Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па міжнародных пытаннях Валерый Кавалеўскі вярнуўся з працяглага турнэ ў ЗША, Бельгію, Швецыю, Славакію, Польшчу, піша «Новы Час». І хоць галоўнай тэмай візіту стала яшчэ большая пагроза незалежнасці Беларусі, выкліканая размяшчэннем ядзернай зброі, Валерый Кавалеўскі прывёз навіны пра новы беларускі пашпарт.
Беларусы, якія апынуліся ў выгнанні пасля 2020 года, сутыкнуліся з праблемай, калі рэжымныя консульствы ці амбасады адмаўляліся абменьваць ім пашпарты, у якіх закончыўся тэрмін дзеяння.
Каманда Святланы Ціханоўскай рызыкнула вырашыць праблему, узяўшыся за распрацоўку новага беларускага пашпарта і перамовы па яго прызнанні.
Гэты дакумент мусіць вырашыць тры надзённыя праблемы:
- пацвердзіць грамадзянства беларусаў у выгнанні;
- быць прыдатным для паездак, для выкарыстання ў банках ці для паўнацэннай жыццядзейнасці ў чужой краіне;
- не даць рэжыму магчымасці кантраляваць жыццё беларусаў нават па-за межамі Беларусі.
Каманда Ціханоўскай называла дэдлайн для запуску праекта — ліпень 2023 года.
«Новы Час» запытаўся ў Валерыя Кавалеўскага: на якой стадыі знаходзіцца рэалізацыя праекта?
— Мы вырашалі тэхнічныя пытанні з пашпартам. Зараз мы працуем над пачаткам вытворчасці ўзораў для дакументаў, пераходзім ужо да новага этапу. Гэта зойме трохі больш часу — гэта ўжо вытворчы працэс, які можа заняць некалькі месяцаў, — кажа Валерый Кавалеўскі.
— Не так даўно запуск праекта ўпіраўся ў адну тэхнічную праблему — выкарыстанне кода краіны ў пашпарце адной з краін Еўрапейскага Звяза. Ці вырашылі праблему?
— Рашэнне праблемы ўжо ёсць. Цяпер нам трэба дамагацца прызнання гэтага дакумента як прыдатнага для міжнародных паездак.
Валерый Кавалеўскі назваў «невялікім сакрэтам» месца, дзе будуць друкавацца новыя пашпарты. Але вядома, што яны будуць друкавацца ў Еўразвязе.
І самае галоўнае пытанне: калі беларусы змогуць атрымліваць новыя пашпарты?
— Мы так далёка не заглядваем, таму што існуюць пытанні, вырашэнне якіх не ў поўнай ступені залежыць ад нас. Мы кажам хутчэй пра месяцы, чым пра тыдні. Зараз мы вырашаем пытанні, звязаныя з распрацоўкай узораў пашпарта і прызнаннем дакумента краінамі Еўразвяза і Шэнгенскай зоны, — паўтарыў Валерый Кавалеўскі.