85 гадоў таму, 17 чэрвеня, у далёкім і чужым Омску быў расстраляны адзін з бацькоў-заснавальнікаў Б*лар*скай Н*родн*й Р*спубл*кі, выбітны навуковец і палітычны дзеяч Аркадзь Смоліч, піша Павел Хадзінскі ў «Новым Часе».
Стварыў першую мапу Беларусі са Смаленскам, Вільняй, Беластокам, Бранскам
На захадзе — Нямеччына, на ўсходзе — Маскоўшчына. Менавіта такія пазначэньні мае гэтая мапа, выдадзеная яшчэ ў 1919 годзе. Стваральнікам яе прызнаецца Аркадзь Смоліч.
Паводле інфармацыі з мапы, яна была дазволеная вайсковай цэнзурай Польшчы 27.09.1919 года і надрукаваная ў літаграфічнай майстэрні «N.Mac i syn» у Вільні. Яна не палітычная, межы Беларусі, як трапна заўважыў Зьміцер Мурашка, пададзеныя вельмі далікатна. Затое на мапе паказаныя вышыні мясцовасьці.
У 1919 годзе Аркадзь Смоліч жыў у Вільні, тут у сакавіку ён выдаў знакамітую «Географію Беларусі» — першы і па сёньня адзін з лепшых падручнікаў па геаграфіі. Межы беларускіх земляў на мапе адпавядаюць межам на схематычных мапах кнігі Смоліча і адрозьніваюцца як ад межаў мапы БНР 1918–1919 года, гэтак і ад межаў мапы Яўхіма Карскага 1903 года. Назвы дзяржаваў і гарадоў у падручніку і на мапе падаюцца практычна аднолькава.
Мапу БНР, падобна, вымалі з кнігаў, да якіх яна ішла дадаткам, і таму ніводнага асобніка гэтай мапы ў Нацыянальнай бібліятэцы няма. Але мапа БНР выходзіла за мяжой, таму захавалася ў большай колькасьці. У ЦНБ Акадэміі навук яна ёсьць у тых выданьнях, што былі перададзены ў 1980-я эмігрантамі.
Мапе Беларусі Аркадзя Смоліча, выдадзенай у Вільні, пашанцавала, падобна, менш. На сёньня выяўлена толькі два асобніка, піша Язэп Халецкі.
Двойчы арыштаваны, двойчы рэабілітаваны, аднойчы расстраляны
Арыштаваны 26 чэрвеня 1930 года па справе «Саюза вызваленьня Беларусі». Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 года сасланы на 5 гадоў у Осу Пермскай вобласьці, потым у Ішым Цюменскай вобласьці. Вызвалены ў жніўні 1935 года.
Пасьля заканчэньня тэрміну адміністрацыйнай высылкі ў 1935 года навуковец жыў у Цюменскай вобласьці, працаваў у райкалгассаюзе, выкладаў геаграфію ў жывёлагадоўчым тэхнікуме, чытаў лекцыі на курсах удасканаленьня настаўнікаў.
Зноў арыштаваны 17 чэрвеня 1937 года. Паводле рашэньня тройкі УНКВД па Омскай вобласьці прысуджаны да расстрэлу. Расстраляны 17 чэрвеня 1938 у Омску.
Па першым м прысудзе быў рэабілітаваны 10 чэрвеня 1988 года, па другім — 9 лютага 1957 года. Лепш пазьней, чым ніколі, але Аркадзю Смолічу ад гэтага не лягчэй.
Вось як апісвае Аркадзь Смоліч беларускі характар
«Беларус добры гаспадар, шануе капейку, а крыху можа і скупаваты. Гэта не перашкаджае, аднак, яму быць вельмі гасьцінным… Падарожнага ў беларускай хаце вельмі ахвотна прыймуць, накормяць, і не толькі ня возьмуць за гэта платы, але яшчэ й падзякуюць, што зайшоў…»
Міністар сельскай гаспадаркі
У сьнежні 1917 г. Смоліч — удзельнік Усебеларускага зьезду, які абвесьціў у Беларусі дэмакратычна-рэспубліканскі лад. У лютым-сакавіку 1918 г. ён — адзін з ініцыятараў абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі. Як радны Б*лар*скай Н*родн*й Р*спубл*кі ён прымаў удзел у стварэньні акту 25 сакавіка.
У першым урадзе (Народным Сакратарыяце) БНР Смоліч займаў пасаду сакратара асьветы. Каб дамагчыся прызнаньня БНР, выязджаў з дыпляматычнай місіяй у Кіеў, Варшаву, Бэрлін. У лістападзе-сьнежні 1918 па даручэньні ўраду БНР Аркадзь Смоліч знаходзіўся ў Горадні. Пасьля акупацыі Горадні польскімі войскамі пераехаў у Вільню.
Зь лета 1919-га Смоліч — намесьнік старшыні ўраду Антона Луцкевіча, адначасова міністар сельскай гаспадаркі БНР. Пасьля захопу Беларусі савецкімі войскамі летам 1920 Смоліч пераехаў у Горадню, пэўны час працаваў аграномам.
Называў камуністаў злом, але працаваў на іх
У лісьце да Антона Луцкевіча яшчэ ў 1919 годзе пісаў: «Хаця я лічу, што ад большэвізму для краю больш шкоды, чым карысьці, хаця ён моцна прывязуе нас да Масквы, чым гэта хацелася б, але калі ён дасьць магчымасьць шырокай культурнай працы і бароніць пакуль нашае дзяржаўнасьці і галоўнае, калі ён давядзе яе да натуральных рубяжоў — створыць Беларусь аб’яднанаю, якая хоць некалькі месяцаў пражыве супольным жыцьцём Беларусі з Вільняй, Беластокам, Бранскам і Гомелем, дык мы мусім ухваціцца за гэтую ідэю, прызнаць яе нацыянальным заданьнем часу і проста стаць у рады абаронцаў гэтага парадку і ваяваць у гэтых радах хоць бы з усім сьветам.
Наўрад ці хутка нам зьявіцца такая пэрспэктыва. Праўда, гэта крыху рызыкоўна. Але калі згіне савецкая Беларусь, дык не згіне ў нашым народзе гэтая ідэя максымалізму, разам сацыяльнага і нацыянальнага. Народ пра яе не забудзецца праз некалькі пакаленьняў. А пра «Буржуазную Раду» забудуцца, прынамсі гэта больш магчыма. А прышлае палажэньне бальшэвікоў здаецца моцнае /…/ і хто знае, можа ім суджана перамагчы сьвет ці хоць прынамсі ператрываць шлях даўгі час, патроху спакайнеючы і ператвараючыся ў крыху іншыя формы».
Сацыяліст з маладосьці
У 1910 годзе дзякуючы Аляксандру Ўласаву Смоліч далучыўся да Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). У гэтым жа годзе ён з-за ўдзелу ў студэнцкіх хваляваньнях быў звольнены з універсітэта і вымушаны вярнуцца на радзіму, дзе ўладкаваўся спачатку каморнікам, затым тапографам у Лясным бюро Менскага таварыства сельскай гаспадаркі.
Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі Аркадзь Смоліч стаў адным з лідэраў БСГ, ладзіў разнастайныя мерапрыемствы для яднаньня беларускіх нацыянальных сілаў, а ў сьнежні 1917 года ўдзельнічаў ва Усебеларускім зьездзе, разагнаным бальшавікамі.
А ў красавіку 1918 года пасьля распаду БСГ стварыў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, для якой склаў праграму.
Павёўся на «прабачэньне» камуністаў
У жніўні 1922 года ўрад БССР дазволіў Смолічу вярнуцца ў Менск і прызначыў яго загадчыкам плянава-эканамічнага аддзела Наркамата земляробства БССР. Смоліч на той час — адзін з самых дасьведчаных і аўтарытэтных беларускіх спэцыялістаў у галіне эканомікі і аграноміі.
З 1923 года ён — дацэнт, прафэсар і загадчык катэдры ў БДУ. У 1924 годзе пад яго кіраўніцтвам створаныя часопіс «Плуг» і Цэнтральнае бюро краязнаўства.
Смоліч ініцыюе скліканьне напачатку Менскай, а затым і Ўсебеларускай краязнаўчых канфэрэнцыяў, непасрэдна прычыняецца да заснаваньня часопіса «Наш край». У 1924 годзе Аркадзь Смоліч у складзе камісіі Дзяржпляну БССР праводзіць раянаваньне тэрыторыі рэспублікі.
У 1925 годзе Смоліч абіраецца правадзейным сябрам Інстытуту беларускай культуры, намесьнікам яго старшыні. Арганізуе яго навукова-дасьледчую і выдавецкую працу, клапоціцца аб пашырэньні ў сыстэме інстытуту прыродазнаўчых навук. Прыкладае намаганьні для адкрыцьця ў Горы-Горках сельскагаспадарчай акадэміі і Навукова-дасьледчага інстытуту сельскай гаспадаркі і лесаводзтва ў Менску. У 1927 годзе становіцца першым беларускім прафэсарам геаграфіі.
Супрацьпастаўляў беларусам старажытных грэкаў
Цікавы факт адзначыў Васіль Дранько-Майсюк. У лісьце да Зоські Верас у 1914 годзе Аркадзь Смоліч пісаў:
«Ёсьць два найгалаўнейшыя тыпы людзей: людзі розуму і людзі сэрца, ці, як па-вучонаму кажуць, — людзі інтуіцыі. Старожытные грэкі належылі да першага тыпу: для іх матэматычнасьць, лёгіка ў рэчах і зьявах — гэта ўсё, за ўдалым красамоўцам — яны хоць на край сьвету.
Мы — беларусы, належым, здаецца, барджэй што да другога тыпу, хоць можа і ні так выразна гэта выяўляіцца — у іншых славянаў — шмат выразьней. Затым жа да беларусаў можна ісьці з пропаведзяй ні «гаворанай», але толькі перачутай, «бяз словаў, але жывою». Можна паказаць праўду чынам, жыцьцём сваім, можна высловіць яе адным якім выразам найзвычайнейшым, абы толькі ў гэтым выразе вылілася як найболей перачутага, сьвятога.
Натуры чыста інтуітыўныя — яны лёгікі не патрабуюць, яны пераймаюцца ідэяю, запаляюцца ёю — як агонь ад агню — часта праз адзін узгляд, праз нейкае натхненьне. Каб навучаць такіх, павінна толькі мець веру і агонь — энэргію ў сэрцы. /…/ Сярод іх найчасьцей спатыкаюцца фанатыкі».