Яна не хацела маўчаць. У часы, калі затыкалі раты і ўсімі сродкамі хавалі праўду, Святлана Алексіевіч давала шанец галасам, якія расказвалі тое, пра што нельга было казаць — ні публічна, ні на кухнях, піша «Новы Час».
Спачатку было слова, і слова гэтае дало найменне прадметам, з’явам, дзеянням, пачуццям. Авалодаўшы словам, чалавек змог кіраваць сабой і іншымі — загадваць, прасіць, пагражаць і ўгаворваць. Спасцігнуўшы сэнс слова, ён навучыўся падманваць — прыдумляць іншыя сэнсы, падмяняць дэталі, недагаворваць, выбіраць больш цьмяныя словы і хаваць галоўнае за красамоўнымі выразамі. Недзе паміж гэтым — паміж выдуманымі гісторыямі, прыгожымі фразамі і ўладай над розумам — з’явілася літаратура.
Не адно стагоддзе спатрэбілася чалавеку, каб захацець расказаць непрыдуманую гісторыю — словамі, якія будуць мець толькі свой сэнс і азначаць тое, што яны азначаюць. Нон-фікшн стаў неўміручым сведкам часу, гатовым даваць паказанні ў любы момант. І гэтым ён карысны перш за ўсё: нашы словы, якія не блытаюцца ў павуціне іншасказанняў, будуць сведчыць пра наш час, нават калі мы самі ўжо не зможам.
У гэтым сэнсе «Чырвоная ўтопія» нобелеўскай лаўрэаткі і сённяшняй юбіляркі Святланы Алексіевіч — пратакол цэлай эпохі, якая адыходзіць у нябыт, але ўсё яшчэ адчайна супраціўляецца смерці, і ў гэтым супраціўленні грызе глоткі ўсім, хто трапляецца пад руку. Вялікая, тытанічная праца пісьменніцы, нягледзячы на найвышэйшую літаратурную ўзнагароду, па-ранейшаму застаецца неацэненай належным чынам — і яе варта перачытаць наноў праз прызму сённяшніх падзей.
Святлана Алексіевіч пісала сваё доўгае і трывожнае папярэджанне дзясяткі гадоў — і ўвесь гэты час атрымлівала ад суайчыннікаў кілаграмы атруты і злосці за тое, што ў святым арэоле «вялікай краіны», якой для многіх быў і застаецца Савецкі Саюз, пачалі з’яўляцца плямы. Нішто не магло кампенсаваць гэту страшную крыўду — ні з’яўленне жаночых галасоў у наратыве пра Другую сусветную вайну, ні раскрытая праўда пра Афганістан (куды, дарэчы, маладая пісьменніца паехала сама), ні поўны болю аповед пра чарнобыльскую трагедыю, ні нават першы ў краіне «нобель».
Амаль 8 гадоў таму імя Алексіевіч і назва краіны пад белымі крыламі загучалі па ўсім свеце. Гучаць і цяпер — але ўжо ў сувязі з тым, што папярэджанне, выказанае аўтаркай, спраўдзілася: тэрор вярнуўся — прычым нават асабліва не мяняючы формы.
Яна не хацела маўчаць. У часы, калі затыкалі раты і ўсімі сродкамі хавалі праўду, Алексіевіч давала шанец галасам, якія расказвалі тое, пра што нельга было казаць — ні публічна, ні на кухнях. Пры гэтым сама яна заставалася ў цені, хавалася паміж радкамі, абзацамі і ў знаках прыпынку, у назвах і загалоўках, толькі зрэдчас падавала голас са старонак уласных кніг: «Я ўсё жыццё — на барыкадах, я хацела б сысці адтуль. Навучыцца радавацца жыццю. Вярнуць сабе нармальны зрок. Але дзясяткі тысяч людзей зноў выходзяць на вуліцы. Бяруцца за рукі. У іх белыя стужачкі на куртках. Сімвал адраджэння. Святла. І я з імі» (з кнігі «Час сэканд-хэнд»).
Такі шлях у беларускай набеліяткі — збіраць святло і цемру па адным ёй вядомым рэцэпце і рабіць з гэтага кактэйль з жудасці і любові, які нікога не пакіне абыякавым. Даволі небяспечная справа, трэба заўважыць, бо любы перавес у бок зла, любая нястача дабра могуць сыграць злы жарт і з творамі, і з іх аўтаркай, але ў Святланы Алексіевіч атрымалася застацца на светлым баку.
Раней мы вымяралі вядомых асоб па іх стаўленні да беларушчыны. Ужо трэці год як лінія «свой / чужы» («варты / няварты») цягнецца ўздоўж пратэстаў — праз рэпрэсіі, турмы і палітвязняў. Святлана Аляксандраўна была адной з тых, хто гатовы быў узяць на сябе адказнасць за лёс краіны. Пад пагрозай пераследу яна ўвайшла ў склад Каардынацыйнай рады і застаецца там дагэтуль — а гэта азначае, што яна гатова дзейнічаць, калі прыйдзе час.
У 1985 годзе пісьменніца выдала кнігу «У вайны не жаночае аблічча» — аповед пра жанчын на вайне, актыўных удзельніц абароны свайго дома ад нямецкіх прыхадняў, пасля прачытання якога некаторы час амаль немагчыма глядзець на людзей — амаль так, як немагчыма глядзець на сонца. У 2021 годзе філосафка Вольга Шпарага выдала кнігу «У рэвалюцыі жаночае аблічча. Выпадак Беларусі» — з відавочнай адсылкай да кнігі-папярэдніцы, якая такім чынам атрымала свой працяг, як атрымала працяг і жаночая гісторыя, зафіксаваная ў кнізе. Гісторыя змагання з гвалтам і несправядлівасцю, змагання за права быць на сваёй зямлі шчаслівымі.
«Чырвоную ўтопію» можна было б назваць «Чалавечай трагедыяй» — трагедыяй чалавецтва, якое прыдумала гвалт і войны, і асобнага чалавека, які зрабіўся ахвярай чужой гульні. Апагеем гэтай «трагедыі» павінна была стаць кніга «Час сэканд-хэнд» — не толькі пра генацыд армян у Азербайджане, ксенафобію і расізм у сучаснай Расіі і пакуты людзей пасля тэракту ў мінскім метро. Гэта кніга пра нянавісць, якую спараджае сістэма, выхоўваючы ілюзію «звышчалавека» ў асобе, пра скалечаныя лёсы, бясконцыя пакуты, самагубствы і забойствы. «Час сэканд-хэнд» мусіла паставіць кропку ў «пяцікніжжы гвалту», дзе сабрана ўсё, што людзі могуць рабіць адно з адным. Але сам час вырашыў паказаць на прыкладзе падзей апошніх гадоў, што кропку ставіць яшчэ рана.
Чырвонай стужкай праз гэта пяцікніжжа праходзіць адна і тая ж думка, яскрава выказаная ў «Цынкавых хлопчыках»: «Права чалавека не забіваць. Не вучыцца забіваць. Ні ў адной канстытуцыі не запісанае».
Алексіевіч ставіць на першае месца жыццё — і ў гэтым найвялікшая каштоўнасць яе працы. Той, што яна рабіла дзесяцігоддзямі, і той, што яна робіць зараз. Як вядома, цяпер набеліятка піша кнігу пра любоў — і можна быць упэўненымі, што гэта тая самая кніга, якой не хапае ў яе энцыклапедыі гвалту. Таму што ў наратыве пра вайну ёсць безліч кніг пра вайну, але, відаць, ні адна з іх не гаворыць пра мір. А нам трэба вучыцца менавіта гэтаму.
Адной з самых важных пісьменніц нашых дзён сёння спаўняецца 75. Чалавек у любым свядомым узросце падводзіць мяжу пад пражытым і здзейсненым, але хочацца пажадаць Святлане Аляксандраўне не ставіць аніякіх меж. Няхай часу і сіл хапае на ўсё задуманае, хай талент слухаць і чуць і майстэрства ствараць дапамагаюць у здзяйсненні творчых планаў. Хочацца таксама пажадаць, каб у кнізе пра любоў, як і ў папярэдніх кнігах, гучаў голас аўтаркі — і каб гэта была гісторыя пра перажытае і спасцігнутае шчасце.