У траўні топ-10 беларускіх YouTube-каналаў, як вынікае з маніторынгу, які праводзілі эксперты Infopolicy.biz, узначалілі дзяржаўныя СМІ. Аднак тут ёсць «але». У гэтай топ-дзясятцы пераважае не беларуская, а расійская аўдыторыя. Дзіўна?
Для прыкладу: 58,47% аўдыторыі YouTube-канала дзяржагенцтва БЕЛТА, які заняў першы радок рэйтынгу, складаюць гледачы з Расіі, і толькі 11,46% — з Беларусі. Больш за ўсё беларусаў глядзяць канал «АНТ» — 24,46%.
У сваю чаргу, беларуская аўдыторыя YouTube-каналаў беларускіх незалежных медыя часцяком складае больш за 60 адсоткаў.
То-бок беларускія дзяржСМІ глядзяць пераважна расійцы. «Філін» абмеркаваў гэты парадокс з псіхолагам Уладзімірам Янчуком.
— Чым так прыцягвае расійскую аўдыторыю інфармацыйны прадукт беларускага афіцыёзу?
— Казаць гэта можа пра адно. Наогул, расійскай аўдыторыі, тым больш аўдыторыі, арыентаванай на ўласную выключнасць і права яе падтрымліваць усімі магчымымі сродкамі, у тым ліку і вайной, трэба хоць нейкае знешняе пацвярджэнне таго, у што ёй хочацца верыць.
Гады «прамывання мазгоў» не прайшлі бясследна, выяўляючыся ў тым, што свядомасць масавага расіяніна моцна каналізавана на прыняцце жаданага і ігнараванне нежаданага. У гэтым кантэксце беларускія дзяржСМІ ўяўляюць, напэўна, адзіную рускамоўную аддушыну.
Шмат у чым яны капіруюць масмедыя «старэйшага брата», у выніку і расійскі спажывец атрымлівае шуканае пацвярджэнне таго, што ён не знаходзіцца ў адзіноце.
Гэта той самы эфект самапацверджаных прароцтваў, які якраз і выяўляецца ў пошуку пацвярджэння ўласных ілюзій.
Да таго ж і «СВА» выклікае ў расійскай аўдыторыі ўсё больш і больш турбот, бо цалкам пазбегнуць трывожнай інфармацыі не атрымліваецца пры ўсім старанні. А тут, аказваецца, і афіцыёзныя беларусы граюць на той жа дудзе пра «паганых імперыялістаў», якія мараць паквапіцца на Сінявокую або Расію-матухну.
— А тое, што дзяржпрэса Беларусі часта перадрукоўвае і спасылаецца на расійскі афіцыёз, становіцца дадатковым прывабным фактарам для гэтай часткі расійцаў? Маўляў, глядзіце, беларусы думаюць сапраўды гэтак жа, як і мы.
— Цалкам справядліва. Паўтаруся, гэта знаходжанне пацвярджэння ўласнай праваты звонку. У іншых крыніцах яго знайсці складана. І наогул наўрад ці магчыма.
Таму яны знаходзяць адзін аднаго, падтрымліваюць, умацоўваюць ва ўласных памылках. І тым самым захоўваюць гэту інфармацыйную бурбалку.
— У той жа час чытацкае кола незалежных СМІ скарачаецца. Гэта натуральны працэс?
— Гэта абсалютна непазбежная і нармальная сітуацыя. Калі казаць пра былых калег, то раней многіх з іх трымаў заробак. А грошы, як кажуць, не пахнуць. А калі чалавеку ўдалося пераадолець гэту залежнасць, то душэўны спакой пры пэўных умовах становіцца значна больш важным, чым знаходжанне ў пастаянна узбуджаным стане.
Аўдыторыя адаптавалася, яна не жадае дадатковых крыніц эмацыйнага напружання. І яна капсулюецца, зачыняецца ва ўласным мікрасвеце. Не пазбягаюць гэтай долі і прафесіяналы, якім ладна паднадакучыў гэты шалёны рытм пастаяннага пошуку «смажаных фактаў». Людзям спакайней жыць ва ўласнай камфортнай інфармацыйнай бурбалцы.
Асноўная задача прапаганды якраз і заключаецца ў ператварэнні аўдыторыі ў бяздумную стымульна-рэактыўную машыну, якая аўтаматычна выконвае навязаныя ёй ацэнкі і рашэнні.
Каб гэтага не адбылося, неабходна прапаноўваць чалавеку думаць і прымаць разумовыя рашэнні. Шукаць і знаходзіць тлумачэнні, звяртаючыся да розных крыніц.
Не забывайце і пра тое, што ўлада невыпадкова закрывае альтэрнатыўныя інфармацыйныя рэсурсы, якія даюць магчымасць азнаямлення з альтэрнатыўным пунктам гледжання. А калі такіх пунктаў гледжання некалькі, у чалавека з’яўляецца магчымасць рабіць уласны выбар.
Іншая справа, што праца гэтая няпростая. Для яе эфектыўнага правядзення неабходна ўяўляць, якія пытанні для аўдыторыі актуальныя, што яна шукае, у чым сумняваецца. Вучыце разважаць і выказвацца, не забываючы пра тое, што чалавек жыве не палітыкай адзінай, а і проста бытавым жыццём.
Трэба трымаць руку на пульсе і не станавіцца закладнікам дамінантнай тэмы. Як я ўжо казаў раней, людзі ўжо стаміліся ад пастаяннага напружання, ім хочацца спакою ў штодзённым жыцці, проста мірна жыць.
— Некаторых чытачоў раздражняе, калі на адной старонцы суседнічаюць навіна аб чарговай смертаноснай ракетнай атацы і рэцэпт пірага на пару з аглядам новых серыялаў. Ці дарэчы такое суседства? Дый наогул — падкрэслена забаўляльныя навіны на фоне вайны і рэпрэсій?
— У ідэале — не дарэчы, а ў рэаліі — цалкам. Як гэта ні сумна, людзі ўжо адаптаваліся і да смерцяў, і да вайны, і да рэпрэсій. Бо зрабіць што-небудзь з імі асобна ўзяты чалавек не можа, дык ён знаходзіць выйсце з дапамогай зніжэння значнасці такога роду падзей і фактаў.
Хваравіта рэагуюць толькі асобы, цалкам залучаныя ў гэтыя інфармацыйныя бурбалкі, літаральна нашпігаваныя падзараднымі фактарамі і без таго перанасычаныя ўзбуджэннем. Свет для іх становіцца цалкам экстрэмальным. Але такога роду экзальтантаў становіцца ўсё менш і менш, бо немагчыма пастаянна знаходзіцца ва ўзбуджаным стане. Таму мне здаецца, што трэба і тое, і іншае. Дамінантная тэма актуальная ў момант падзеі.
Як толькі нешта адбылося, вы проста абавязаны дэманстраваць пазіцыю, даносячы да аўдыторыі тое, што вам здаецца важным. Як кажуць, старацца схаваць афіцыёз. У такі момант, сапраўды, канцэрты недарэчныя.
А пасля гэтага — даваць каментары, і абавязкова падтрымліваць сувязь з жыццём, падтрымліваць здольнасць да разважання і прыняцця ўзважаных рашэнняў. Таму трэба і тое, і другое. Так што — не экстрымам адзіным.
novychas.online паводле gazetaby.com