15 ліпеня ў Мінску, у храме душпастырскага цэнтра святога Праведнага Язэпа, перад сабранымі святарамі і вернікамі Грэка-каталіцкай (уніяцкай) Царквы, адбылося абвяшчэнне Апостальскай адміністратуры для грэка-католікаў у Беларусі.
У прысутнасці Апостальскага нунцыя ў нашай краіне арцыбіскупа Антэ Ёзіча, быў прачытаны Дэкрэт Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў ад 30 сакавіка, у якім абвяшчаецца пра заснаванне, пастановай Рымскага Пантыфіка Папы Францішка, Апостальскай адміністратуры для вернікаў Каталіцкага Касацёла візантыйскага абраду і прызначэнні Высокадастойнага архімандрыта Сяргея Гаека Апостальскім адміністратарам. Згодна з патрабаваннямі канонаў, Сяргей Гаек заняў пасаду ардынарыя Апостальскай Адміністратуры.
У супольнай малітве з гэтай нагоды ўзялі ўдзел Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і іншыя прадстаўнікі рыма-каталіцкага епіскапату ў нашай краіне.
Сабраныя на малітве вернікі разам з іерархамі маліліся за Папу Францішка, за Касцёл, за супакой і еднасць у нашай краіне і ва ўсім свеце, за ўсіх людзей добрай волі, паведамляе сайт Catholic.by.
Уніяцкая Царква ў Беларусі з’явілася ў выніку Берасцейскай царкоўнай уніі (1596 года). У 1839 годзе ў выніку рэалізацыі плану па ліквідацыі Уніі ў Расійскай імперыі яна была знішчана і далучаная да Рускай Праваслаўнай Царквы.
Пасля выдання ўказу пра верацярпімасць у Расійскай імперыі ў 1905 годзе больш за сто дваццаць тысяч вернікаў, некалі запісаных з уніятаў у праваслаўныя, а таксама іх нашчадкі перайшлі ў каталіцтва лацінскага абраду (адраджаць уніяцтва было па-ранейшаму забаронена).
Тым не менш, ужо на пачатку XX ст. былі першыя спробы адраджэння Уніі ў Беларусі, яшчэ да Першай сусветнай вайны.
Пасля Другой сусветнай вайны і гвалтоўнай ліквідацыі Грэка-Каталіцкай Царквы ў 1946 годзе яе структур у Беларусі афіцыйна не існавала, хаця працягвалася жыццё ў падполлі. Час ад часу ў Беларусь прыязджалі ўкраінскія манахі-базыльяне, якія дзейнічалі ў падполлі і таемна служылі набажэнствы на кватэрах у сем’ях вернікаў і ў касцёлах (Лагішын, Слонім). У Пінску пры касцёле служылі некалькі грэка-каталіцкіх манахіняў з Задзіночання Сясцёр «Дзеці Марыі».
11 сакавіка 1989 года ў Мінску ў Кальварыйскім касцёле айцец Аляксандр Надсан адслужыў першую за 150 гадоў (пасля 1839 года) публічную каталіцкую багаслужбу ў візантыйскім абрадзе па-беларуску. Гэты дзень лічыцца пачаткам адраджэння рэлігійнага і малітоўнага жыцця Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі.