Пакуль лінія працуе ў тэставым рэжыме. Супрацоўніцы анлайн-лініі «Алівія» гатовыя аказаць неабходную інфармацыйную, псіхалагічную і прававую дапамогу.
«Алівія» зможа дапамагчы тым жанчынам, якія жывуць у сітуацыі хатняга гвалту, адчуваюць пастаянны кантроль з боку свайго партнёра, які прыніжае і пагражае расправай.
«Алівія — ваша сяброўка для давернай і канфідэнцыйнай размовы. Беларуска, якая сутыкнулася з хатнім гвалтам і пражывае ў Беларусі, Грузіі, Літве, Украіне ці Польшчы, можа звярнуцца да нас», — напісана на сайце.
Кансультацыю можна атрымаць, патэлефанаваўшы ў працоўны час у пэўныя дні або напісаўшы ў мэсэнджар з сайта www.oliviahelp.org.
У панядзелак і сераду з 10.00 да 18.00 па беларускім часе можна будзе атрымаць інфармацыйную і псіхалагічную дапамогу. У аўторак і чацвер з 10.00 да 18.00 аказваецца інфармацыйная і прававая дапамога.
Таксама можна напісаць на анлайн-лінію па электроннай пошце, у тэлеграм, вайберы або ў боце на сайце. Цягам трох працоўных дзён спецыялісткі адкажуць на зварот і пытанні пацярпелай.