Зыходзячы з апошняй паўнавартаснай статыстыкі 2018 года, беларусы п’юць шмат. Сёння мы займаем 28-е месца сярод усіх краін свету. І цяпер урад прыняў пастанову, згодна з якой гарэлка падаражэе адразу на 18%. Дзіўная рэч ва ўмовах «рэгулявання цэн», пра што і разважае прадпрымальнік і блогер Аляксандр Кныровіч.
— Беларусы ўжываюць у асноўным моцныя спіртныя напоі, у першую чаргу гарэлку, — кажа Аляксандр Кныровіч у новым выпуску на сваім канале. — Калі палічыць аб’ём спажывання алкаголю на мужчын старэйшых за 15 гадоў, атрымліваюцца кашмарныя лічбы: 23 літры ў чыстым спірце на чалавека ў год. Гэта больш за сто бутэлек.
Прадпрымальнік адзначае: гарэлачны бізнес у Беларусі рэгулюецца дзяржавай. Кожны год урад зацвярджае квоты вытворчасцей, на 2023 год гэта квота складае крыху больш за 11 млн дэкалітраў (або 110 мільёнаў літраў, або 220 мільёнаў бутэлек).
— Калі мы памножым на новы кошт — 9,04 (гэта новы мінімальны раздробны кошт на алкагольныя напоі крэпасцю 40%), то ў раздробных коштах гэта будзе 2 млрд рублёў або блізу 800 млн долараў.
Частка гарэлкі, якая вырабляецца ў Беларусі, з’язджае за мяжу, у 2021 годзе так з’ехала гарэлкі на 50 млн долараў, галоўным спажыўцом яе з’яўляецца Расія. Калі ёсць экспарт, то знаходзіцца, вядома, і імпарт. Сума гэтага імпарту звычайна разоў у 10 меншая, чым сума экспарту.
Там, дзе мы пастаўляем за мяжу на 50 млн долараў, закупляем з-за мяжы гарэлкі прыкладна на 5 млн долараў.
Найбуйнейшы дзяржаўны холдынг у Беларусі, які вырабляе гарэлку — гэта «Мінск Крышталь Груп», ён аб’ядноўвае не толькі мінскі «Крышталь», але і заводы ў рэгіёнах — Брэсцкі, Гомельскі, Віцебскі, Клімавіцкі, Пінскі і іншыя. Гэты холдынг вырабляе прыкладна 2/3 усёй гарэлкі, якая выпускаецца ў Беларусі.
— Ёсць і прыватны бізнес: «Сваяк», «Сябры», «Бульбашъ» — іх вырабляюць вядомыя кампаніі, самая буйная з іх — «Еўраопт», ёй належыць брэнд «Сваяк». Чужых туды не пускаюць, паколькі ёсць квоты, дзяржаўнае размеркаванне гэтых квот, таму ўвогуле гэта цалкам сабе прадзяржаўны бізнес.
Наколькі ён прыбытковы, зазірнём у справаздачнасць. У нас ёсць справаздачнасць холдынгу «Мінск Крышталь Груп» за 2020 год. Выручка — 1 млрд рублёў, далей акцыз — плата, якая спаганяецца дзяржавай за само права вырабляць алкагольныя напоі ў Беларусі, і ў гэтым выпадку яна складае 439 мільёнаў, гэта значыць 44%.
Атрымліваецца, што чалавек купляе гарэлку, а ў яе сабекошт адразу закладзены 44% дзяржаве.
Таму выручка холдынгу без гэтых лічбаў склала 562 мільёны, і на іх ён зарабіў чыстага прыбытку 42 мільёны рублёў. Гэта цалкам сабе добры бізнес. Там 54 мільёны чыстых актываў, і калі мы параўноўваем 54 мільёны чыстых актываў і 42 мільёны прыбытку, разумеем, што гэта бізнес з рэнтабельнасцю практычна ў 75%.
Кныровіч дадае: гэта прыбытковы бізнес для вытворцаў, але ў першую чаргу ён прыбытковы для дзяржавы — менавіта яна і спаганяе найбольшую даніну з таго літра, які выпівае просты беларус.
— Прыкладна так і атрымліваецца: калі вы прыйшлі ўдвух у краму, купілі дзве бутэлькі гарэлкі, то адна з іх — гэта ў чыстым выглядзе грошы дзяржаве. Чаму ж падаражэла гарэлка? Дзякуй трэба сказаць інтэграцыі: «Расія і Беларусь — браты навек». У ліку тых самых 28 дарожных карт (па паглыбленні інтэграцыі Беларусі і Расіі) была і карта па акцызах.
Там было прапісана, што беларускія акцызы павінны паступова расці і супадаць у канчатковым пункце з расійскімі. І таму ў 2023 годзе ўрад быў вымушаны падняць акцызы да ўзроўню 85% ад расійскіх. Акцызы паднялі, плацяжы дзяржаве сталі большымі, гарэлка падаражэла.
Калі паглядзець сёння цэны на гарэлку ў Беларусі і параўнаць з цэнамі ў Расіі і Польшчы, мы ўбачым, што па новых цэнах і курсах валют у Беларусі гарэлка каштуе 3,17$, у Расіі — 3,67$, у Польшчы — 7$.
Калі мы ўсё пералічым у няроўныя беларускія, расійскія і польскія заробкі, то мы ўбачым, што ў Беларусі можна купіць 200 бутэлек гарэлкі, у Расіі — 206, у Польшчы — 241.
— Я не ведаю, колькі павінна каштаваць гарэлка, бо гэта не толькі пытанне эканомікі, але яшчэ і пытанне сацыяльнае, — падсумоўвае Кныровіч. — Гэта пытанне здароўя нацыі.
Беларус можа купіць 200 бутэлек гарэлкі, грамадзянін СССР нават у андропаўскія часы не мог купіць на свой заробак больш за 60 бутэлек, і ў гэтым быў нейкі сэнс.
Таму я не ведаю, як павінен рэгулявацца гэты рынак, але я дакладна ведаю, што калі краіна так змагаецца з інфляцыяй (да СІЗА, крымінальных спраў на прадпрымальнікаў), то плюс 18% адным махам да кошту папулярнага ў народа напою павінна выклікаць нейкія пытанні ў дзяржаўных чыноўнікаў. Але не выклікае.