Саміт NATO у Вільні Беларусі практычна не датычыўся. Але ў тым і справа, што «практычна», бо нават маленькія рысачкі і быццам бы нязначныя падзеі часам вызначаюць будучыню краіны. І такіх рысак насамрэч там было — хоць адбаўляй. І мы сёння трошкі зоймемся сімвалізмам.
Аўтар паважанага мной тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» практычна ў кожным лісце нагадвае пра знак, калі сокалы скінулі пацука на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Бабарыкі і Цапкалы. Што адбылося потым, усім вядома. Такіх знакаў на саміце NATO не было, але было шмат іншых цікавых момантаў.
Вядома, у фокусе ўвагі была вайна ва Украіне. Але, падобна, да многіх у Еўропе нарэшце прыходзіць разуменне, што без Беларусі канфігурацыя бяспекі ў рэгіёне будзе немагчымая.
Лукашэнка пра саміт NATO, — таго самага альянсу, якому ён увесь час пагражаў, і які сабраўся ў поўным складзе за 30 кіламетраў ад беларускай мяжы, — проста маўчаў. Хоць ніколі раней яны так блізка не «ляскалі гусеніцамі» ад Беларусі. І, адпаведна, як мы да гэтага ўжо прывыклі, ролю прэзідэнта краіны ўзяў на сябе іншы чалавек — абраны прэзідэнт Святлана Ціханоўская.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн згадаў Беларусь у выступе ў двары Віленскага ўніверсітэта пасля саміту NATO. «Многія з вас ведаюць, наколькі важна мець магчымасць вызначаць сваю будучыню. Гэта важна для людзей паўсюль. Не толькі ва Украіне. Беларусь, Малдова, Грузія і па ўсім свеце, дзе людзі працягваюць змагацца, каб іх галасы былі пачутыя. Таму мой мэсэдж — працягвайце», — заявіў ён.
Здавалася б, што згадка Беларусі «праз коску», нароўні з іншымі краінамі, можа быць расцэненая як звычайны сімвалічны жэст. Але ў гэтым сімвалізме дастаткова і канкрэтыкі. Тая ж Святлана Ціханоўская сустрэлася з Байдэнам адразу пасля яго выступу. Пры гэтым Ціханоўская была адзінай, каго да прэзідэнта ЗША прапусцілі. І па выніках гэтай сустрэчы яна выказала падзяку кіраўніку супердзяржавы, паведаміўшы, што беларусы могуць разлічваць на падтрымку ЗША.
Гэтую сустрэчу аналітыкі таксама расцанілі, як «сустрэчу ветлівасці», і адзначылі, што яна была не вельмі доўгачасовай.
Але яшчэ раней тая ж Ціханоўская сустрэлася з амерыканскімі сенатарамі, якія таксама прыехалі на саміт. «Амерыканскія сенатары сустракаюцца з тысячамі розных людзей, у тым ліку і з замежнымі палітыкамі, і з дысідэнтамі, з барацьбітамі за правы чалавека, і далёка не з усімі з іх гэта мае нейкія практычныя наступствы», — адзначыў з гэтай нагоды палітычны аналітык Арцём Шрайбман. Але таксама ён дадаў, што амерыканскія сенатары прымаюць законы. У тым ліку і закон ЗША, вядомы нам як «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі». Гэты дакумент, прыняты яшчэ ў 2006 годзе, некалькі разоў абнаўляўся, ён задае рамкі для таго, каб урад ЗША дзейнічаў строга ў яго межах. І гэта мае наступствы на гады наперад.
Калі разглядаць гэтыя «сімвалічныя» словы і сустрэчы супольна, то міжволі ўзнікае пытанне: а ці не занадта шмат «сустрэч ветлівасці» атрымалася ў Ціханоўскай з першымі, а таксама далёка не апошнімі асобамі ў кіраўніцтве найбуйнейшай дзяржавы свету?
Яшчэ адзін палітычны аналітык, Аляксандр Класкоўскі, адзначыў, што на Захадзе ўмацоўваецца спецыфічны падыход да беларускага пытання: маўляў, Сінявокая цяпер дэ-факта страціла незалежнасць і з’яўляецца яшчэ адной губерняй Расіі. А такі падыход — тая ж памылка, якую ЗША і дэмакратычны свет здзейснілі ў 1991-1993 гадах, разглядаючы Беларусь выключна праз прызму Расіі. Яны абстрагаваліся ад беларускіх праблем, не надавалі ўвагі нашай краіне, а ў выніку атрымалі вельмі вялікі галаўны боль. Прычым, стратэгіі адносна Беларусі ў іх няма дагэтуль.
І вось сустрэчы Ціханоўскай з Байдэнам паказваюць памылковасць такога падыходу. «Нават такія сімвалічныя сустрэчы вельмі важныя, бо Амерыка — самая моцная краіна Захаду, лідар NATO, краіна з вялікімі рэсурсамі. І ад пазіцыі яе палітыкаў, ад разумення сутнасці беларускай праблемы вельмі шмат залежыць у плане перспектыў пераменаў у Беларусі», — зазначыў Класкоўскі.
Такім чынам Ціханоўская робіць усё, каб Беларусь як самастойная дзяржава не сыходзіла з парадку дня сусветнай супольнасці. Прыкладна гэтым павінен займацца прэзідэнт.
А што рабілі ў гэты час асобы, якія лічаць сябе беларускай уладай? Лукашэнка адправіўся паглядзець рабатызаваную ферму. Мы ведаем, што сельская гаспадарка, надоі і ўкосы — гэта яго ўзровень. А астатнія?
Тут складваецца ўражанне, што беларускія чыноўнікі пакутуюць рэдкай формай мазахізму.
Усе ведаюць, што ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе перададзеныя дакументы, якія «падводзяць пад манастыр» Лукашэнку праз вываз украінскіх дзяцей у Беларусь. Але пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты сустрэўся на тыдні з упаўнаважанай пры прэзідэнце Расіі па правах дзіцяці Марыяй Львовай-Бяловай, з якой абмеркаваў «магчымае гуманітарнае садзейнічанне Рэспублікі Беларусь у праводзімай расійскім бокам працы па рэабілітацыі і рэсацыялізацыі дзяцей і падлеткаў».
Львова-Бялова — тая самая, у дачыненні да якой ужо выдадзены ордэр МУС у Гаазе на арышт паводле абвінавачання ў незаконнай дэпартацыі дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны, нароўні з Уладзімірам Пуціным. І вось варта гэта абмяркоўваць з ёй цяпер, калі Гаага прыглядаецца да Лукашэнкі, непасрэднага шэфа Крутога?
Генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў прыехаў у акупаваныя ўкраінскія гарады Марыупаль і Лісічанск, дзе і прызнаўся ў садзейнічанні фонду Аляксея Талая, які, ізноў жа, пад патранатам Лукашэнкі незаконна вывозіў украінскіх дзяцей у Беларусь. І мала таго, ён быў у вопратцы з шаўронам з літарай «Z» — сімвалам расійскай акупацыі.
Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа», на хвіліначку, з’яўляецца часткай Міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. Шаўцоў, такім чынам, у чарговы раз падставіў уплывовы міжнародны рух, у якога ўжо былі праблемы з-за падтрымкі БТЧК рэжыму Лукашэнкі і ўдзелу ў фальсіфікацыі выбараў. Цяпер застаецца глядзець, ці пабачылі гэты візіт украінцы, і што яны скажуць з гэтай нагоды ў дачыненні да Чырвонага Крыжа.
ПВК «Вагнер» учора выехала з палявых лагераў. Расійскія мілітары-блогеры заўважылі ў калоне аўтобусы з беларускімі нумарамі. З аднаго боку, гэта можа сведчыць пра пункт прызначэння. А з іншага — пра тое, што ўлады Беларусі падтрымалі «Вагнер» матэрыяльна. А гэтая ПВК у некаторых краінах прызнаная тэрарыстычнай арганізацыяй.
Увесь свет разумее «падтрымку тэрарызму» не так, як гэта разумеюць у Беларусі. І таму нехта недзе можа паставіць насупраць РБ яшчэ адну заўвагу — «краіна, што падтрымлівае тэрарызм».
Вектар руху і адных сіл, і іншых, зразумелы цалкам. Але палітыку тых, хто называе сябе цяпер уладамі Беларусі, інакш як самагубнай не назавеш. Яны дэманстратыўна супрацьпастаўляюць сябе ўсяму астатняму свету — і наўрад ці з гэтага выйдзе нешта добрае.
Яшчэ ў савецкі час казалі: калі ты плюнеш у калектыў, ён утрэцца. А калі калектыў плюне ў цябе — ты патонеш. Нашы ўлады, падобна, і на савецкія показкі забыліся, і выплываць нават не плануюць.