаць, што на гэтае неразуменне моцна ўплываюць гістарычныя крыўды і гістарычныя непаразуменні, якія шмат дзесяцігоддзяў прысутнічаюць на Падляшшы паміж беларускай нацыянальнай меншасцю і палякамі, якія тут жывуць. Некаторыя палякі і беларусы па-рознаму глядзяць на сітуацыю, звязаную з пацыфікацыяй беларускіх вёсак пасля Другой сусветнай вайны. Не таямніцай з’яўляецца і тое, што камуністычная ўлада пасля Другой сусветнай дала беларускай нацыянальнай меншасці даволі вялікі сацыяльны аванс, чаго беларусы, напрыклад, не мелі ў міжваеннай Польшчы, — калі людзі праз сваё паходжанне не маглі займацца пэўнай дзейнасцю, займаць нейкія пасады.
І, вядома, у Польшчы агульна ўспрымаецца савецкі рэжым як акупацыя, і некаторыя людзі проста абвінавачваюць беларусаў у нейкай калабарацыі з камуністамі. Гэта, вядома, няпраўда, бо беларусы не менш цярпелі ад камуністычнай улады Польшчы, чым палякі.
— Шмат беларусаў уратаваліся ад рэжыму Лукашэнкі ў Польшчы, і, напэўна, жадалі б, каб іх дзеці вывучалі беларускую мову. Але, наколькі вядома, беларускую мову могуць вучыць толькі дзеці грамадзянаў Польшчы. Чаму існуе такі падзел? Ці няма тут нейкай дыскрымінацыі?
— Тут трэба сказаць, што падыход Польшчы па навучанні дзяцей мове нацыянальных меншасцей даволі розніцца ад падыходаў, якія ёсць у Беларусі. У Беларусі нацыянальнымі меншасцямі лічацца і башкіры, і грузіны, і азербайджанцы, і іншыя. А ў Польшчы нацыянальнымі меншасцямі лічацца толькі традыцыйныя нацыянальныя меншасці, якія згаданыя ў законе пра нацыянальныя меншасці.
Закон пра нацыянальныя меншасці, які дазваляе вывучаць беларускую мову як родную, накіраваны перадусім на тое, каб падтрымаць грамадзянаў Польшчы іншай нацыянальнасці.
З аднаго боку, я б не казаў пра дыскрымінацыю, бо польская дзяржава падтрымлівае сваіх грамадзянаў. Добра было б, каб беларуская дзяржава падтрымлівала польскае навучанне, літоўскае навучанне на тэрыторыі Беларусі, ці навучанне на іншых мовах традыцыйных нацыянальных меншасцей.
І тут трэба разумець, што акрамя акрэсленага ў заканадаўстве права на навучанне беларускай мове дзяржава таксама фінансава заахвочвае, каб не было праблемаў з адкрыццём такіх класаў і навучаннем. То-бок дзяржава са сваіх коштаў пералівае дадатковыя субвенцыі на вучняў, якія дадаткова вывучаюць мову нацыянальных меншасцей.
І мне падаецца, што вось тут узнікае другі бок — адно вялікае непаразуменне. Напрыклад, у Беластоку ёсць школа № 4, дзе вывучаюць беларускую мову дзеці з беларускай нацыянальнай меншасці — гэта значыць, каля хаця б адзін з бацькоў з’яўляецца грамадзянінам Польшчы. І ў гэты ж час у гэтай жа школе, у гэтым жа класе ёсць дзеці грамадзянаў Беларусі, якія не могуць хадзіць на гэты занятак.
Гарадскія чыноўнікі ў сістэме адукацыі на месцы, якія кіруюць школамі, тлумачаць, што не могуць адправіць дзяцей грамадзянаў Беларусі на заняткі беларускай мовай у гэтыя класы, таму што такім чынам гэта будзе крыху нямэтавым выкарыстаннем сродкаў субвенцый.
Шмат хто думае, што па вялікім рахунку вырашыць пытанне навучання дзяцей беларускай мове ў тых месцах, дзе навучаюцца мове дзеці беларускай нацыянальнай меншасці, вельмі проста. Кожнае мясцовае самакіраванне магло б вырашыць гэтае пытанне самастойна. Але мясцовае самакіраванне кажа, што не мае грошай, што яны не хочуць парушаць заканадаўства, і такім чынам проста адпіхваюць пытанне.
Справа навучання дзяцей грамадзянаў Беларусі, уцекачоў, у Беластоку з’яўлялася яшчэ летась, перад інтэнсіўнай атакай Расіі пры падтрымцы беларускага рэжыму на Украіну. Тады таксама была петыцыя ў абарону дзіцячага садка, і сярод іншага ўздымалася пытанне навучання беларускай мове для грамадзянаў Беларусі. Ад таго моманту у прынцыпе нічога не змянілася. Дзеці грамадзянаў Беларусі, якія ходзяць у адзін клас з дзецьмі-беларусамі грамадзянаў Польшчы не могуць хадзіць на заняткі беларускай мовы.
Падаецца, сітуацыя даволі патавая, якую пры добрай волі можна было б адносна хутка вырашыць.
Зазначу, што я кажу менавіта пра Беласток, таму што ў Варшаве, ці ў Кракаве, ці ў Гданьску зусім іншая сітуацыя. Там грамадзяне Польшчы мусілі б стварыць такія класы з вывучэннем беларускай мовы, і да гэтага маглі б далучыцца грамадзяне Беларусі.
— Ці можна неяк паўплываць на польскіх чыноўнікаў праявіць добрую волю, пра якую вы кажаце? Ці, можа, стварыць альтэрнатыўныя курсы беларускай мовы, калі гэта цікава людзям?
— Так, ствараюцца альтэрнатыўныя курсы, такая магчымасць навучання ёсць і ў Варшаве, і ў Беластоку. У Варшаве дзейнічаюць дзве школы ў гібрыдным фармаце афлайн і анлайн, дзе ёсць заняткі мовай. У нас у Беластоку дзейнічаюць штотыднёвыя заняткі для дзетак у розным веку па беларускай мове, гісторыі, геаграфіі — такія сустрэчы, дзе дзеці маюць магчымасць камунікаваць па-беларуску. Я сам быў у свой час ініцыятарам такіх сустрэчаў — можа, не адукацыйных, а больш інтэграцыйных, мы мелі нядзельную школу беларускіх традыцый, дзе дзеці сустракаліся, нешта рабілі разам, вучылі песні, прадстаўленні рыхтавалі…
То-бок на месцах такая практыка ёсць, і людзі даволі ахвотна самаарганізуюцца. Хаця мушу прызнацца, што колькасць ахвотных не заўсёды вялікая.
А наконт уплыву на польскіх чыноўнікаў… Я думаю, што тут вялікая роля перадусім беларускіх палітыкаў, прадстаўнікоў дэмакратычных сіл. Ведаю, што размовы прадстаўнікоў Офіса Святланы Ціханоўскай з міністэрствам адукацыі былі ўжо не раз. Думаю таксама, што трэба выходзіць на ўзровень мясцовага самакіравання, дзе спрабаваць нейкім чынам сутыкацца, размаўляць пра гэта.
Іншы варыянт, які, мне падаецца, быў бы такой развязкай — гэта магчымасць шукаць міжнароднае фінансаванне для такіх заняткаў.
Канечне, саматужкі, салідарна беларусы могуць шмат што, і даволі доўга. Але калі мы рыхтуемся да новай Беларусі, то варта падумаць, што такія школкі, якія б ствараліся, мелі б падобныя праграмы, могуць стаць прыкладам для змены сістэмы адукацыі ў Беларусі пазней.
І тут думаю, што варта было б звярнуць палітыкам вялікую увагу на пытанне адукацыі. Мы ўсе бачым, што ў Беларусі робіцца ў школах і іншых навучальных установах, дзе замбаванне і прапаганда дзяцей адбываюцца даволі моцныя. Мне здаецца, што адукацыя — гэта наша будучыня, і мы павінны думаць пра гэта ўжо сёння.