Што стаіць за творчасцю людзей? Распавядуць у серыі відэадакументалак

Radio Plato запускае серыю відэадакументалак аб тым, што стаіць за творчасцю людзей.

Першая гісторыя «Questions x Spaces» пра творчую пару — архітэктара Гошу Заборскага і танцавальную мастачку Леру Хрыпач. Пра іх жыццё і творчы шлях, яднанне і кампрамісы, дзяцінства і пошук раўнавагі, клопат пра сябе, натхненне і цікаўнасць, парушэнне правілаў, мурашкі па скуры і сіндром самазванца.

Усе мы маем справу з гэтымі асабістымі і творчымі выклікамі, we are not alone. Не існуе ідэальнага рэцэпту або канчатковага рашэння ўласных праблем, з якімі мы сутыкаемся ў жыцці. Але, у рэшце рэшт, слуханне адно аднаго можа дапамагчы нам знайсці выхад з няўпэўненасці, сумневаў і цемры.

Леру і Гошу мы сустрэлі ва ўбраным у восень Тбілісі, які стаў яшчэ адным героем фільма. А для Леры і Гошы — крыніцай натхнення і месцам, дзе ўвасабляюцца іх праекты.

***
Серыя Radio Plato Documentaries задумана на скрыжаванні тэмаў паўсядзённага жыцця герояў, іх творчых сусветаў і пачуццяў, якія іх знітоўваюць. Мы пачалі працаваць над ёй яшчэ летась. Адразу пасля першага года COVID гэтая ідэя пастаянна лунала. Мы хацелі расказваць гісторыі пра беларускую музычную сцэну, герояў, якія заслугоўваюць больш увагі. Каманда ўжо была створана, мы пачалі здымаць першы фільм, але ў той час ён так і не быў завершаны. Расейскае ўварванне ва Ўкраіну перавярнула ўсё жыццё з ног на галаву…

Праз год мы апынуліся раскіданымі па суседніх краінах, усё яшчэ спрабуючы зразумець «новую нармальнасць». Хто мы, чаму мы тут, што мы павінны рабіць, каб мець розум, чым мы можам дапамагчы? Гэтыя пытанні натхняюць нас рабіць гэты док, а шчырыя развагі герояў кіно, спадзяемся, знойдуць водгук у яго гледачоў і прыгадаюцца ў падобных жыццёвых абставінах.

Фільм быў зняты пры падтрымцы Гётэ-Інстытута ў Тбілісі.

паводле прэс-рэлізу